ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 39, 8–14 (гр. 6–11) Напоўніцца духам мудрасці
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Калі вялікі Пан пажадае, ён напоўніцца духам мудрасці, як дождж, пралье словы мудрасці сваёй і ў малітве будзе дзякаваць Пану. Сам будзе накіроўваць сваёй намеры і ўменне і разважаць над таямніцамі Пана. Ён пакажа мудрасць вучэння свайго і будзе хваліцца законам запавету Пана. Шмат хто праславіць разважнасць яго, і ён ніколі не будзе забыты. Памяць пра яго не знікне, а яго імя будзе жыць у многіх пакаленнях. Народы будуць гаварыць пра ягоную мудрасць і абвяшчаць яго хвалу на сходзе. Пакуль будзе жыць, яго імя праславіцца, як тысяча іншых, а калі спачне, яшчэ больш павялічыць сваю славу.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 5, 7–9 Навучыўся паслухмянасці і стаў прычынаю вечнага збаўлення
Чытанне паслання да Габрэяў.
Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў. І, будучы дасканалым, стаў для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4–9 Што беззаганнае — пра гэта думайце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4–9 Што беззаганнае, пра гэта думайце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 3, 16–21 Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Сыне чалавечы, Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля. Калі пачуеш слова з Маіх вуснаў, будзеш асцерагаць іх ад Майго імя. Калі Я скажу грэшніку: Напэўна памрэш, — а ты не асцеражэш яго і не скажаш, каб асцерагчы грэшніка ад яго грэшных паводзін дзеля ратунку ягонага, гэты грэшнік памрэ са сваёй віны, але за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш грэшніка, а ён не адвернецца ад свайго беззаконня і грэшных паводзін, ён памрэ са сваёй віны, але ты ўратуеш сваё жыццё.
Калі ж Я пастаўлю справядлівага перад выпрабаваннем, а ён адвернецца ад праведнасці сваёй і ўчыніць беззаконне, то ён памрэ, бо ты не асцярог яго ад граху ягонага. І справядлівыя справы яго, якія рабіў, забудуцца, а за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш справядлівага, каб ён не грашыў, і ён не зграшыць, то напэўна і ён будзе жыць, бо ты асцярог яго, і ты сам ўратуеш сваё жыццё.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 5, 1–4а Пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць
Чытанне кнігі прарока Міхея.
Так кажа Пан:
А ты, Бэтлеем-Эфрата, найменшы ты сярод плямёнаў Юды. З цябе выйдзе для Мяне той, хто будзе Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго спрадвеку, ад вечных дзён. Таму Пан пакіне іх да часу, пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць. Тады рэшта братоў Ягоных вернецца да сыноў Ізраэля. І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана, у велічы імені Пана Бога свайго. І яны будуць жыць бяспечна, бо тады Ён будзе ўзвялічаны аж да межаў зямлі. І будзе Ён спакоем.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 52, 13–53, 12 Ён зранены быў за беззаконні
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана?
Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.
Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.
Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.
Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.
Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.
Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 14, 2–10 Не будзем больш казаць «нашы багі» пра справы нашых рук
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Так кажа Пан:
Вярніся, Ізраэль, да Пана Бога свайго, бо ўпаў ты ў беззаконні сваім. Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да Пана. Скажыце Яму: Прабач усё беззаконне, а добрае прымі, і мы адплацім ахвярай нашых вуснаў. Асірыя не ўратуе нас, мы больш не будзем ездзіць на конях, не будзем больш казаць «нашы багі» пра справы нашых рук, бо ў Цябе сірата знойдзе спагаду.
Я вылечу іхнюю нявернасць, сардэчна палюблю іх, бо адвярнуўся ад іх Мой гнеў. Я буду для Ізраэля нібы раса. Ён расквітнее, як лілея, і пусціць карані свае, як Лібан. Разрастуцца галіны яго, і краса ягоная будзе як у алівы, а пах яго — нібы ад Лібана.
І вернуцца тыя, хто сядзеў у ягоным цені, і ажывуць, як зерне, расквітнеюць, як вінаград, і будуць згадваць пра яго, як пра лібанскае віно. Эфраім, якая табе справа да ідалаў? Я пачую і дагледжу цябе. Буду як зялёны кіпарыс, ад Мяне будзе твой плод. Хто мудры, няхай гэта зразумее, хто разумны, няхай ведае гэта. Бо простыя шляхі Пана, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, а грэшнікі на іх спатыкнуцца.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 37, 3–4. 12–13а. 17b–28 Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго
Чытанне кнігі Быцця.
