Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Чацвер — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 20, 1-13
Пацякло мноства вады

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Сыны Ізраэля і ўвесь сход прыйшлі на пустыню Сін у першым месяцы, і народ заставаўся ў Кадэшы. І там памерла Мірыям, і была там пахавана.

І не было там вады для супольнасці, таму яны сабраліся супраць Майсея і Аарона. Людзі сварыліся з Майсеем, кажучы: Няхай бы мы таксама памерлі, калі паміралі браты нашы перад абліччам Пана. Навошта вы прывялі сход Пана ў пустыню, каб мы памерлі разам з жывёламі нашымі? Навошта вы прымусілі нас пакінуць Егіпет, каб прыйсці ў гэтае нягоднае месца, дзе нельга сеяць, дзе не растуць ні смоквы, ні вінаград, ні яблыкі гранату, тут няма нават вады для піцця?

Пакінуўшы супольнасць, Майсей з Ааронам адышлі да ўваходу ў шацёр спаткання і ўпалі ніцма на зямлю, і з’явілася над імі слава Пана. І Пан прамовіў да Майсея, кажучы: Вазьмі жазло і збяры супольнасць, ты і Аарон, брат твой, і ў іх прысутнасці скажыце скале, і яна выдасць з сябе ваду. Так ты здабудзеш ім ваду і дасі піць сходу і жывёлам іхнім.

І ўзяў Майсей жазло перад абліччам Пана, як Ён загадаў яму. І сабраў Майсей з Ааронам народ перад скалою, і сказаў ім: Слухайце, бунтаўнікі! Ці мы здабудзем для вас ваду са скалы гэтай? Тады Майсей узняў сваю руку і двойчы ўдарыў у скалу жазлом. І пацякло мноства вады, і напілася ўся супольнасць і жывёла іхняя.

А Пан сказаў Майсею і Аарону: За тое, што вы не паверылі ў Мяне, каб асвяціць Мяне ў вачах сыноў Ізраэля, не вы ўвядзеце гэтую супольнасць ў святую зямлю, якую дам ім. Гэта воды Мэрыбы, дзе сыны Ізраэля спрачаліся з Панам, і Ён паказаў сярод іх сваю святасць.

Гэта слова Божае.

Чацвер — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 31–34
Устанаўлю новы запавет і грахоў не буду ўспамінаць

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан.

Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дванаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 24, 8-17
Ехонію і ўсё адважнае войска вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

Васемнаццаць гадоў было Ехоніі, калі стаў каралём. Ён валадарыў у Ерузалеме тры месяцы. Маці ягоную звалі Нэхушта, была яна дачкой Эльнафана з Ерузалема. І рабіў Ехонія благое ў вачах Пана ва ўсім, як айцец ягоны.

У той час падступіліся слугі Навухаданосара, караля бабілёнскага, да Ерузалема, і трапіў горад у аблогу. Прыйшоў Навухаданосар, кароль бабілёнскі, да горада, калі слугі ягоныя акружылі яго.

І выйшаў Ехонія, кароль юдэйскі, да караля бабілёнскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і кіраўнікі ягоныя, і еўнухі ягоныя. І захапіў яго кароль бабілёнскі на восьмым годзе свайго панавання. Вывез адтуль усе скарбы дома Пана і скарбы каралеўскага дома. Паламаў увесь залаты посуд, які Саламон, кароль ізраэльскі, зрабіў у святыні Пана, як сказаў Пан. Перасяліў увесь Ерузалем, і ўсіх кіраўнікоў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі. І перасяліў ён Ехонію ў Бабілён. І маці караля, і жонак караля, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў у няволю з Ерузалема ў Бабілён.

Усё войска, сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён. А каралём зрабіў бабілёнскі кароль Матанію, дзядзьку Ехоніі, замест яго, і замяніў імя ягонае на Сэдэкію.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 11, 29-39а
Ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з дому

Чытанне кнігі Суддзяў.

У тыя дні:

Дух Пана быў над Ефтаем, і ён прайшоў зямлю Гілеада і Манасэса, і прайшоў гілеадскую Міцпу, а з гілеадскай Міцпы рушыў супраць аманіцянаў. Ефтай пакляўся Пану, кажучы: Калі Ты аддасі аманіцянаў у мае рукі і я вярнуся з мірам ад аманіцянаў, тады ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з варотаў майго дому.

І прыйшоў Ефтай да аманіцянаў, каб ваяваць з імі, і Пан аддаў іх у рукі ягоныя. І ён нанёс ім вельмі вялікае паражэнне, пачынаючы ад Араэра аж да ўваходу ў Мініт, дваццаць гарадоў да Абэль-Харміна. І аманіцяне скарыліся перад сынамі Ізраэля.

