Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 1, 20 — 2, 4а
Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства

Чытанне кнігі Быцця.

І сказаў Бог: Няхай закішаць воды жывымі стварэннямі, і няхай птаства лётае над зямлёю, пад нябесным скляпеннем. І стварыў Бог вялікіх марскіх рыб і ўсялякае жывое стварэнне, што поўзае і кішыць у вадзе, паводле іхняга роду, і ўсялякае птаства крылатае, паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І благаславіў іх Бог, кажучы: Пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птаства няхай множыцца на зямлі.

І быў вечар, і была раніца, дзень пяты.

І сказаў Бог: Няхай зямля выдасць жывыя стварэнні паводле роду свайго: жывёлу, паўзуноў і дзікіх звяроў паводле роду свайго! І так сталася. І стварыў Бог дзікіх звяроў паводле іх роду, жывёл, паводле іх роду, і ўсіх зямных паўзуноў, паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.

І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася.

І ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.

І быў вечар, і была раніца, дзень шосты.

Так былі завершаны нябёсы і зямля, і ўсё іхняе войска. І скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў.

І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння.

Вось паходжанне неба і зямлі, так яны былі створаны.

Гэта слова Божае.

Аўторак — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 8, 22–23. 27–30
Ты сказаў: Маё імя будзе там... Пачуй просьбу слугі Твайго і народа Твайго, Ізраэля

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Саламон стаў перад ахвярнікам Пана, перад усім сходам Ізраэля, узняў рукі да неба і сказаў: Пане, Божа Ізраэля. Няма такога Бога, як Ты, ні ўверсе ў нябёсах, ні ўнізе на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад Табою ўсім сваім сэрцам.

Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Бо калі нябёсы і неба нябёсаў не могуць змясціць Цябе, тым больш гэты дом, які я пабудаваў Табе. Але пагдзядзі, Пане мой Божа, на малітву слугі Твайго і на яго просьбу. Пачуй крык і малітву, якою слуга Твой моліць Цябе сёння. Няхай уначы і ўдзень вочы Твае глядзяць на гэтую святыню і на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: Маё імя будзе там, — каб пачуць малітву, якою будзе маліцца слуга Твой на гэтым месцы.

Пачуй просьбу слугі Твайго і народу Твайго, Ізраэля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы. Ты слухай на месцы Твайго прабывання ў нябёсах, пачуй і прабач.

Гэта слова Божае.

Аўторак — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 2, 1–11
Падрыхтуй сваю душу да выпрабавання

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Сыне, калі збіраешся служыць Пану,
падрыхтуй сваю душу да выпрабавання.
Зрабі шчырым сэрца сваё і будзь трывалы,
не губляй раўнавагі ў час нядолі.
Прыхіліся да Пана і не адступайся,
каб узвялічаным быць напрыканцы сваіх дзён.
Прымай усё, што цябе спасцігае,
а ў зменлівы час прыніжэння твайго будзь цярплівы.
Бо золата выпрабоўваюць ў агні,
а людзей, прыемных Пану, — у гарніле прыніжэння.
Вер Яму, і Ён падтрымае цябе;
выпрастай шляхі свае і спадзявайся на Яго.
Вы, што баіцеся Пана, чакайце міласэрнасці Яго
і не адхіляйцеся, каб вам не ўпасці.
Вы, што баіцеся Пана, паверце Яму,
і не прападзе вашая ўзнагарода.
Вы, што баіцеся Пана, спадзявайцеся на дабро,
на вечную радасць і міласэрнасць.
Паглядзіце на даўнія пакаленні і ўбачце:
хіба зведаў сорам той, хто верыў у Пана?
Хіба застаўся пакінутым той, хто трываў у боязі Пана?
Хіба пагардзіў Пан хоць некім, хто заклікаў Яго?
Бо Пан літасцівы і міласэрны,
Ён адпускае грахі і ратуе ў час нядолі.

Гэта слова Божае.

Аўторак — сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 4, 1–10
Просіце, і не атрымліваеце, таму што блага просіце

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Умілаваныя:

Адкуль сваркі і змаганні сярод вас? Хіба не з пажадлівасцяў, якія ваююць у частках вашых? Жадаеце, а не маеце; забіваеце і зайдросціце, а не можаце дасягнуць; змагаецеся і ваюеце. Не маеце, таму што не просіце; просіце, і не атрымліваеце, таму што блага просіце, каб растраціць на пажадлівасці свае.

