Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

XV Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 7, 12–15
Ідзі, прароч народу Майму

Чытанне кнігі прарока Амоса.

У тыя дні:

Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэлі больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі.

Адказваючы, Амос сказаў Амасію: Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю.

Гэта слова Божае.

XV Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 10-14
Гэта слова блізкае да цябе, каб ты мог выконваць яго

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.

Запаведзь, якую сёння даю табе, – гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас ў неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго.

Гэта слова Божае.

XVI Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 23, 1–6
Збяру ацалелых авечак Маіх і пастаўлю над імі пастыраў

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Гора пастырам, якія губяць і рассейваюць авечак пашы Маёй! — кажа Пан.

Таму так кажа Пан, Бог Ізраэля, пра пастыраў, якія пасвяць народ Мой: Вы рассеялі авечак Маіх і разагналі іх, і не клапаціліся пра іх. Вось Я пакараю вас за зло ўчынкаў вашых, — кажа Пан.

Я збяру ацалелых авечак Маіх з усіх земляў, у якія прагнаў іх, і вярну іх ў аўчарню іхнюю, і будуць пладзіцца і памнажацца. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасвіць іх. І больш не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца, — кажа Пан.

Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, а Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан – наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

XVI Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 18, 1-10а
Пане, не абмінай свайго слугі

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаялі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра?

Ён адказаў ім: Вось у шатры.

Сказаў яму адзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.

Гэта слова Божае.

XVII Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 4, 42–44
Будуць есці, і застанецца

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Адзін чалавек прыйшоў з Баалшаліша і прынёс чалавеку Божаму хлеб пачаткаў, дваццаць ячменных хлябоў і свежае збожжа ў торбе сваёй. І сказаў Элія: Дай людзям, каб елі. І сказаў слуга ягоны: Як магу я пакласці гэта перад сотняю чалавек? Ён зноў сказаў: Дай людзям, каб елі. Бо так кажа Пан: будуць есці, і застанецца. Тады паклаў перад імі, і елі яны, і засталося, паводле слова Пана.

Гэта слова Божае.

XVIII Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 16, 2–4. 12–15
Я пралью на вас хлеб з неба

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?

Тады Пан сказаў Майсею: Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не.

Я пачуў нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: Вечарам будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычаны хлебам і спазнаеце, што Я — Пан Бог ваш.

Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.

Калі ж раса знікла, на паверхні пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней на зямлі. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку.

Гэта слова Божае.

XVIII Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 1, 2; 2, 21-23
Якая карысць чалавеку ад усёй яго працы

Чытанне кнігі Эклезіяста.

Марнасць марнасцяў, – кажа Эклезіяст, – марнасць марнасцяў і ўсё марнасць.

Бывае, што чалавек працуе з мудрасцю, веданнем і ўменнем, аднак павінен пакінуць надзел чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта марнасць і вялікае зло.

Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам. Бо ўсе дні ягоныя – гэта пакуты, і смутак – праца яго, нават уначы яго сэрца не мае спакою. І гэта марнасць.

Гэта слова Божае.

XX Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 9, 1–6
Ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго, забіла тое, што было на зарэз, змяшала віно сваё і стол падрыхтавала. Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: Хто просты, няхай прыйдзе сюды.

Неразумнаму яна сказала: Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму.

Гэта слова Божае.

XXIX Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 17, 8–13
Калі Майсей падымаў рукі, перамагаў Ізраэль

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Прыйшлі амалекіцяне і ваявалі з Ізраэлем у Рэфідыме. І сказаў Майсей Езусу Навіну: Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалекіцянамі; заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.

І зрабіў Езус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалекіцянамі. А Майсей, і Аарон, і Хур узышлі на вяршыню пагорка. Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек. Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.

І перамог Езус Амалека і народ ягоны выстрыём мяча.

Гэта слова Божае.

XXX Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 35, 12–14. 16–18
Малітва пакорнага пранікае праз аблокі

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пан — справядлівы суддзя,
які не зважае на асобы.
Ён бесстаронні ў дачыненні да беднага
і выслухае малітву пакрыўджанага.
Ён не адкіне просьбаў сіраты і ўдавы,
якая вылівае скаргу сваю.
Хто служыць Богу, будзе прыняты ласкава,
і яго малітва ўзыдзе да аблокаў.
Малітва пакорнага пранікае праз аблокі
і не супакоіцца, пакуль не наблізіцца да Бога,
і не адступіць, пакуль Найвышэйшы не пачуе яе
і не ўчыніць суд як справядлівы суддзя.

Гэта слова Божае.

XXXI Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 11, 22 — 12, 2
Ты літуешся над усімі, бо любіш усё, што існуе

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Пане,
Увесь свет перад Табою, як ваганне шаляў
або як кропля ранішняй расы, якая выпадае на зямлю.
Але Ты літуешся над усімі, бо ўсё можаш
і не зважаеш на грахі людзей, каб яны маглі навярнуцца.
Бо любіш Ты ўсё, што існуе,
і нічым, што стварыў, не грэбуеш;
бо, калі б нешта ненавідзеў,
гэтага б Ты не стварыў.
Як бы магло трываць што-небудзь,
калі б Ты не захацеў?
Ці як захавалася б тое, што не было паклікана Табою?
Але Ты ўсё шкадуеш, бо яно Тваё,
о Пане, які любіш жыццё.
Нятленны дух Твой ёсць ва ўсім.
Таму Ты паступова паказваеш памылкі тым, хто ўпаў,
нагадваеш ім, у чым яны грашаць, і навучаеш,
каб яны пакінулі зло і паверылі ў Цябе, Пане.

