Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзенью, Год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 1-11
Мы так прапаведуем, а вы так паверылі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі.

Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кіфе, а потым – Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя спачылі. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.

Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы. Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за ўсіх іх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.

Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нм 8, 1–4а. 5-6. 7b–12
І разгарнуў Эздра кнігу Закону і благаславіў Пана, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн

Чытанне кнігі Нээміі.

У тыя дні:

Як адзін сабраўся ўвесь народ на плошчы, што перад Воднай брамай, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу Майсеевага Закону, які наказаў Пан Ізраэлю. І ў першы дзень сёмага месяца святар Эздра прынёс Закон на сход мужчын і жанчын, і ўсіх, хто мог разумець. І чытаў яго на плошчы, што перад Воднаю брамай, ад світання да сярэдзіны дня перад мужчынамі і жанчынамі, і тымі, хто мог разумець; і вушы ўсяго народа былі ўважлівыя да кнігі Закону. Стаяў жа кніжнік Эздра на зробленым драўляным узвышэнні.

І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Эздра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн, — падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам. Левіты ж тлумачылі народу Закон, а народ стаяў на сваім месцы. І чыталі з кнігі Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася.

Тады намеснік Нээмія і Эздра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: Дзень гэты святы для Пана Бога нашага! Не смуткуйце і не плачце. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.

І сказаў ім Нээмія: Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, хто не прыгатаваў сабе, таму што святы гэты дзень для Пана нашага. І не смуткуйце, бо радасць Пана — гэта моц вашая. Левіты суцішалі ўвесь народ, кажучы: Замоўкніце, бо святы гэты дзень, не смуткуйце. І пайшоў увесь народ есці, піць і пасылаць часткі, і ўчыніць вялікую радасць, бо зразумелі словы, абвешчаныя ім.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 19, 21–27
Я ведаю: Адкупіцель мой жыве

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў сказаў:

Злітуйцеся нада мною, сябры мае, злітуйцеся нада мною, бо рука Божая дакранулася да мяне. Чаму пераследуеце мяне, як Бог, і не можаце задаволіцца маім целам? О, каб былі запісаны словы мае! Каб былі змешчаны ў кнізе, каб жалезным разцом з волавам навекі былі выразаныя на камені!

Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам; вочы мае, а не іншага, убачаць Яго. Маё нутро знемагае ўва мне!

Гэта слова Божае.

Чацвер — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 3, 7–10а. 11. 13–17
Каўчэг запавету Пана пройдзе перад вамі праз Ярдан

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Пан сказаў Езусу Навіну: Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб даведаліся, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою. А ты загадай святарам, якія носяць каўчэг запавету, і скажы ім: Калі падыдзеце да берагу водаў Ярдана, станьце ў Ярдане.

І сказаў Езус Навін сынам Ізраэля: Падыдзіце сюды і паслухайце словы Пана Бога вашага. І гаварыў далей: Па гэтым даведаецеся, што Бог Жывы ёсць сярод вас і што Ён напэўна прагоніць ханаанейцаў перад абліччам вашым. Вось каўчэг запавету Пана ўсёй зямлі пройдзе перад вамі праз Ярдан. І як толькі святары, якія нясуць каўчэг запавету Пана ўсёй зямлі, паставяць свае ногі ў воды Ярдана, раздзеляцца воды і тыя, што цякуць зверху, стануць быццам вал.

Калі народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан, перад ім пайшлі святары, якія неслі каўчэг запавету. І як толькі яны падышлі да Ярдана і ногі святароў апусціліся ў прыбярэжную ваду, а Ярдан выходзіць з берагоў сваіх на працягу ўсяго жніва, тады спыніліся воды, што цякуць зверху, і сталі быццам вал на вялікай адлегласці ад горада Адам, што збоку Сартана. А ніжэйшыя воды, якія плылі да Арабскага мора, ці да Салёнага мора, цалкам аддзяліліся ад іх. І народ пераходзіў насупраць Ерыхона, а святары, якія неслі каўчэг запавету Пана, цвёрда стаялі на сушы пасярод Ярдана, пакуль увесь народ не закончыў пераход праз Ярдан.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 12, 1–12
Пойдзе ў выгнанне днём і на вачах іхніх

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы:

Сыне чалавечы, ты жывеш сярод збунтаванага дому. Яны маюць вочы, каб бачыць, але не бачаць; маюць вушы, каб чуць, але не чуюць, бо гэта збунтаваны дом. Таму ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе рэчы для выгнання і днём адпраўляйся ў выгнанне на вачах іхніх. Калі ты пойдзеш у выгнанне са свайго дому ў іншае месца на вачах іхніх, тады, можа, убачаць, што яны збунтаваны дом.

