Панядзелак — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 24 — 2, 3
Я стаў слугою Касцёла, каб выканаць схаваную ад вякоў таямніцу
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Цяпер я радуюся за вас ў цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае Цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб выканаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы таямніцы гэтай, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы. Яго мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце. Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся моцаю таго, хто дзейнічае ўва мне.
Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста. Няхай будуць заахвочаны сэрцы іхнія і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста, у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання.
Гэта слова Божае.