Гэта слова Божае.

XXXII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 7, 1–2. 9–14 
Валадар свету ўваскрасіць нас да вечнага жыцця

Чытанне Другой кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Здарылася, што сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам. Адзін з іх, прамаўляючы ад імя астатніх, сказаў так: Пра што хочаш спытацца або пра што даведацца ад нас? Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы.

А другі брат на апошнім дыханні сказаў: Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон.

Пасля гэтага катавалі трэцяга. На патрабаванне даць язык адразу ж высунуў яго, адважна выцягнуў рукі і з годнасцю сказаў: З неба іх атрымаў, але дзеля Яго законаў пагарджаю імі, бо спадзяюся зноў атрымаць іх ад Яго. Нават сам кароль і ўсе, хто быў з ім, дзівіліся адважнасці юнака, які зусім не зважаў на пакуты.

Калі памёр і той, катавалі чацвёртага, здзекуючыся падобным чынам. Канаючы, той сказаў: Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя. А для цябе няма ўваскрашэння да жыцця.

Гэта слова Божае.

XXXIII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 19–20а 
Для вас узыдзе сонца справядлівасці

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ. Тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, – кажа Пан Магуццяў, — так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях.

Гэта слова Божае.

XXXIV Звычайная нядзеля. Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год С

 ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 5, 1–3 

Намасцілі Давіда на караля Ізраэля

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Усе плямёны Ізраэля прыйшлі да Давіда ў Хэброн і сказалі: Вось мы косць твая і цела тваё. І ўчора, і яшчэ даўней, калі Саўл панаваў над намі, ты быў правадыром Ізраэля. І сказаў Пан табе: Ты будзеш пасвіць народ Мой Ізраэля і ты будзеш кіраўніком Ізраэля.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля ў Хэброн, і кароль Давід заключыў з імі запавет у Хэброне перад Панам; і намасцілі Давіда на караля Ізраэля.

Гэта слова Божае.

XXІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 24, 1–2а, 15–17, 18b
Будзем служыць Пану, бо Ён — Бог наш

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Езус Навін сабраў у Сіхеме ўсе плямёны Ізраэля і паклікаў таксама старэйшых Ізраэля, яго кіраўнікоў, і суддзяў, і наглядчыкаў. І сталі яны перад абліччам Пана.

І так прамовіў Езус Навін да ўсяго народа: Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі; ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану.

Народ адказаў такімі словамі: Няхай не здарыцца нам, каб мы пакінулі Пана і служылі іншым багам. Бо Пан — Бог наш. Ён сам вывеў нас і продкаў нашых з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Ён учыніў перад нашымі вачыма вялізныя знакі, і аберагаў нас на працягу ўсёй дарогі, якою ішлі мы, і сярод усіх народаў, праз якія праходзілі мы. Таму і мы будзем служыць Пану, бо Ён — наш Бог.

Гэта слова Божае.

XXІIІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 4–7а
Вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
і патокі ў стэпах;
засохлая зямля ператворыцца ў возера;
бязводнае месца ў крыніцы вады.

Гэта слова Божае.

XXІІ Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 1–2. 6–8
Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам... захоўвайце запаведзі Пана

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых. Нічога не дадавайце да таго, што я наказваю вам, і нічога не адымайце ад гэтага. Захоўвайце запаведзі Пана Бога вашага, якія я наказваю вам.

Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?

Гэта слова Божае.

Велікодная нядзеля (Імша ўдзень)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 34а. 37–43
Мы елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр адкрыў вусны свае і сказаў: Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэту, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

I мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы Яго на дрэве. Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму аб’явіцца, не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным спярша Богам, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых.

Наказаў нам абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых. Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў праз імя Ягонае.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Адвэнту, Год A

 ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 2, 1–5 
Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса
пра Юдэю і Ерузалем.
І станецца ў апошнія дні,
што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў
і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны.
І пойдуць многія народы і скажуць:
Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана
у дом Бога Якубава,
і навучыць Ён нас сваім шляхам,
і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі.
Бо з Сіёну выйдзе Закон,
і слова Пана з Ерузалема.
І будзе Ён судзіць плямёны,
і асудзіць многія народы;
і перакуюць мячы свае на плугі,
і дзіды свае на сярпы;
не ўздыме народ на народ мяча,
і не будуць больш вучыцца ваяваць.
Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем
у святле Пана.

Гэта слова Божае.

І Нядзеля Адвэнту, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 33, 14–16
Узгадую для Давіда Парастак Справядлівасці

Чытанне Першай кнігі прарока Ераміі.

Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды.

У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе збаўлены і Ерузалем будзе жыць бяспечна, і назавуць яго: Пан — наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"