Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Аўторак — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 32, 23-33 
Будзеш звацца Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Якуб падняўся ўначы, узяў дзвюх сваіх жонак, дзвюх служанак і адзінаццаць дзяцей сваіх і пераправіўся бродам праз Яббок. Узяўшы і перавёўшы іх праз паток, ён пераправіў таксама ўсё, што яму належала, і застаўся адзін.

І вось нейкі муж змагаўся з ім аж да раніцы. А калі ўбачыў, што не можа перамагчы Якуба, дакрануўся да сустава сцягна ягонага, і адразу звіхнуўся сустаў сцягна Якуба падчас змагання. І сказаў муж: Адпусці мяне, бо ўжо світае. Але Якуб адказаў: Не адпушчу, калі ты не благаславіш мяне. Той сказаў яму: Як цябе зваць? Ён адказаў: Якуб. Тады муж сказаў: Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог! Якуб спытаўся ў яго: Прашу цябе, назаві сваё імя. Той адказаў: Чаму пытаешся пра маё імя? І благаславіў яго там. Якуб жа даў гэтаму месцу назву Пэнуэль, кажучы: Я бачыў Бога тварам ў твар, і застаўся жывым.

І ўзышло сонца над ім, калі ён пераходзіў праз Пэнуэль. І ён кульгаў на сцягно. З гэтай прычыны сыны Ізраэля аж да сённяшяга дня не спажываюць жылы, якая ў суставе сцягна, таму што Якуб быў крануты ў жылу сцягна.

Гэта слова Божае.

Аўторак — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 8, 4–7. 11–13
Яны пасеюць вецер, а пажнуць буру

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Паставілі ў Ізраэлі каралёў, але не ад Мяне;
паставілі кіраўнікоў, і Я не ведаў:
са срэбра свайго і золата свайго
зрабілі для сябе ідалаў на згубу.
Я адкідаю цяльца твайго, Самарыя.
Распаліўся гнеў Мой на цябе.
Дакуль яшчэ не змогуць ачысціцца
сыны Ізраэля.
Цяльца зрабіў рамеснік,
і ён не Бог.
Але разаб’ецца на кавалкі
самарыйскі цялец.
Яны пасеюць вецер,
а пажнуць буру.
Збожжа без каласоў
не дасць мукі.
А калі нават і ўродзіць,
чужынцы ўсё з’ядуць.
Таму што Эфраім памножыў алтары для грэху,
і яны сталі для яго ахвярнікамі граху.
Я напісаў яму свае шматлікія законы,
але яны палічылі іх чымсьці чужым.
Яны любяць ахвяры,
рэжуць ахвярнае мяса і спажываюць,
але Пану не падабаецца гэта.
Цяпер Ён узгадае пра несправядлівасць іх
і пакарае за іхнія грахі:
яны вернуцца ў Егіпет.

Гэта слова Божае.

Аўторак — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 18, 9–10. 14b. 24–25а. 31—19, 3
Сыне мой, Абсалом, няхай бы я памёр замест цябе

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Здарылася, што Абсалом, які ехаў на муле, нечакана сутыкнуўся са слугамі Давіда. Калі мул уцёк пад галлё вялікага густога дубу, Абсалом зачапіўся галавою за дуб і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, на якім сядзеў, пабег далей. Убачыў гэта нейкі чалавек і сказаў Ёаву: Бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе. І ўзяў Ёаў у рукі свае тры дзіды, і ўсадзіў іх у сэрца Абсалома.

Тым часам Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі. А стражнік хадзіў па тэрасе брамы над мурам. Узняўшы вочы свае, ён убачыў, што бяжыць нейкі чалавек. Стражнік крыкнуў і паведаміў каралю.

Тады з’явіўся Кушыта і, уваходзячы, сказаў: Добрую навіну прыношу, гаспадар і кароль мой, бо сёння Пан рассудзіў на тваю карысць, вызваліўшы цябе ад рук усіх, хто паўставаў супраць цябе. Кароль спытаўся ў Кушыты: Ці добра ўсё з маладым Абсаломам? Кушыта сказаў яму ў адказ: Няхай з ворагамі гаспадара майго і караля, а таксама з усімі, хто паўстаў супраць яго, будзе тое самае, што і з юнаком.