І днём на вачах іхніх вынесі рэчы свае, нібы рэчы выгнанніка, а сам увечары выйдзі перад імі, як выходзяць выгнаннікі. На вачах іхніх праламай сабе дзірку ў сцяне і выйдзі праз яе. У іх на вачах вазьмі рэчы на плечы і поцемкам вынесі іх. Заслані твар свой, каб не бачыць зямлі, бо Я ўчыніў цябе знакам для дому Ізраэля.

Тады я зрабіў, як было загадана: удзень вынес рэчы свае, быццам рэчы выгнанніка, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сцяне і поцемкам вынес у іх на вачах рэчы свае, паклаўшы на плечы.

Раніцаю Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Сыне чалавечы, ці не пытаўся ў цябе дом Ізраэля, збунтаваны дом: Што ты робіш? Адкажы ім: Так кажа Пан Бог: гэтае прадказанне датычыць кіраўніка ў Ерузалеме і ўсяго дому Ізраэля, які знаходзіцца там. Скажы: Я — знак для вас. Як рабіў я, так будзе і з імі: яны пойдуць ў выгнанне і палон. А кіраўнік, які сярод іх, поцемкам панясе на плячах рэчы і выйдзе; яму праламаюць дзірку ў сцяне, каб можна было яму прайсці праз яе; ён заслоніць твар свой, каб не бачыць вачыма зямлі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дзяcяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 18, 41–46
Памаліўся Ілля, і неба дало дождж

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Ілля сказаў Ахабу: Ідзі, еш і пі, бо чуваць шум вялікага дажджу. Пайшоў Ахаб есці і піць, а Ілля падняўся на вяршыню Кармэля, нахіліўся да зямлі, схаваў твар свой паміж каленяў і сказаў свайму слузе: Ідзі і паглядзі ў бок мора. Той пайшоў, паглядзеў і сказаў: Нічога няма. Ілля зноў сказаў яму: Вяртайся сем разоў. На сёмы раз слуга сказаў: Вось маленькае воблака з чалавечую далонь узнімаецца з мора. Ілля сказаў: Ідзі, скажы Ахабу: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.

Неўзабаве неба пацямнела ад хмараў і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. Ахаб сеў у калясніцу і паехаў у Ізрээль. А рука Пана была на Іллі. Ён падперазаў свае бёдры і бег перад Ахабам аж да самага Ізрээля.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 2, 8–15
Божага слова не зняволіш. Калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.

Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.

Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Панам не спрачацца з-за словаў, што не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам. Старанна імкніся, каб Бог лічыў цябе годным працаўніком, які не прыносіць сораму і правільна выкладае слова праўды.

Гэта слова Божае.

Чацвер — другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 18, 6–9; 19, 1–7
Бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі Давід вяртаўся пасля таго, як забіў філістымляніна, жанчыны з усіх гарадоў Ізраэля выходзілі насустрач каралю Саўлу са спевамі і танцамі, пад гукі бубнаў, з радаснымі песнямі і з цымбаламі. Граючы, спявалі жанчыны: Забіў Саўл тысячу, а Давід забіў дзесяткі тысяч. Тады Саўл моцна раззлаваўся, бо былі непрыемнымі гэтыя словы для яго. І сказаў ён: Давіду прыпісалі дзесяць тысяч, а мне прыпісалі тысячу, яму нестае яшчэ толькі каралеўства. Ад таго дня і надалей Саўл глядзеў на Давіда крывым вокам.

І сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім пра намер забіць Давіда. Аднак Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда. Таму Ёнатан паведаміў Давіду: Бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе, таму, прашу цябе, асцерагайся заўтра раніцаю, будзь у патаемным месцы і схавайся. Я ж выйду і стану каля бацькі майго ў полі, там дзе ты будзеш, і пагавару з бацькам сваім наконт цябе, і, што ўбачу, перадам табе.

Ёнатан добра гаварыў пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, кажучы: Няхай кароль не грашыць супраць слугі свайго Давіда, бо ён не грашыў супраць цябе, а справы ягоныя вельмі добрыя для цябе. Ён рызыкаваў жыццём сваім і перамог філістымляніна, і Пан даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю. Ты бачыў гэта і ўсцешыўся. Чаму ж тады хочаш зграшыць праліццём нявіннай крыві, забіваючы Давіда без ніякай падставы?