Ізраэль любіў Юзафа больш за ўсіх сваіх сыноў, бо ён быў сынам, народжаным у ягонай старасці. І зрабіў яму доўгую рознакаляровую вопратку. Браты ж ягоныя ўбачылі, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў ягоных, і ўзненавідзелі яго так, што не маглі нават спакойна размаўляць з ім.
І пайшлі браты ягоныя пасвіць статкі бацькі свайго ў Сіхем. Ізраэль жа сказаў Юзафу: Ці не пасвяць браты твае ў Сіхеме? Ідзі, я пасылаю цябе да іх. І пайшоў Юзаф за сваімі братамі, і знайшоў іх у Датаіне.
Яны ўбачылі яго здалёк і, перш чым ён наблізіўся да іх, змовіліся забіць яго. Яны гаварылі адзін аднаму: Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго, і кінем яго ў якую-небудзь яму, і скажам: Дзікі звер з’еў яго. Тады паглядзім, што будзе з ягонымі снамі.
Калі пачуў гэта Рубэн, выратаваў яго з рук іхніх, кажучы: Не будзем губіць жыцця ягонага. І сказаў ім Рубэн: Не пралівайце крыві, але кіньце яго ў гэту яму, што ў пустыні, і не падымайце на яго сваіх рук. А сказаў гэта, таму што хацеў выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць ягонаму бацьку.
Калі ж Юзаф прыйшоў да сваіх братоў, яны знялі з Юзафа шаты, рознакаляровую вопратку, якая была на ім. Пасля схапілі яго і кінулі ў яму. Яма ж была пустая, і ў ёй не было вады.
Пасля селі з’есці хлеба. І падняўшы вочы свае, убачылі караван ізмаэлітаў, якія ішлі з Гілеаду, і вярблюдаў іхніх, якія неслі жывіцу, бальзам і ладан. Ішлі яны ў Егіпет. Тады сказаў Юда братам сваім: Якая карысць нам, калі мы заб’ём брата свайго і схаваем ягоную кроў? Хадземце, прададзім яго ізмаэлітам і не будзем падымаць на яго сваіх рук, бо гэта брат наш і наша цела. І браты паслухаліся яго.
Калі мадыянскія купцы праходзілі побач, яны выцягнулі Юзафа з ямы і прадалі яго ізмаэлітам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі Юзафа ў Егіпет.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 15, 7–2Дз 15, 22–31 Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:
Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.
Пасланцы прыйшлі ў Антыёхію і, склікаўшы людзей, аддалі ліст. Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму заахвочванню.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 20, 10–13 Пан са мною, як магутны волат
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Я чуў пагалоскі многіх: Страх навокал! Выкрыйце, і мы выкрыем яго! Усе, што былі ў згодзе са мною, чакаюць падзення майго: Можа, удасца, – яны кажуць, – падмануць яго, тады пераможам яго і адпомсцім яму. Але Пан са мною, як магутны волат, таму ганіцелі мае спатыкнуцца і скарáцца. Пасаромяцца сваім падзеннем, і будзе ім вечная і непазбыўная ганьба. Пане Магуццяў, які выпрабоўваеш праведніка, Ты глядзіш на задумы і сэрца, прашу, каб я ўбачыў Тваю помсту над імі, бо я адкрыў Табе сваю справу. Спявайце Пану, праслаўляйце Пана, бо Пан уратаваў жыццё беднага ад рукі злачынцаў. Гэта слова Божае.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 25, 13b–21 Павел сцвярджае пра памерлага Езуса, што Ён жывы
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста. Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека. Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння. Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.
Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень сеў у трыбунале і загадаў прывесці таго чалавека. Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не ўнеслі супраць ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў. Яны спрачаліся з ім пра іх веру і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.
Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта. Калі ж Павел пажадаў, каб яго справу разглядаў Аўгуст, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 11, 18. 21b-30 Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Паколькі многія хваляцца паводле цела, я таксама буду хваліцца. Калі хто адважваецца нечым хваліцца, то, кажучы неразважліва, адважуся і я.
Яны габрэі? І я. Яны ізраэльцяне? І я. Яны патомства Абрагама? І я. Яны слугі Хрыста? Нібы шалёны кажу: Я больш. Больш у працы, больш у цямніцах, у ранах празмерных і шмат разоў пры смерці. Ад юдэяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго. Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні. Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў, у працы і знясіленні, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у холадзе і галечы.
Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах. Хто знемагае, а я не знемагаю? Хто ўпадае ў грэх, а я не палаю? Калі мне трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 11, 1–4. 9–18. 20 Намасцілі Яаса і крычалі: Няхай жыве кароль!