Кароль затрымцеў і, падняўшыся ў пакой над брамай, заплакаў. А калі ішоў, так казаў: Сыне мой, Абсалом, сыне мой, Абсалом, сыне мой. Няхай бы я памёр замест цябе. Сыне мой, Абсалом, сыне мой.

І сказалі Ёаву: Кароль галосіць і плача па Абсалому. І ў той дзень перамога абярнулася ў жалобу ўсяго народа. Бо народ пачуў у той дзень, што казалі: Кароль плача па сваім сыне.

Гэта слова Божае.

Аўторак — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 14, 21 – 15,1а
Сыны Ізраэля прайшлі па сушы сярод мора

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Калі Майсей працягнуў руку да мора, Пан гнаў мора моцным усходнім ветрам усю ноч і ператварыў у сушу, і раздзялілася вада. І пайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сушы; вада была для іх сцяною з правага і з левага боку. І пагналіся егіпцяне, і ўвайшла за імі ў сярэдзіну мора ўся конніца фараона, калясніцы і вершнікі ягоныя. І вось на світанні Пан паглядзеў на войска егіпцян са слупа вогненнага і воблачнага, і прывёў у замяшанне войска іхняе. І падвярнуў колы калясніцаў, што ім цяжка было рухацца. І казалі егіпцяне: Уцякайма ад Ізраэля, бо Пан ваюе за іх супраць егіпцян.

Тады сказаў Пан Майсею: Працягні руку сваю да мора, каб павярнуліся воды да егіпцян, на калясніцы і вершнікаў іхніх. І калі Майсей працягнуў руку да мора, на самым світанні яно вярнулася на сваё месца, і бегла вада насустрач егіпцянам, якія ўцякалі, і патапіў іх Пан сярод хваляў. І вярнулася вада, і накрыла калясніцы і вершнікаў усяго войска фараона, якое ўвайшло за імі ў мора, і не засталося ніводнага з іх. А сыны Ізраэля прайшлі па сушы сярод мора, і вада стаяла каля іх сцяною з левага і з правага боку.

І ў той дзень вызваліў Пан Ізраэль з рук егіпецкіх. І ўбачылі ізраэльцяне мёртвых егіпцян на беразе мора. Убачылі моцную руку, якую Пан узняў супраць егіпцян. Спалохаўся народ Пана і паверыў Пану і Майсею, слузе Ягонаму.

Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі песню Пану:

Не гаворыцца: Гэта слова Божае.

Аўторак — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 7, 14–15. 18–20
Кіне ў марскія глыбіні ўсе нашыя грахі

Чытанне кнігі прарока Міхея.

Пасві народ Твой, Пане, кіем Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць адны ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у ранейшыя часы. Як у дні выйсця Твайго з зямлі егіпецкай, пакажы нам цуды.

Які ёсць Бог, падобны да Цябе; які прабачае беззаконні і даруе правіны рэшты спадчыны сваёй? Ён не захоўвае навекі гнеў свой, бо ў міласэрнасці ўпадабанне Яго.

Ён зноў злітуецца над намі, сатрэ нашыя беззаконні і кіне ў марскія глыбіні ўсе нашыя грахі. Ты захаваеш вернасць Якубу, праявіш міласэрнасць да Абрагама, як пакляўся бацькам нашым у даўнія часы.

Гэта слова Божае.

Аўторак — шосты звычайны тыдзень, год І

 ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 6, 5–8; 7, 1–5. 10
Сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў

Чытанне кнігі Быцця.

Убачыў Пан, што вялікае зло людзей на зямлі і што ўсе задумы сэрцаў іхніх увесь час скіраваны толькі на зло. І пашкадаваў Пан, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуцілася Ягонае сэрца. І сказаў Пан: Я сатру з паверхні зямлі чалавека, якога стварыў; як чалавека, так і жывёл, паўзуноў і птушак нябесных, бо шкада Мне, што Я стварыў іх.

Толькі Ной знайшоў ласку ў вачах Пана. І Пан сказаў Ною: Увайдзі ты і ўвесь дом твой на каўчэг, бо Я ўбачыў, што адзін ты справядлівы перада Мною сярод гэтага пакалення. З усіх чыстых жывёл вазьмі па сем пар самцоў і самак; з нячыстых жывёл — па дзве пары самцоў і самак. А з птушак нябесных — па сем пар самцоў і самак, каб захавалася іх патомства для ўсёй зямлі. Бо праз сем дзён Я спашлю на зямлю дождж на сорак дзён і сорак начэй, і сатру з паверхні зямлі кожную жывую істоту, якую стварыў Я.