Чужаложнікі, ці не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам — гэта варожасць з Богам? Таму калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога. Ці вы лічыце, што Пісанне дарэмна кажа: Да зайздрасці прагне дух, які жыве ў нас? Але яшчэ большую дае ласку, таму і сказана: Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку.

Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. Наблізьцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, крывадушнікі. Галасіце, смуткуйце і плачце. Няхай смех ваш абернецца ў смутак, а радасць вашая — у сум. Прынізьцеся перад Панам, і Ён узвысіць вас.

Гэта слова Божае.

Аўторак — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 33, 7-11; 34, 5b-9. 28
Пан гаварыў з Майсеем тварам у твар

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей узяў шацёр і расцягнуў яго па-за лагерам, здалёк ад стана, і назваў яго шатром спаткання. І кожны, хто шукаў Пана, прыходзіў да шатра спаткання, які знаходзіўся па-за лагерам. Калі Майсей выходзіў да шатра, усе людзі ўставалі і кожны, стоячы каля ўваходу да сваёй палаткі, глядзеў услед Майсею, пакуль ён не ўвойдзе ў шацёр. Калі ж ён уваходзіў у шацёр, сыходзіў воблачны слуп і станавіўся пры ўваходзе. Пан гаварыў з Майсеем, а ўсе людзі бачылі воблачны слуп, што стаяў пры ўваходзе ў шацёр. І ўвесь народ уставаў, і кожны кланяўся пры ўваходзе да сваёй палаткі. А Пан гаварыў з Майсеем тварам ў твар, як чалавек звычайна размаўляе з сябрам сваім. Пасля Майсей вяртаўся ў лагер, але ягоны слуга Езус, сын Навіна, не выходзіў з шатра.

Калі Пан сышоў у воблаку, Майсей стаў паблізу Яго і абвясціў імя Пана. І прайшоў Пан перад ім, і ўсклікнуў: Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы, які захоўвае міласэрнасць на тысячы пакаленняў, які даруе беззаконне, злачынства і грэх, але нічога не пакідае беспакараным і за беззаконне айцоў карае дзяцей і ўнукаў да трэцяга і чацвёртага пакалення.

Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся Богу, і сказаў: Калі я знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, Пане, то няхай пройдзе Пан сярод нас, бо народ гэты з цвёрдым каркам. Даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй.

Так Майсей заставаўся там з Панам сорак дзён і сорак начэй. Не еў хлеба і не піў вады. І запісаў на табліцах словы запавету — Дзесяць Запаведзяў.

Гэта слова Божае.

Аўторак — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 14, 17–22
Памятай, не скасоўвай свой запавет з намі

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

З вачэй Маіх удзень і ўночы льюцца слёзы і не сціхаюць, бо вялікім ударам будзе зломлена дзева, дачка Майго народа, будзе вельмі аслаблена паражэннем. Калі выйду на поле — вось забітыя мячом. Калі ўвайду ў горад — вось замораныя голадам. Нават прарок і святар блукаюць па зямлі, не разумеючы нічога.

Ці Ты назаўсёды адкінуў Юду? Ці стаў агідным для Тваёй душы Сіён? Чаму Ты ўдарыў нас так, што нельга ўратавацца? Мы спадзяваліся на мір, але нічога добрага не выйшла, на час аздараўлення, але замест гэтага — жах.

Мы ведаем, Пане, наша беззаконне і несправядлівасць нашых айцоў, бо зграшылі супраць Цябе. Дзеля імя свайго не адкідай нас, не зневажай пасад сваёй славы. Памятай, не скасоўвай свой запавет з намі.

Хіба ёсць сярод язычніцкіх ідалаў такія, што спасылаюць дождж? Хіба неба дае лівень? Ці ж не Ты гэта чыніш, Пане, Бог наш? Мы на Цябе спадзяёмся, бо Ты стварыў усё.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 19, 15–29
І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Анёлы прыспешвалі Лота, кажучы: Устань, вазьмі жонку тваю і дзвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуў ты за беззаконні горада. А паколькі ён марудзіў, то мужы тыя, з літасці Пана да яго, узялі за руку яго і жонку, і дзвюх дачок ягоных і павялі яго, і вывелі за горад.

Калі ж вывелі іх вонкі, то адзін з іх сказаў: Ратуй жыццё сваё; не азірайся і нідзе не спыняйся ў гэтай ваколіцы; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.