Пачуўшы гэта, Саўл прыслухаўся да голасу Ёнатана і пакляўся: Як Пан жывы, ён не загіне. Тады паклікаў Ёнатан Давіда і перадаў яму ўсе гэтыя словы. Прывёў Давіда да Саўла, і той стаў перад ім, як ўчора і яшчэ раней.

Гэта слова Божае.

Чацвер — І Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эст 4, 17 n.p–r.aa–bb.gg–hh (Vlg)
Апроч Цябе, я не маю ніякай дапамогі

Чытанне кнігі Эстэры.

У тыя дні

Апынуўшыся ў смяротнай небяспецы, каралева Эстэр прасіла абароны ў Пана. І ўпала на зямлю са служанкамі сваімі, і ад раніцы да вечара казала:

Благаслаўлёны Ты, Божа Абрагама, Божа Ісаака і Божа Якуба. Дапамажы мне, самотнай, бо, апроч Цябе, я не маю ніякай дапамогі і небяспека — пад рукою маёй.

Я чула, Пане, з кніг продкаў нашых, што Ты назаўсёды вызваляеш усіх, хто падабаецца Табе, Пане. Цяпер дапамажы мне, самотнай, у якой няма нікога, апроч Цябе, Пане, мой Божа. Цяпер прыйдзі на дапамогу мне, асірацелай, і ўкладзі ў вусны мае пераканаўчыя словы, калі я стану перад ільвом. Напоўні яго прыхільнасцю да мяне, а сэрца ягонае — нянавісцю да ворага нашага, каб загінуў ён сам і аднадумцы ягоныя. А нас вызвалі ад рук непрыяцеляў нашых; змяні плач наш у радасць і боль наш — у здароўе.

Гэта слова Божае.

Чацвер — ІI Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5–10
Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца, і не перастане прыносіць плён.

Больш падманлівае за ўсё і невылечнае — сэрца. Хто ж пазнае яго? Я, Пан, даследую сэрца і выпрабоўваю нутро, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных паводзін, паводле плёну ягоных учынкаў.

Гэта слова Божае.

Чацвер — ІII Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 7, 23–28
Гэта народ, які не слухае голасу Пана, Бога свайго

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Такую справу Я наказаў ім, кажучы: Слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, а вы будзеце Маім народам. Хадзіце кожным шляхам, які Я прызначу для вас, каб добра было вам.

Аднак яны не паслухаліся і не схілілі вуха свайго. Яны пайшлі за сваімі ўласнымі намерамі ва ўпартасці сваіх злых сэрцаў і павярнуліся да Мяне спінамі, а не тварам.

З таго дня, калі айцы вашыя выйшлі з зямлі егіпецкай, аж да сённяшняга дня Я пасылаў да вас ўсіх Маіх слугаў – прарокаў. Штодня ўставаў раніцаю і пасылаў іх. Аднак не слухаліся Мяне і не схілялі вуха свайго, але зрабілі цвёрдымі каркі свае і паступалі горш, чым айцы іхнія. Ты будзеш казаць ім ўсе словы гэтыя, але яны не будуць слухаць цябе. Ты будзеш клікаць іх, але яны не будуць адказваць табе.

Таму скажаш ім: Гэта народ, які не слухае голасу Пана Бога свайго і не прымае настаўлення. Загінула вернасць і знікла з вуснаў іхніх.

Гэта слова Божае.

Чацвер — ІIІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 8, 26–40
Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Анёл Пана сказаў Філіпу: Устань і ідзі ў поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая. І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу, вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю.

Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і далучыся да яго павозкі. Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: Ці разумееш, што чытаеш?

Той адказаў: Як жа магу разумець, калі ніхто не раз’ясніў мне? І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.

А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі: Як авечка, якую вядуць на зарэз, як ягнё, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго, так і Ён не адкрыў вуснаў сваіх. У пакоры сваёй быў асуджаны; і хто раскажа пра ягоны род? Бо забіраюць з зямлі жыццё Ягонае.

Еўнух спытаўся ў Філіпа: Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага? Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, прапаведаваў яму Езуса.

Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады, і еўнух сказаў: Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца? А Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца — можна. Той адказаў яму: Веру, што Езус Хрыстус ёсць Сынам Божым. І загадаў спыніць павозку. І сышлі абодва, Філіп з еўнухам, у ваду. І ахрысціў яго.

Калі яны выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа. І еўнух ужо больш не бачыў яго. І працягваў шлях свой, радуючыся. А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.

Гэта слова Божае.