Ной зрабіў усё, што загадаў яму Пан. І праз сем дзён воды патопу хлынулі на зямлю.

Гэта слова Божае.

Аўторак — шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 1, 12–18
Сам Бог нікога не спакушае

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.

Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. А потым пажадлівасць зачне і народзіць грэх, а калі грэх пасталее, ён прыносіць смерць.

Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты. Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены. Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.

Гэта слова Божае.

Аўторак I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕГбр 2, 5–12 
Належала ўчыніць дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Не анёлам Бог падпарадкаваў будучы свет, пра які мы кажам. Наадварот, хтосьці засведчыў недзе, кажучы: Чым ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты клапоцішся аб ім? Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў; славаю і пашанай увянчаў яго, усё паклаў пад ягоныя ногі.

Калі ж падпарадкаваў Яму ўсё, то не пакінуў нічога непадпарадкаваным Яму. Цяпер мы яшчэ не бачым, каб усё было падпарадкавана Яму, але мы бачым Езуса, які быў мала меншы ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю, бо спазнаў смерць, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваць смерці. Бо належала, каб той, дзеля якога ўсё і праз якога ўсё, які прывёў да славы многіх сыноў, учыніў дасканалым праз цярпенні правадыра збаўлення іхняга. Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. З гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы: Абвяшчу імя Тваё братам маім, сярод сходу праслаўлю Цябе.

Гэта слова Божае.

Аўторак II звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 6, 10–20
Гэтая надзея для нас, нібы якар душы, надзейны і моцны

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Бог не з’яўляецца несправядлівым, каб забыцца пра вашую працу і любоў, якую вы засведчылі ў імя Ягонае падчас мінулага і цяпершняга служэння святым. Таму жадаем, каб кожны з вас да канца засведчыў такую самую руплівасць у дачыненні да паўнаты надзеі, каб вы не разленаваліся, але наследавалі тых, хто праз веру і доўгацярплівасць атрымлівае ў спадчыну абяцанні. Бо, даўшы абяцанне Абрагаму, Бог не мог паклясціся нікім большым, і таму пакляўся самім сабою, кажучы: Сапраўды благаслаўлю цябе і памножу цябе. А паколькі той цярпліва чакаў, атрымаў абяцанае. Бо людзі клянуцца нечым большым, і заканчэнне кожнай сваёй спрэчкі яны падмацоўваюць клятвай.

Таму і Бог, жадаючы яшчэ больш выразна паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць сваёй волі, пацвердзіў яго клятвай, каб дзякуючы дзвюм нязменным рэчам, у якіх не можа Бог зманіць, мы, якія прыбеглі схапіцца за прапанаваную надзею, мелі цвёрдую заахвоту. Гэтая надзея для нас, нібы якар душы, надзейны і моцны, які пранікае ўнутр па-за заслону, куды як папярэднік увайшоў за нас Езус, навекі стаўшы Першасвятаром на ўзор Мельхізэдэка.

Гэта слова Божае.

Аўторак III звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 10, 1–10
Вось іду, каб выканаць волю Тваю, Божа

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Закон мае цень будучых дабротаў, але не сам вобраз справаў. Таму адныя і тыя ж ахвяры, якія заўсёды прыносяцца штогод, ніколі не могуць зрабіць дасканалымі тых, хто прыходзіць з імі. Бо ці не перасталі б яны прыносіць ахвяры, калі б тыя, хто ахвяруе, былі ачышчаны раз і назаўсёды і не ўсведамлялі больш ніякіх грахоў. Але ў гэтых ахвярах — штогадовы напамін пра грахі, бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі.

Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне. Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе. Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа.

Перад гэтым Ён сказаў: Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх, якія прыносяцца паводле Закону, Ты не захацеў і не ўпадабаў. Пасля Ён сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю. Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

Аўторак IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 1–4
Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону.

Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх і не аслаблі. Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху.

Гэта слова Божае.

Аўторак XXVII звычайнага тыдня, год ІІ (без разважанняў)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 1, 13–24
Пажадаў аб'явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з целам і крывёю і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, якія былі маімі папярэднікамі, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён. Нікога іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана. У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны. Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста, яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі знішчаў. І праслаўлялі Бога за мяне.

Гэта слова Божае.