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Аталія, маці караля Ахозія, калі ўбачыла, што сын яе памёр, паўстала і знішчыла ўсё каралеўскае патомства. Але Ясаба, дачка караля Ярама, сястра Ахозія, узяла Яаса, сына Ахозія, і выкрала яго сярод сыноў каралеўскіх, якіх забівалі, і карміліцу ягоную. Каб не забілі, схавала яго ад Аталіі ў спальны пакой. І хавалі яго з карміліцаю ў доме Пана шэсць гадоў. Тым часам Аталія валадарыла ў краіне.
У сёмы год Ёада паслаў узяць сотнікаў карыйскіх і бегуноў, прывёў іх да сябе ў дом Пана. Заключыў з імі дамову і прыняў ад іх клятву ў доме Пана, і паказаў ім каралеўскага сына.
І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў святар Ёада, і ўзялі кожны сваіх людзей, якія прыходзяць у суботу, з тымі, якія адыходзяць у суботу, і прыйшлі да святара Ёада. Ён раздаў сотнікам дзіды і шчыты караля Давіда, якія былі ў доме Пана. І сталі бегуны вакол караля, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, ад правага боку святыні да левага боку святыні насупраць ахвярніка і святыні. І вывеў ён каралеўскага сына, і ўсклаў на яго дыядэму і даў сведчанне. І каранавалі яго, і намасцілі, і, пляскаючы ў далоні, усклікалі: Няхай жыве кароль!
Калі Аталія пачула голас народа, пайшла да народа ў дом Пана і ўбачыла, што кароль стаіць паводле звычаю на ўзвышэнні, і старэйшыя, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы. І разарвала Аталія сваё адзенне, і закрычала: Змова, змова!
Святар Ёада загадаў сотнікам, якія былі на чале войска, кажучы: Выведзіце яе за агароджу святыні, а хто пойдзе за ёю, забівайце мячом. Бо святар казаў: Няхай не будзе забітая ў святыні Пана. І схапілі яе, і праз уваход для коней прайшла яна да каралеўскага дома, і там была забіта.
А Ёада заключыў запавет паміж Панам і каралём, і народам, каб ён быў народам Пана, і паміж каралём і народам. І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Бааля, і разбурылі яго і ахвярнікі яго, і выявы ягоныя моцна знішчылі; і Матана, святара Бааля, забілі перад ахвярнікамі.
І ўстанавіў святар нагляд над домам Пана. І ўвесь народ зямлі весяліўся, і горад супакоіўся. Аталію ж забілі мячом у доме караля.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 32-40 Ён палюбіў айцоў тваіх і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Спытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табою, ад таго дня, калі Бог стварыў чалавека на зямлі; ад аднаго краю нябёсаў аж да другога, ці было некалі штосьці такое вялікае, як гэта, і ці было вядома штосьці падобнае? Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агня, як ты чуў, і застаўся жывы? Або ці спрабаваў некалі Бог прыйсці і выбраць сабе народ паміж іншага народу праз выпрабаванні, знакі і цуды, і вайну, моцнаю рукою і ўзнятым плячом, і праз чыны страшныя – праз усё тое, што зрабіў для вас Пан, Бог ваш, перад вашымі вачыма ў Егіпце?
Гэта было паказана табе, каб ты ведаў, што Пан ёсць Богам, і няма іншага, апроч Яго. З неба Ён даў табе пачуць свой голас, каб навучыць цябе, і на зямлі паказаў табе свой вялікі агонь, і ты чуў словы ягоныя з сярэдзіны агню, бо Ён палюбіў айцоў тваіх і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх. Ён сам вывеў цябе з Егіпта сваёй магутнай сілай, каб прагнаць перад табою большыя і мацнейшыя за цябе народы, і прывесці цябе, і даць табе ва ўладанне зямлю іх, як у сённяшні дзень.
Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага. Захоўвай Яго пастановы і Яго запаведзі, што я наказваю табе сёння, каб добра было табе і тваім сынам пасля цябе, каб доўгі быў твой век на зямлі, якую на ўсе дні дае табе Пан, твой Бог.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нвм 2, 1. 3; 3, 1–3. 6–7 Гора крываваму гораду
Чытанне кнігі прарока Навума.
Вось на гарах ступні таго, хто прыносіць добрую вестку і абвяшчае мір. Адзначай, Юдэя, святы свае, выконвай свае абяцанні, таму што больш не будзе нягоднік хадзіць па табе, ён знішчаны цалкам.
Бо Пан аднавіў веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо іх спусташальнікі знішчылі іх і паламалі вінаградныя галінкі іхнія.