Чацвер — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 32, 7–14
Пашкадуй і не рабі зла народу Твайму

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Пан сказаў Майсею: Хутчэй ідзі ўніз, бо зграшыў твой народ, які ты вывеў з егіпецкай зямлі. Хутка адвярнуліся яны ад шляху, які Я ім наказаў, і зрабілі сабе адлітае цяля, і пакланіліся яму, і прынеслі яму ахвяры, кажучы: Вось бог твой, Ізраэль, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі.

І зноў сказаў Пан Майсею: Я бачу народ гэты: гэта народ з цвёрдым каркам. А цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх і каб Я павынішчаў іх. З цябе ж Я зраблю вялікі народ.

Аднак Майсей пачаў маліць Пана Бога свайго, кажучы: Чаму разгарэўся Твой гнеў на Твой народ, які Ты вывеў з егіпецкай зямлі вялікаю моцай і магутнаю рукою? Навошта, каб егіпцяне казалі: На зло вывеў іх, каб пазабіваць у гарах і сцерці з аблічча зямлі. Адхілі полымя гневу Твайго, пашкадуй і не рабі зла народу Твайму. Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, якім Ты пакляўся самім сабою, кажучы: Памножу ваша патомства, як зоркі нябесныя; і ўсю гэту зямлю, пра якую казаў Я, дам нашчадкам вашым у вечную спадчыну.

І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму.

Гэта слова Божае.

Чацвер — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 27–33
І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі слугі прывялі Апосталаў на месца пасяджэнняў, першасвятар спытаўся ў іх: Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві гэтага Чалавека.

Пётр і Апосталы адказалі: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.

Калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

Гэта слова Божае.

Чацвер — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 4, 1–11
Разбілі Ізраэль, і захоплены быў каўчэг запавету

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Сталася ў тыя дні:

Філістымляне сабраліся на вайну супраць Ізраэля. Ізраэль таксама вырушыў на бітву супраць філістымлянаў. І размясцілі стан каля Абэнэцэра. Тымчасам філістымляне прыбылі ў Афэк і выстраіліся супраць Ізраэля. І разгарнулася бітва, і быў разбіты Ізраэль філістымлянамі, якія забілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

Калі вярнуліся людзі ў лагер, старэйшыя Ізраэля казалі: Чаму Пан дазволіў разбіць нас сёння перад філістымлянамі? Возьмем да сябе з Сілома каўчэг запавету Пана, каб ішоў сярод нас і вызваліў нас ад рукі непрыяцеляў нашых. І паслаў народ у Сілом, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Пана Магуццяў, які сядзіць на Хэрубінах. І былі з каўчэгам запавету Пана два сыны Элія, Офні і Фінхас.

Калі прынеслі каўчэг запавету Пана ў стан, увесь Ізраэль ўзняў вялікі крык і задрыжэла зямля. І пачулі філістымляне шум крыку, і казалі: Што гэта за шум моцнага крыку ў лагеры габрэяў? І даведаліся, што каўчэг запавету прыбыў у стан. І спалохаліся філістымляне, кажучы: Бог наведаў стан! І бедавалі са словамі: Гора нам! Бо не здаралася такога ні ўчора, ні яшчэ раней. Гора нам! Хто ж выратуе нас ад рукі гэтых магутных багоў? Гэта багі, якія спаслалі на Егіпет ўсялякую пошасць у пустыні. Мацуйцеся і будзьце мужнымі, філістымляне, каб не служыць габрэям, як і яны служылі нам. Будзьце адважнымі і змагайцеся.

І змагаліся філістымляне, і разбілі Ізраэль, і кожны ўцякаў да палаткі сваёй. І параза іх была вельмі вялікая: з ізраэльцян палегла трыццаць тысяч пяхоты. І захоплены быў каўчэг запавету, а два сыны Элія, Офні і Фінхас, загінулі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — Першы тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 26, 1–6
Няхай увойдзе народ справядлівы

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень заспяваюць гэтую песню
ў зямлі Юдэйскай:
У нас моцны горад;
Ён даў нам муры і вал для абароны.
Адчыніце брамы!
Няхай увойдзе народ справядлівы,
які захоўвае вернасць.
Моцнага духам Ты захоўваеш у глыбокім спакоі,
бо ён спадзяецца на Цябе.
Спадзявайцеся на Пана заўсёды,
бо Пан ёсць вечная Скала!
Бо Ён прынізіў тых,
хто жыве на вышыні,
высока ўзняты горад зваліў,
зваліў яго на зямлю,
скінуў яго ў пыл.
Топчуць яго ногі, ногі прыгнечаных і ступні бедных.

Гэта слова Божае.

