Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

17 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 49, 2. 8–10
Не будзе аднята жазло ад Юды

Чытанне Кнігі Быцця.

У тыя дні:
Якуб склікаў сваіх сыноў і сказаў ім: Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраэля, айца вашага!

Юда! Цябе славіць будуць браты твае. Рука твая на шыі ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны айца твайго. Юда, малады леў, на здабычы будзеш расці, сыне мой. Адпачываючы, лёг як леў і як ільвіца, хто падыме яго? Не будзе аднята жазло ад Юды і кій пастыра ад ног ягоных, пакуль не прыйдзе той, якому яно належыць, і якога будуць слухацца народы!

Гэта слова Божае.

18 кастрычніка — свята св. Лукі, евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 10–17b
Толькі Лука са мною

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалонікі; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю. Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. Тыхіка я паслаў у Эфес. Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.

Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі.

Гэта слова Божае.

18 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 23, 5-8
Абуджу для Давіда Парастак справядлівы

Чытанне Кнігі прарока Ераміі.

Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, і Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан — наша справядлівасць.

Таму вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўжо не будуць казаць: жывы Пан, які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі егіпецкай, але: жывы Пан, які вывеў і прывёў племя дому Ізраэля з паўночнай зямлі і з усіх земляў, па якіх рассеяў іх. І яны будуць жыць на зямлі сваёй.

Гэта слова Божае.

19 сакавіка — урачыстасць святога Юзафа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 4–5а. 12–14а. 16
Дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да Натана наступныя словы: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам.

І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Гэта слова Божае.

19 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 13, 2–7. 24–25а
Анёл прадказвае нараджэнне Самсона

Чытанне Кнігі Суддзяў.

У тыя дні:

Быў чалавек адзін з Сараа, з пакалення Дана па імені Маноах. Жонка ягоная была бясплодная і не магла нарадзіць. І з’явіўся жонцы анёл Пана і сказаў ёй: Вось ты бясплодная і не можаш нарадзіць, але зачнеш і народзіш сына. Таму цяпер будзь асцярожнай, не пі віна і хмяльнога напою і не спажывай нічога нячыстага. Бо ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не дакранецца да галавы ягонай, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння. І ён пачне выбаўляць Ізраэль з рук філістымлянаў.

Пайшла жонка і сказала мужу свайму: Чалавек Божы прыходзіў да мяне, і выгляд яго быў, як выгляд Божага анёла, поўны велічы. І я не спытала ў яго, адкуль ён, і ён не назваў мне імені свайго. Ён сказаў мне: Вось ты зачнеш і народзіш сына; таму не пі віна і хмяльнога напою, і не спажывай нічога нячыстага, бо хлопец гэты будзе Божым назірэем ад самага ўлоння аж да сваёй смерці.

І нарадзіла тая жанчына сына, і дала яму імя Самсон. Рос хлопец той, і благаслаўляў яго Пан. А Дух Пана пачаў дзейнічаць у ім.

Гэта слова Божае.

2 кастрычніка — успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 23, 20–23
Мой анёл будзе ісці перад табою

Чытанне кнігі Зыходу.

Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною. Зважай на яго і слухай голас ягоны; не пагарджай ім, бо ён не даруе, калі зграшыш, таму што Маё імя на ім. Але, калі ты сапраўды будзеш слухаць голас ягоны і рабіць усё, што Я кажу, я стану ворагам тваіх ворагаў і праціўнікам тваіх праціўнікаў.

Мой анёл будзе ісці перад табою і прывядзе цябе ў зямлю амарэяў, і хетэяў, і фэрэзеяў, і хананейцаў, і хевеяў, і евусеяў. І Я пазнішчаю іх.

Гэта слова Божае.

2 ліпеня — урачыстасць Маці Божай Будслаўскай

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 14–18
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе

Чытанне кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема! Адмяніў Пан прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе: ужо больш не ўбачыш зла.

У той дзень скажуць Ерузалему: Не бойся! — і Сіёну: Няхай жа не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень. Я забяру ад цябе нядолю, каб не было больш на табе сораму.

Гэта слова Божае.

2 лютага — свята Ахвяравання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4
Прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я пашлю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною. І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён, як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Гэта слова Божае.

2 студзеня — успамін св. Базыля Вялікага і Грыгорыя Назіянзскага

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–7. 11–13
Для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.

Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.

Гэта слова Божае.

20 жніўня — успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 1–6
Накорміць яго хлебам разважнасці і вадою мудрасці напоіць яго.

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Хто баіцца Пана, будзе рабіць дабро,
а хто трымаецца Закону, здабудзе мудрасць.
Як маці, яна выйдзе насустрач яму
і, як маладая жонка, прыме яго.
Накорміць яго хлебам разважнасці
і вадою мудрасці напоіць яго.
Ён абапрэцца на яе і не сагнецца,
даверыцца ёй і не зведае сораму.
Яна ўзвысіць яго па-над бліжнімі яго
і на сходзе адкрые яму вусны.
Ён знойдзе радасць і вянок весялосці
і атрымае ў спадчыну вечнае імя.

Гэта слова Божае.

20 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні:

Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль!

Гэта слова Божае.

21 верасня — свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–7. 11–13
Ён паставіў адных апосталамі, іншых евангелістамі

Чытанне Першга паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.

Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.

Гэта слова Божае.

21 жніўня — успамін св. Пія Х, папы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 2b–8
Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Мы адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо заахвота наша не паходзіць з памылкі, нячыстасці ці падману, але, як мы былі выпрабаваны Богам, каб паверыць ў Евангелле, так і абвяшчаем для таго, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо, як ведаеце, мы ніколі не з’яўляліся з ліслівымі словамі ані з карыслівай мэтай, Бог сведка. Мы не шукалі славы ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.

Гэта слова Божае.

21 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Пп 2, 8–14
Вось каханы мой ідзе, скача па гарах

Чытанне Песні песняў Саламона.

Голас каханага майго!
Вось ён ідзе, скача па гарах, пераскоквае пагоркі.
Любы мой падобны да сарны,
да маладога аленя.
Вось ён стаіць
за нашай сцяною, глядзіць у акно,
заглядвае праз краты.
Адгукнуўся каханы мой і сказаў мне:
Устань, любая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Вось зіма ўжо мінула;
прайшоў дождж і сціх.
Кветкі з’явіліся на зямлі;
прыйшоў час спеваў,
і голас галубкі чутны ў нашай краіне.
Смакоўніца ўжо напоўніла сокам свае плады,
і квітнеючыя вінаградныя лозы прыемна пахнуць.
Устань, каханая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Галубка мая, схаваная ў расколіне скалы, пад аховаю ўцёса,
пакажы мне аблічча сваё,
дай мне пачуць голас твой,
бо голас твой салодкі і аблічча тваё прыгожае.

Гэта слова Божае.

22 жніўня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 9, 1–6
Сын дадзены нам

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
Ты памножыў народ,
павялічыў радасць.
Ён весяліцца перад Табою,
як весяляцца ў час жніва,
як цешацца пры падзеле здабычы.
Бо ярмо, што гняло яго,
і кій на плячах ягоных,
і розгу прыгнятальніка ягонага
Ты зламаў, як у дзень Мадыяма.
Бо ўсякі бот ваюючага жаўнера
і адзенне, забруджанае крывёю,
будзе кінута ў пажар на ежу агню.
Бо Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою.
Будзе вялікім панаванне Яго,
і міру не будзе канца
над тронам Давіда і над яго валадарствам,
якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці
адгэтуль і навекі.
Руплівасць Пана Магуццяў учыніць гэта.

Гэта слова Божае.

22 лістапада — успамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 2, 16b. 17b. 21–22
Заручуся з табою навекі

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
І ў той дзень, — кажа Пан, —
ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой»,
і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал».
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.

Гэта слова Божае.

22 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 24–28
Ганна дзякуе за нараджэнне Самуэля

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.

І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.

Гэта слова Божае.

23 верасня — успамін св. Піо з П’етрэльчыны, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

23 ліпеня — свята св. Брыгіты, законніцы, апякункі Еўропы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Браты: Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

23 лістапада — успамін св. Клімэнта І, папы і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 5, 1–4
Пасвіце статак Божы, што пры вас

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Старэйшых сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшых, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца.

Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не пад прымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзеля агіднай нажывы, але са шчырым жаданнем. Не злоўжывайце ўладаю над падданымі, але станьце прыкладам для статка. А калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр, вы здабудзеце неўвядальны вянок славы.

Гэта слова Божае.