А калі Ефтай вяртаўся да свайго дому ў Міцпу, выйшла яму насустрач адзіная дачка ягоная з бубнамі і танцамі. І не было ў яго іншых дзяцей. Убачыўшы яе, Ефтай разарваў шаты свае і сказаў: Гора мне, дачка мая, якое няшчасце ты спаслала на мяне! Ты пазбавіла мяне спакою! Бо я пакляўся перад Панам і не змагу ўчыніць інакш.

Яна адказала яму: Ойча мой, калі ты пакляўся перад Панам, то рабі са мной тое, што паабяцаў, таму што Пан дазволіў табе адпомсціць тваім ворагам, аманіцянам. І сказала бацьку: Дазволь мне папрасіць толькі аб адным: адпусці мяне на два месяцы падняцца ў горы, каб аплакаць маё дзявоцтва з маімі сяброўкамі. Ён адказаў: Ідзі, – і адпусціў яе на два месяцы. Яна пайшла з сяброўкамі сваімі і аплаквала ў гарах сваё дзявоцтва разам са сваімі сяброўкамі.

Калі ж мінула два месяцы, яна вярнулася да свайго бацькі, і ён зрабіў з ёю так, як пакляўся.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 36, 23–28
Дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

Я асвячу вялікае імя Маё, зняслаўленае сярод народаў, у якіх вы зганьбілі яго, і даведаюцца народы, што Я — Пан, — кажа Пан Бог, — калі Мая святасць праявіцца ў вас перад вачыма іхнімі. I Я вазьму вас з народаў, і збяру з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую. I акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад ўсяго бруду вашага, і ад ўсіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх. I будзеце жыць на зямлі, якую Я даў айцам вашым, і будзеце народам Маім, а Я буду вашым Богам.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 3, 21–29
Чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Цяпер незалежна ад Закону з’явілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і прарокі. Справядлівасць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, хто верыць, таму што няма розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго Бог устанавіў у моцы Ягонай крыві як уміласціўленне праз веру, каб паказаць справядлівасць Яго ў адпушчэнні грахоў, учыненых раней — у час доўгацярплівасці Божай — каб выявіць справядлівасць Ягоную ў цяперашні час, каб з’явіўся Ён справядлівым і апраўдаў таго, хто верыць у Езуса.

Дык дзе ж пахвала? Адкінута. Якім законам? Законам учынкаў? Не, але законам веры. Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону. Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў, таму што адзін ёсць Бог.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 1–10
Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–21
Каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім, або пра што думаем, Яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 9–14
Вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

З таго дня, калі пачулі пра вас, мы няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Божай ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога; каб вы умацоўваліся ўсёю сілаю паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. Мы з радасцю дзякуем Богу і Айцу, які паклікаў вас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 3, 18–23
Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым ў гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. Бо мудрасць гэтага свету — глупства ў Бога. Таму што напісана: Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй. І яшчэ: Пан ведае думкі мудрых і тое, што яны марныя.

Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 3, 7–13
Няхай Пан перапоўніць вас любоўю адзін да аднаго

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.

Ва ўсёй патрэбе і ўціску нашым мы суцешыліся за вас, браты, дзеля веры вашай. Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану. Якую ж падзяку можам аддаць Богу за ўсю радасць, якою цешымся з вас перад Богам нашым, калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць аблічча вашае і выправіць недахопы веры вашай?

Сам Бог і Айцец і наш Пан Езус няхай скіруе да вас шлях наш. А вас няхай памножыць Пан і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 1–9
У Ім вы ўзбагаціліся ўсім

Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн — Касцёлу Божаму ў Карынце, тым, хто асвячаны ў Хрысце Езусе, пакліканым святым разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага.

Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 1–9
У Ім вы ўзбагаціліся ўсім

Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн — Касцёлу Божаму ў Карынце, тым, хто асвячаны ў Хрысце Езусе, пакліканым святым разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага.

Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Аг 1, 1–8
Будуйце дом, каб Я знайшоў у ім упадабанне

Пачатак кнігі прарока Агея.

У другі год панавання караля Дарыя, у першы дзень шостага месяца, Пан скіраваў сваё слова праз прарока Агея да кіраўніка Юдэі Зарабабэля, сына Салятыэля, і да першасвятара Езуса, сына Егацадака.

Так кажа Пан Магуццяў: Народ гэты гаворыць: яшчэ не надышоў час будаваць дом Пана.