Гора крываваму гораду, поўнаму падману і зла, дзе не спыняецца рабаванне. Свіст бізуноў і грукатанне колаў, галоп коней і хуткі бег калясніц. Вершнік рвецца, зіхцяць мячы і блішчаць дзіды, мноства палеглых і груды мёртвых, няма канца трупам, аж спатыкаюцца аб целы.
Я закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагардаю і выстаўлю на ганьбу. І кожны, хто цябе ўбачыць, адскочыць і скажа: Спустошана Нініва! Хто яе пашкадуе? Дзе знайду я суцяшальніка табе?
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 44, 1. 9-13 Нашыя айцы – мужы міласэрнасці, іх імя жыве з пакалення ў пакаленне
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Усхвалім слаўных мужоў і айцоў нашага роду. Ёсць тыя, памяць пра каго не засталася, яны загінулі, нібыта іх не існавала, яны былі, але нібыта іх не было, і дзяцей іхніх пасля іх. Але мужы міласэрнасці гэта тыя, чыя справядлівасць не была забыта. Яна засталася ў іхнім патомстве, а добрая спадчына — іхнія нашчадкі. Іхняе патомства трымаецца запавету, а дзякуючы ім – і іхнія дзеці. Патомства іх будзе трываць навекі, а слава іх ніколі не знікне. Гэта слова Божае.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 4, 7–13 Будзьце добрымі распарадчыкамі разнастайнай ласкі Божай
Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.
Умілаваныя:
Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца. Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў. Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў.
Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў. Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на вякі вечныя. Амэн.
Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля выпрабавання вашага, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае. Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення славы Яго вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 17, 1. 9–10. 15–22 Няхай будзе абрэзаны кожны мужчына на знак запавету. Сара народзіць табе сына
Чытанне кнігі Быцця.
Калі Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Пан аб’явіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны, хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.
І сказаў Бог Абрагаму: Ты ж захавай запавет Мой, ты і патомства тваё пасля цябе ў іхніх пакаленнях. Гэта ёсць запавет Мой, які вы будзеце захоўваць паміж Мною і вамі, і паміж патомствам тваім пасля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчына.
І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку сваю, не называй Сарай, бо імя яе Сарра. Я благаслаўлю яе і дам табе ад яе сына. Благаслаўлю яе, і выйдуць з яе плямёны, каралі народаў будуць з яе. Упаў Абрагам на твар свой і рассмяяўся. І сказаў у сэрцы сваім: Няўжо ад стогадовага будзе сын, і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: Хоць бы Ізмаіл жыў перад абліччам Тваім! А Бог сказаў: Менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і дасі яму імя Ісаак. Я заключу запавет Мой з ім, запавет вечны для патомства ягонага пасля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось Я благаслаўлю яго і ўчыню, што будзе ўзрастаць ён, і вельмі-вельмі памножу яго. Дванаццаць уладароў народзіцца ад яго, і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты ж час на другі год.
І закончыў Бог гаварыць з Абрагамам, і ўзняўся ад яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 25, 1-12 Юда пераселены быў са сваёй зямлі (25,21)
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
На дзявятым годзе валадарання Сэдэкіі, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, кароль бабілёнскі, з усім войскам сваім да Ерузалема, акружыў яго і насыпаў вакол яго вал. І быў горад у аблозе да адзінаццатага года панавання караля Сэдэкіі. На дзевяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і не меў хлеба народ зямлі. І ўзяты быў горад, а ўсе вайсковыя пабеглі ўначы па дарозе да брамы, паміж падвойнымі сценамі, што каля каралеўскага саду. Халдэі ж стаялі вакол горада. Кароль жа пайшоў дарогаю да раўніны, а халдэйскае войска пагналася за каралём. І дагналі яго на ерыхонскай раўніне, а ўсё войска ягонае рассеялася і пакінула яго. І схапілі караля, і завялі яго ў Рыўлу да караля бабілёнскага, які ўчыніў над ім суд. Сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, а самому Сэдэкію асляпілі вочы, закавалі яго ў кайданы і павялі ў Бабілён.
На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе панавання Навухаданосара, караля бабілёнскага, прыйшоў Навузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, слуга караля бабілёнскага, у Ерузалем і спаліў дом Пана і дом караля, і ўсе дамы ў Ерузалеме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём. А сцены вакол Ерузалема разбурыла войска халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўнікаў. Астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да караля бабілёнскага, і астатні просты люд выселіў Навузардан, кіраўнік целаахоўнікаў. Толькі некаторых з беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўнікаў вінаградарамі і земляробамі.