Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

XXІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 24, 1–2а, 15–17, 18b
Будзем служыць Пану, бо Ён — Бог наш

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Езус Навін сабраў у Сіхеме ўсе плямёны Ізраэля і паклікаў таксама старэйшых Ізраэля, яго кіраўнікоў, і суддзяў, і наглядчыкаў. І сталі яны перад абліччам Пана.

І так прамовіў Езус Навін да ўсяго народа: Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі; ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану.

Народ адказаў такімі словамі: Няхай не здарыцца нам, каб мы пакінулі Пана і служылі іншым багам. Бо Пан — Бог наш. Ён сам вывеў нас і продкаў нашых з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Ён учыніў перад нашымі вачыма вялізныя знакі, і аберагаў нас на працягу ўсёй дарогі, якою ішлі мы, і сярод усіх народаў, праз якія праходзілі мы. Таму і мы будзем служыць Пану, бо Ён — наш Бог.

Гэта слова Божае.

XXІIІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 4–7а
Вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
і патокі ў стэпах;
засохлая зямля ператворыцца ў возера;
бязводнае месца ў крыніцы вады.

Гэта слова Божае.

XXІIІ Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 9, 13-18b
Хто можа спазнаць, чаго жадае Пан?

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Хто з людзей можа спазнаць Божы намер, або хто можа зразумець, чаго жадае Пан? Разважанні смяротных нясмелыя, і рызыкоўныя задумы нашы, бо тленнае цела прыгнятае душу, а земляны шацёр абцяжарвае поўны клопатаў розум.

Мы з цяжкасцю разгадваем тое, што на зямлі, і з намаганнямі знаходзім тое, што пад рукамі; а хто ж зможа даследаваць тое, што ў нябёсах? Хто б спазнаў Твой намер, калі б Ты не даў мудрасці і не спаслаў Святога Духа звыш?

І так выпрасталіся сцежкі зямных жыхароў і людзі навучыліся таму, што прыемна Табе.

Гэта слова Божае.

XXІІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 1–2. 6–8
Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам... захоўвайце запаведзі Пана

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых. Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам, і нічога не адымайце ад гэтага. Захоўвайце запаведзі Пана Бога вашага, якія я наказваю вам.

Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?

Гэта слова Божае.

Велікодная нядзеля (Імша ўдзень)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 34а. 37–43
Мы елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр адкрыў вусны свае і сказаў: Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэту, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

I мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы Яго на дрэве. Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму аб’явіцца, не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным спярша Богам, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых.

Наказаў нам абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых. Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў праз імя Ягонае.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Адвэнту, Год A

 ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 2, 1–5 
Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса
пра Юдэю і Ерузалем.
І станецца ў апошнія дні,
што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў
і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны.
І пойдуць многія народы і скажуць:
Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана
у дом Бога Якубава,
і навучыць Ён нас сваім шляхам,
і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі.
Бо з Сіёну выйдзе Закон,
і слова Пана з Ерузалема.
І будзе Ён судзіць плямёны,
і асудзіць многія народы;
і перакуюць мячы свае на плугі,
і дзіды свае на сярпы;
не ўздыме народ на народ мяча,
і не будуць больш вучыцца ваяваць.
Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем
у святле Пана.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Адвэнту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 63, 16b-17. 19b; 64, 2b-7
О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Ты, Пане, Айцец наш, Адкупіцель наш,
такое спрадвеку імя Тваё.
Чаму, Пане, дазваляеш збочваць са шляхоў Тваіх
і робіш сэрцы нашыя цвёрдымі,
каб мы не баяліся Цябе?
Вярніся дзеля слугаў Тваіх,
дзеля пакаленняў спадчыны Тваёй.
О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў,
расталі б перад Табою горы.
Ты сышоў, і перад абліччам Тваім
растапіліся горы.
Бо адвеку не чулі,
ані слухалі вухам,
ані бачылі вокам, каб іншы бог,
апроч Цябе,
зрабіў бы столькі таму,
хто спадзяецца на Яго.
Ты сустракаеш тых,
хто радуецца і чыніць справядліва,
хто памятае пра Цябе на шляхах Тваіх.
І вось Ты загневаўся, бо здаўна
мы зграшылі і ўзбунтаваліся.
Усе мы сталіся як нячыстыя,
і як адзенне забруджанае —
уся нашая справядлівасць.
Завялі мы як лісце,
а правіны нашыя як вецер нясуць нас.
І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё,
хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе;
Бо Ты закрыў перад намі аблічча сваё
і пакінуў нас гінуць ад правінаў нашых.
Але, Пане, Ты – Айцец наш,
Мы – гліна, а Ты – наш ганчар,
і ўсе мы – справа рукі Тваёй.
Гэта слова Божае.

І Нядзеля Адвэнту, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 33, 14–16
Узгадую для Давіда Парастак Справядлівасці

Чытанне Першай кнігі прарока Ераміі.

Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды.