Таму Пан скіраваў гэта слова праз прарока Агея: Ці вам самім надышоў час жыць у абкладзеных плітамі дамах, калі гэты дом у спусташэнні? І таму так кажа Пан Магуццяў: Звярніце вашыя сэрцы на шляхі вашыя. Вы сееце шмат, а збіраеце мала; ясце, але вам не досыць; п’яце, але не наталяеце смагі; апранаецеся, але вам не цёпла; а хто зарабляе плату, зарабляе, каб пакласці ў дзіравую торбу. Таму так кажа Пан Магуццяў: Звярніце вашыя сэрцы на шляхі вашыя. Падыміцеся на гару, насіце дрэва і будуйце дом, каб Я знайшоў у ім упадабанне і праславіўся, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 1, 2–11
Нічога новага пад сонцам

Чытанне кнігі Эклезіяста.

Марнасць марнасцяў, — кажа Эклезіяст, — марнасць марнасцяў і ўсё марнасць. Якая карысць чалавеку з усёй яго працы, што робіць пад сонцам? Пакаленне мінае, пакаленне прыходзіць, але зямля трывае навекі. Сонца ўзыходзіць, сонца заходзіць і спяшаецца да свайго месца, дзе ўзышло. Вецер вее на поўдзень і вяртаецца на поўнач, няспынна дзьме вакол, вяртаючыся на свае колы. Усе рэкі цякуць да мора, але мора не перапаўняецца; да месца, адкуль цякуць, зноў вяртаюцца рэкі.

Усе рэчы цяжкія, і ніхто не можа выказаць гэтага; вока не насыціцца ўбачаным, вуха не напоўніцца пачутым. Што было, тое зноў будзе; а што паўстала, тое зноў узнікне: няма нічога новага пад сонцам. Бывае нешта, аб чым кажуць: Глядзі, новае штосьці! Аднак гэта існавала ад вякоў, што перад намі былі. Няма памяці аб мінулым, і будучае не застанецца ў памяці тых, хто прыйдзе пасля.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 13 — 20а
Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Дзёрзкія супраць Мяне словы вашыя, — кажа Пан. А вы пытаеце: Што мы кажам супраць Цябе? Вы гаворыце: Марная справа — служыць Богу. Бо якая карысць, што мы захоўвалі Яго наказы і хадзілі ў жалобе перад Панам Магуццяў? А цяпер мы называем шчаслівымі ганарлівых, і тыя, хто чыніць беззаконне, уладкоўваюцца ды выпрабоўваюць Бога, і ўцякаюць. Так казалі адзін аднаму тыя, хто баіцца Бога. Але Пан прыслухаўся і пачуў, і была напісана перад Ім кніга ўспамінаў пра тых, хто баіцца Пана і ўшаноўвае Ягонае імя.

І яны будуць Мае, — кажа Пан Магуццяў, — Маёй уласнасцю ў дзень, які Я ўчыню. І буду літасцівы да іх, як літасцівы чалавек да сына свайго, які служыць яму. І тады зноў убачыце розніцу паміж справядлівым і бязбожным, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто не служыць Яму.

Бо вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ; тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, — кажа Пан Магуццяў, — так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 1–5
Ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз настаўленне ў веры?

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

О, неразумныя галаты, хто зачараваў вас, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз Езуса Хрыста ўкрыжаванага? Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры? Ці вы такія неразумныя, каб пачатае духам завяршаць цяпер целам? Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі цуды, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць адносна веры?

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 3, 12-17
Апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.

А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.

Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 8, 1b–7. 11–13
Калі вы раніце слабое сумленне братоў, вы грашыце супраць Хрыста

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе. Калі камусьці здаецца, што ён спазнаў нешта, ён яшчэ не спазнаў, як трэба спазнаць. Але калі хто любіць Бога, таго Ён спазнаў.

Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго. Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў, то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога паходзіць усё і мы існуём для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы існуём праз Яго.

Але не ва ўсіх гэтае пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.

Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус. Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце слабое сумленне іхняе, вы грашыце супраць Хрыста. Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не прывёў брата да граху.

Гэта слова Божае.

Чацвер — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзенью, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 4, 12-16
Зважай на сябе і на навучанне: і самога сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці.

Пакуль не прыйду, звяртай увагу на чытанне, заахвочванне і навучанне. Не пераставай клапаціцца аб дары, які ёсць ў табе і які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук прэзбітэраў. Аб гэтым клапаціся, гэтаму сябе прысвячай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх. Зважай на сябе і на навучанне, трывай у гэтым, бо, робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае.

Гэта слова Божае.

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.