Але Лот сказаў ім: Не, Пане. Вось слуга Твой знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, і павялічыў Ты міласць сваю да мяне, каб уратаваць жыццё маё. Але я не магу ратавацца на гары, каб не застала мяне бяда і я не памёр. Вось блізкі гэты горад, каб уцякаць туды, і ён малы. Я ўратуюся ў ім. Ці ж ён не малы? І будзе захавана жыццё маё.

І сказаў яму: Вось учыню яшчэ і гэта для цябе: не знішчу горада, пра які ты кажаш. Спяшайся, ратуйся там, бо Я нічога не магу ўчыніць, пакуль ты не ўвойдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сэгор. Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот увайшоў у Сэгор.

І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь ад Пана з нябёсаў. І знішчыў гарады гэтыя і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расліннасць зямлі. А жонка Лота азірнулася назад і ператварылася ў слуп солі.

Раніцай на світанні ўстаў Абрагам і пайшоў на месца, дзе стаяў перад абліччам Пана. Паглядзеў ён на Садом і Гамору, і на ўсю паверхню зямлі гэтай ваколіцы. І ўбачыў, як дым уздымаецца з зямлі, быццам дым з печы.

Калі ж Бог знішчаў гарады гэтай ваколіцы, успомніў Бог пра Абрагама і вызваліў Лота ад знішчэння, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лот.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 3, 1–8; 4, 11–12
Пан Бог сказаў — хто не будзе прарочыць?

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Слухайце слова, якое Пан прамовіў супраць вас, сыны Ізраэля, супраць усяго племені, якое вывеў Я з зямлі егіпецкай, кажучы: Толькі вас прызнаў Я сярод усіх плямёнаў зямлі, таму наведаю вас з судом за ўсе беззаконні вашыя.

Ці ж пойдуць двое разам, калі не дамовяцца паміж сабою? Ці ж рыкае леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? Ці ж падае свой голас ільвяня з логава свайго, калі нічога не злавіла? Ці ж трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма для яе? Ці ж падымецца з зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе? Калі трубіць у горадзе рог, — ці не спалохаўся б народ? Ці ж бывае ў горадзе бедства, якое не Пан учыніў бы? Бо Пан Бог нічога не робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы слугам сваім прарокам. Леў пачаў рыкаць – хто не спалохаецца? Пан Бог сказаў — хто не будзе прарочыць?

Я нішчыў вас, як знішчыў Бог Садом і Гамору, і былі вы, нібы галавешка, выхапленая з пажарышча, і ўсё адно вы не вярнуліся да Мяне, — кажа Пан. Таму так зраблю Я з табою, Ізраэль. А паколькі так зраблю з табою, падрыхтуйся да сустрэчы з Богам тваім, Ізраэль.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 18–25
Надзея стварэння чакае адкрыцця сыноў Божых

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас. Таму што надзея стварэння чакае адкрыцця сыноў Божых. Стварэнне пакарылася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто пакарыў яго, у надзеі, што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых. Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага. Мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі нехта бачыць, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 5, 21–32
Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.

Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — галава Касцёла. Ён — Збаўца Цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.

Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, каб Ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны.

Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл; бо мы члены Цела Ягонага.

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 2, 23 — 3,9
У вачах неразумных здавалася, што яны памерлі, а яны спачываюць у спакоі

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Бог стварыў чалавека для несмяротнасці,
учыніў яго вобразам сваёй вечнасці.
Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць,
і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел.

Душы справядлівых у руках Бога
і не дакранецца да іх ніякая пакута.
У вачах неразумных здавалася, што яны памерлі,
а іх смерць лічылася няшчасцем,
іх адыход ад нас лічыўся знішчэннем,
а яны спачываюць у спакоі.
Хоць у вачах людзей яны здаваліся пакаранымі,
іх надзея поўная несмяротнасці.
Пасля невялікага пакарання
яны атрымаюць вялікія даброты,
таму што Бог выпрабаваў іх
і прызнаў годнымі сябе.
Выпрабаваў іх, як золата ў печы,
і прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення.
Падчас наведвання яны засвецяць
і разыдуцца, як іскры ў трыснягу.
Будуць судзіць людзей і панаваць над народамі,
а Пан Бог будзе над імі валадарыць навекі.
Хто спадзяецца на Яго, той зразумее праўду,
а верныя будуць трываць пры Ім ў любові,
бо ласка і міласэрнасць будзе для Яго выбраных.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 2, 1–8. 11–14
Каб мы жылі пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Умілаваны:

Кажы тое, што адпавядае здароваму вучэнню: старцы павінны быць цвярозыя, годныя пашаны, стрыманыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасці. Старэйшыя жанчыны таксама павінны паводзіць сябе так, як належыць святым, не абмаўляць, не быць нявольніцамі віна, але вучыць прыгожаму. Няхай заахвочваюць маладых жанчын кахаць мужоў, любіць дзяцей, быць стрыманымі, цнатлівымі, добрымі гаспадынямі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася слова Божае. Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі.