Аўторак XXVIIІ звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 5, 1–6
Не мае моцы абразанне, але вера, якая дзейнічае праз любоў

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Дзеля свабоды Хрыстус вызваліў вас, таму трывайце і не паддавайцеся ярму рабства. Вось я, Павел, кажу вам: калі вы абразаецеся, не будзе вам ніякай карысці ад Хрыста. Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь Закон. Вы, што апраўдваеце сябе Законам, адарваліся ад Хрыста і пазбавіліся ласкі. Мы ж у духу і праз веру чакаем надзеі справядлівасці. Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.

Гэта слова Божае.

Аўторак XXXII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 14–19 
Прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго залаты вянок, а ў руцэ ягонай востры серп. І выйшаў другі Анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела. Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была пажата.

І другі Анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. І іншы Анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: Пашлі востры серп твой і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо саспелі яго ягады. І кінуў Анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаграград на зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 96 (95), 10. 11–12. 13 (Р.: 13b)

Рэфрэн: Пан прыходзіць судзіць зямлю.

10. Кажыце між плямёнамі: *
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:

11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
12. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.

Рэфрэн:

13. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ап 2, 10c

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Будзь верны аж да смерці, — кажа Пан, —
і Я дам табе вянок жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 5–11
Не застанецца камня на камяні

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», — і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Аўторак XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 3, 1–6. 14–22
Калі хто адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу сардыйскага Касцёла: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Богам маім.

Узгадай, што ты прыняў і чуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. Але ты маеш у Сардысе некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю яго імя перад Айцом Маім і перад Анёламі Ягонымі. Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа Касцёлам.

І напішы Анёлу лаадыкійскага Касцёла: Так кажа Амэн, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак стварэння Божага. Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы. Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы, – а не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам галечы тваёй. Бальзамам памаж вочы свае, каб бачыць. Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Гэта слова Божае.

Аўторак XXXIV звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 14–19 
Прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго залаты вянок, а ў руцэ ягонай востры серп. І выйшаў другі Анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела. Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была пажата.

І другі Анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. І іншы Анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: Пашлі востры серп твой і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо саспелі яго ягады. І кінуў Анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаграград на зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

Гэта слова Божае.

Аўторак у актаве Пасхі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 2, 36–41
Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У дзень Пяцідзесятніцы сказаў Пётр юдэям:

Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй.

Калі ж пачулі гэта, змягчэла сэрца іхняе і яны сказалі Пятру і астатнім апосталам: Што нам рабіць, браты? Сказаў ім Пётр: Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога. Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш.

І многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы:

Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення.

Тыя ж, хто прыняў слова ягонае, ахрысціліся. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч душ.

Гэта слова Божае.

Вялікі аўторак

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 49, 1–6
Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слухайце мяне, выспы,
прыслухайцеся вы, далёкія народы:
Пан паклікаў мяне з улоння маці,
з нутра яе назваў маё імя.
Зрабіў вусны мае, як востры меч,
схаваў мяне ў цені сваёй рукі.
Зрабіў мяне выбранай стралой,
схаваў мяне ў сваім калчане.
І сказаў мне: Ты слуга Мой,
Ізраэль, у табе Я праслаўлюся.
А я адказаў: Дарэмна я намагаўся,
марна і на пустое траціў сваю сілу.
Але Закон мой у Пана
і ўзнагарода мая ў Бога майго.
А цяпер кажа Пан,
які стварыў мяне ўжо ад улоння маці слугой сваім,
каб вярнуў для Яго Якуба
і сабраў для Яго Ізраэль.
І я праславіўся ў вачах Пана,
а мой Бог стаў маёй сілай.
Ён сказаў:
Таго мала, каб ты быў слугой Маім,
каб аднавіў патомства Якуба,
каб вярнуў рэшту Ізраэля.
Я зраблю цябе святлом народаў,
каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — VІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 16, 11–15
Пан адкрыў яе сэрца, каб яна зважала на словы Паўла

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракію, а на другі дзень у Неапаль, і адтуль у Філіппы, рымскую калонію, галоўны горад у той частцы Македоніі.

У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён. У суботні дзень выйшлі за браму да ракі, дзе звычайна адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.

І адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна зважала на словы Паўла. Калі ж яна ахрысцілася і дом яе, папрасіла, кажучы: Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў дом мой і заставайцеся. І прымусіла нас.

Гэта слова Божае.

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.