Чацвер — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 3, 13-20
Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей пачуў з сярэдзіны куста голас Пана і сказаў Яму: Вось я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас.

І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі і гэта напамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне.

Ідзі, збяры старэйшых Ізраэля і скажы ім: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба, аб’явіўся мне і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбываецца з вамі ў Егіпце. І сказаў: Я выведу вас з прыгнёту егіпецкага ў зямлю хананейцаў, хетэяў, амарэяў, фэрэзеяў, хевеяў і евусеяў – у зямлю, якая сочыцца малаком і мёдам. І яны паслухаюць твой голас, і ты разам са старэйшынамі Ізраэля пойдзеш да караля Егіпта і скажаш Яму: Пан, Бог габрэяў, сустрэўся з намі. А цяпер дазволь нам пайсці ў пустыню на тры дні хадзьбы, каб прынесці ахвяру Пану Богу нашаму.

Але Я ведаю, што кароль Егіпта не дазволіць вам пайсці, калі не будзе змушаны магутнаю рукою. Таму Я працягну сваю руку і ўдару Егіпет усімі цудамі сваімі, якія ўчыню сярод іх. Пасля гэтага ён адпусціць вас.

Гэта слова Божае.

Чацвер — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 26, 7–9. 12. 16–19
Абудзіцеся і ўзрадуйцеся вы, што спачываеце ў пыле

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Шлях справядлівага просты;
Ты робіш простай дарогу яго.
І на шляху Тваіх судоў, Пане, мы спадзяёмся на Цябе.
Наша душа жадае імені Твайго і ўспаміну пра Цябе.
Мая душа імкнецца да Цябе ўначы,
мой дух унутры мяне Цябе шукае.
Калі Твае суды здзяйсняюцца над зямлёю,
жыхары свету вучацца справядлівасці.
Пане, Ты дорыш нам спакой,
бо ўсе нашыя справы Ты зрабіў для нас.
Пане, яны шукалі Цябе ў нядолі,
пралівалі малітву, калі пакаранне Тваё было над імі.
Як цяжарная пры набліжэнні родаў
курчыцца ад болю і крычыць,
так мы былі перад Тваім абліччам, Пане.
Мы зачалі і курчыліся ад болю,
быццам нараджалі;
толькі духа збаўлення не прынеслі зямлі
і не нарадзіліся жыхары сусвету.
Ажывуць памерлыя Твае, уваскрэснуць іхнія мёртвыя целы.
Абудзіцеся і ўзрадуйцеся вы, што спачываеце ў пыле,
бо Твая раса — гэта раса святла,
і зямля выдасць памерлых.

Гэта слова Божае.

Чацвер — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 2, 18–25
Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн

Чытанне кнігі Быцця.

Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу. Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх. І як Адам назваў кожную жывую істоту, такім і было яе імя. І назваў Адам імёнамі сваімі ўсякую жывёлу, птушак нябесных і ўсякіх звяроў палявых, але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі. Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам.

І былі абодва голыя, Адам і жонка ягоная, але не саромеліся.

Гэта слова Божае.

Чацвер — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 11, 4–13
За тое, што ты не захаваў Майго запавету, Я забяру ў цябе каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

Калі Саламон састарэў, жонкі ягоныя схілілі сэрца яго да чужых багоў, і сэрца ягонае не было цалкам з Панам Богам, як сэрца яго бацькі Давіда. Пайшоў Саламон за Астартай, багіняй сідонскай, і Мільхомам, ідалам аманітаў. І рабіў Саламон благое ў вачах Пана, і не ішоў поўнасцю за Панам, як ягоны бацька Давід. І збудаваў Саламон капішча Хамосу, ідалу маабскаму, на гары, на ўсход ад Ерузалема, і Мільхому, ідалу аманітаў. Так зрабіў ён для ўсіх сваіх чужаземных жонак, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.

І разгневаўся Пан на Саламона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад Пана, Бога Ізраэля, які двойчы з’яўляўся яму і наказаў яму, каб ён не ішоў за іншымі багамі. Але ён не захаваў таго, што наказаў яму Пан. Тады Пан сказаў Саламону: За тое, што ты так зрабіў і не захаваў Майго запавету і Маіх пастановаў, якія Я даў табе, Я забяру ў цябе каралеўства і аддам яго твайму слузе. Аднак дзеля бацькі твайго Давіда Я не зраблю гэтага пры тваім жыцці, але вырву яго з рук твайго сына. Не адыму ўсяго каралеўства, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерузалема, які Я выбраў.

Гэта слова Божае.

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"