У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе збаўлены і Ерузалем будзе жыць бяспечна, і назавуць яго: Пан — наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 2, 7–9; 3, 1–7
Стварэнне першых праайцоў і іх грэх

Чытанне кнігі Быцця.

Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай. І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў. І вырасціў Пан Бог з зямлі ўсялякае дрэва, прывабнае з выгляду і добрае для ежы, і дрэва жыцця пасярод гэтага саду, і дрэва пазнання дабра і зла.

А Змей быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, якіх стварыў Пан Бог. І сказаў змей жанчыне: Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”? Жанчына адказала яму: Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці. І сказаў змей жанчыне: Не, не памрэце! Бо ведае Бог, што ў дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло. І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў. І адкрыліся ў іх абоіх вочы, і пазналі яны, што голыя, і сшылі лісты смакоўніцы, і зрабілі сабе павязкі.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Вялікага посту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 9, 8–15
Запавет Бога з Ноем, уратаваным ад водаў патопу

Чытанне кнігі Быцця.

Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:

Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.

І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю. І станецца, калі Я навяду воблака на зямлю, што з’явіцца вясёлка Мая на воблаку, і ўспомню пра запавет Мой, які Я ўстанавіў з вамі і з кожнаю жывою душою ўсялякага цела; і больш ніколі воды не стануць патопам, што знішчае ўсялякае цела.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Вялікага посту, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 26, 4–10
Вызнанне веры абранага народу

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Святар возьме кош з рук тваіх і паставіць яго перад ахвярнікам Пана, твайго Бога. А ты будзеш адказваць і гаварыць перад Панам Богам тваім: Мой бацька, вандроўны арамеец, прыйшоў у Егіпет і часова пасяліўся там з невялікаю колькасцю людзей, але там ён стаўся вялікім, магутным і шматлікім народам.

Егіпцяне дрэнна абыходзіліся з намі і прыгняталі нас, абцяжарваючы нас цяжкой працай. Мы ўсклікалі да Пана, Бога айцоў нашых, і пачуў нас Пан, і ўбачыў нашае прыніжэнне, нашую нядолю і ўціск. І вывеў нас Пан з Егіпта моцнаю рукою і распраўленым плячом, у вялікім страху, сярод знакаў і цудаў. Ён прывёў нас у гэтае месца і даў нам гэтую зямлю, што сочыцца малаком і мёдам. І вось цяпер я прынёс пачаткі пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Пане.

Тады пакладзеш іх перад абліччам Пана, твайго Бога, і паклонішся перад Панам Богам тваім.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Адвэнту, Год A

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 11, 1–10
Будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень:

Выйдзе парастак з пня Есэевага,
і атожылак з кораня ягонага прынясе плод;
і спачне на ім Дух Пана,
дух мудрасці і разумення,
дух парады і моцы,
дух пазнання і боязі Пана.
Напоўніцца баяззю Пана,
і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх,
і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць.
Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці,
і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе;
і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю,
і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага.
І будзе справядлівасць поясам на бёдрах Яго,
і вернасць — поясам на сцёгнах Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам з ягнём,
і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
і цяля, і малады леў, і вол будуць разам,
а малы хлопчык будзе паганяць іх.
І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай,
і дзеці іх будуць ляжаць разам,
і леў, як вол, будзе есці салому.
І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда,
і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі.
Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй,
бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана,
як водамі напаўняецца мора.
І будзе ў той дзень:
корань Есэя, што стане сцягам для народаў,
будуць шукаць язычнікі,
і стане слаўным месца ягонага адпачынку.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Адвэнту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 1-5. 9-11
Падрыхтуйце дарогу Пану

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Суцешце, суцешце народ Мой! —
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаныя беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Адвэнту, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Бар 5, 1–9
Бог пакажа тваю прыгажосць

Чытанне Кнігі прарока Баруха.

Скінь, Ерузалем, вопратку
свайго смутку і нядолі,
і апраніся ў прыгажосць славы,
дадзеную табе навекі ад Бога.
Ахініся плашчом справядлівасці Божай,
ускладзі на галаву дыядэму славы Спрадвечнага!
Бо Бог пакажа тваю прыгажосць усяму,
што ёсць пад небам.
Імя тваё ў Бога навекі будзе названа:
мір справядлівасці і слава пабожнасці!
Узніміся, Ерузалем,
і стань на вышыні,
паглядзі на ўсход,
і ўбач дзяцей тваіх,
сабраных словам Святога
ад узыходу сонца аж да захаду,
якія радуюцца таму, што Бог успомніў пра іх.
Яны выйшлі ад цябе пешшу,
гнаныя ворагамі,
а Бог прывядзе іх да цябе, несучы іх у славе,
як на каралеўскім троне.
Бо вырашыў Бог панізіць
кожную высокую гару і пагоркі адвечныя,
засыпаць даліны, зраўняць іх з зямлёй,
каб Ізраэль мог бяспечна крочыць у хвале Пана,
каб лясы і кожнае пахучае дрэва давалі цень
Ізраэлю на Божы загад.
Бог будзе з радасцю весці Ізраэль
да святла славы сваёй
з міласэрнасцю і справядлівасцю, якія Яму належаць.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 12, 1–4а
Пакліканне Абрагама, Айца Божага Народа

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Пан сказаў Абраму: Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу. Я ўчыню з цябе вялікі народ і буду благаслаўляць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і станеш благаслаўленнем. Буду благаслаўляць тых, хто цябе благаслаўляе, а тых, хто зневажае цябе, Я пракляну. І будуць благаслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі.

І выйшаў Абрам, як загадаў яму Пан.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Вялікага посту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 22, 1–2. 9а. 10–13. 15–18
Ахвяра патрыярха нашага Абрагама

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Выпрабоўваў Бог Абрагама і сказаў яму: Абрагаме. І ён адказаў: Гэта я. Бог сказаў: Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш, Ісаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і там прынясі яго на ўсеспаленне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.

Калі прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог, Абрагам пабудаваў там ахвярнік. І працягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.

Але анёл Пана паклікаў яго з неба і сказаў: Абрагаме, Абрагаме. Ён адказаў: Гэта я. Анёл сказаў: Не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне. Узняў Абрагам вочы свае і ўбачыў за сабою барана, які заблытаўся ў гушчары рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на ўсеспаленне замест сына.

Анёл Пана другі раз паклікаў Абрагама з неба і сказаў: Клянуся, — кажа Пан, — паколькі ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага, то Я благаслаўлю цябе і памножу патомства тваё, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора, і патомства тваё здабудзе брамы ворагаў тваіх. І атрымаюць благаслаўленне ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго.

Гэта слова Божае.

ІI Нядзеля Вялікага посту, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 15, 5-12. 17-18
Бог заключае запавет з верным Абрагамам

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.

І сказаў яму: Я – Пан, які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую ва ўладанне.

Ён сказаў: Пане Божа, як я пазнаю, што буду спадкаемцам яе? Пан адказаў яму: Вазьмі для Мяне трохгадовую ялавіцу, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў для Яго ўсё гэта і рассек іх папалам, і паклаў адну частку насупраць другой; толькі птушак не рассек. І пачалі злятацца да мяса драпежныя птушкі, але Абрам адганяў іх.

Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось ахапіў яго жах і вялікая цемра.

Калі зайшло сонца, настала глыбокая цемра, і вось дым, быццам з печы, і полымя агню прайшлі паміж рассечанымі жывёламі. У той дзень заключыў Пан запавет з Абрамам, сказаўшы: Патомству твайму даю гэтую зямлю, ад ракі егіпецкай ажно да вялікай ракі, ракі Еўфрат.

Гэта слова Божае.

ІII Нядзеля Адвэнту, Год A

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 1–6а. 10
Сам Бог прыйдзе і збавіць вас

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
і радавацца будзе, і спяваць.
Слава Лібану будзе дадзена яму,
гонар Кармэлю і Сарону.
Яны ўбачаць славу Пана,
веліч нашага Бога.
Умацуйце слабыя рукі,
узмацніце дрыжачыя калені.
Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Выбаўленыя Панам вернуцца
і прыйдуць на Сіён з радасным спевам,
і вечная радасць акрые іх галовы.
Вяселле і радасць напоўніць іх,
а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.

ІII Нядзеля Адвэнту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 61, 1-2а. 10-11
Узрадуюся ў Пану

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,
прапаведаваць вызваленне палонным
і вязьням — свабоду;
абвяшчаць год ласкі Пана.
Узрадуюся ў Пану,
узвесяліцца душа мая ў Богу маім;
бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення,
плашчом справядлівасці ахінуў мяне,
як жаніха, увянчаў каронай,
як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі.
Бо, як зямля дае сваю расліннасць,
і, як сад родзіць пасеянае ў ім,
так Пан Бог учыніць, што ўзыдзе справядлівасць
і слава перад усімі народамі.
Гэта слова Божае.

ІII Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 17, 3–7
Дай нам вады, каб мы пілі (Зых 17, 2)

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Народ прагнуў вады і наракаў на Майсея, кажучы: Навошта гэта ты вывеў нас з Егіпта? Каб замучыць смагаю нас, і дзяцей нашых, і статкі нашыя?

І ўсклікнуў Майсей да Пана, кажучы: Што зраблю я народу гэтаму? Яшчэ крыху, і ўкамянуюць мяне. І сказаў Пан Майсею: Прайдзі перад народам, і вазьмі з сабою некаторых са старэйшын Ізраэля, і кій твой, якім ударыў ты Ніл, вазьмі ў руку тваю, і ідзі. Вось Я стану перад табою на скале ў Гарэбе, і ты ўдарыш у скалу, і выйдзе з яе вада, і народ будзе піць. І зрабіў так Майсей на вачах старэйшын Ізраэля. І назваў тое месца Маса і Мэрыба з прычыны сваркі сыноў Ізраэля і выпрабавання імі Пана, калі казалі: Ці ёсць Пан сярод нас, ці няма?

Гэта слова Божае.