Ва ўсім давай сам прыклад прыгожых учынкаў, у настаўніцтве непарушнасць, годнасць, слова здаровае, бездакорнае, каб праціўнік быў пасаромлены і не мог сказаць пра нас нічога кепскага.

Бо з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 12, 5–16b
Мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены. Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: калі гэта прароцтва, мы павінны прарочыць згодна з вераю; калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — павучаць; калі заахвочванне — падбадзёрваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць — быць ласкавымі.

Любоў — некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці не слабніце, духам палымнейце, служыце Пану; цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя; у патрэбах святых бярыце ўдзел; дбайце пра гасціннасць.

Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце.

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 5–11
Езус прынізіў сябе, таму Бог узвысіў Яго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. Ён, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прападобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 6, 18–31
Пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за законы

Чытанне Другой кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Элеязара, аднаго з галоўных кніжнікаў, чалавека ўжо старога ўзросту, але надзвычай прыгожага з выгляду, прымушалі, раскрыўшы яму рот, есці свініну. Ён жа, аддаючы перавагу хвалебнай смерці над апаганеным жыццём, добраахвотна ішоў да прылады катавання і выплёўваў, як і належыць рабіць тым, хто мае адвагу адмовіцца ад таго, чаго не дазвалялася каштаваць нават дзеля любові да жыцця. Тады людзі, якім даручылі блюзнерчае ахвяраванне, ведаючы гэтага чалавека з даўніх часоў, адвялі яго і сам-насам угаворвалі яго, каб ён зрабіў выгляд, што есць ахвярнае мяса, прынесенае ад караля, а на самой справе з’еў бы прынесенае і прыгатаванае імі мяса, якое дазвалялася есці. Зрабіўшы гэтак, ён змог бы ўратавацца ад смерці і з ім абышліся б прыхільна дзеля старога сяброўства з ім.

Аднак ён прыняў добрае высакароднае рашэнне, якое было годнае ягонага ўзросту, і старэчай павагі, і дасягнутай ім хвалебнай сівізны, і з дзяцінства пабожных паводзін, а больш за усё – святога і Богам дадзенага Закону. Адпаведна гэтаму ён адказваў, кажучы, каб неадкладна паслалі яго на смерць.

Бо не выпадае ў нашым узросце крывіць душою, каб многія маладыя людзі падумалі, што дзевяностагадовы Элеязар перайшоў у язычніцтва. Тады б мая крывадушнасць дзеля кароткага і няўхопнага моманту жыцця магла б увесці іх у зман, а я зганьбіў бы і спляміў сваю старасць. Бо калі цяпер я і пазбегну пакарання ад людзей, то рукі Усемагутнага я не пазбегну ні пры жыцці, ні пасля смерці. Таму, калі зараз мужна развітаюся з жыццём, то сам акажуся годным старасці, а маладым пакіну годны прыклад, каб яны ахвотна і годна прымалі смерць за пачэсныя і святыя законы.

Сказаўшы гэта, ён адразу пайшоў на катаванне. Тады і нядаўняя прыхільнасць тых, хто вёў яго, змянілася на нянавісць з прычыны вышэйсказаных словаў, бо яны палічылі гэта вар’яцтвам. Перад самай смерцю пад ударамі, ён са стогнам сказаў: Для Пана, які мае святое пазнанне, відавочна тое, што, хоць я мог уратавацца ад смерці, зношу на целе жорсткія пакуты бічавання, а душою ахвотна цярплю іх з-за боязі перад Ім.

Такім вось чынам ён загінуў, пакідаючы сваёю смерцю не толькі маладым, але і многім з народу прыклад высакароднасці і помнік цноты.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 3, 1–6. 14–22
Калі хто адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу сардыйскага Касцёла: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Богам маім.

Узгадай, што ты прыняў і чуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. Але ты маеш у Сардысе некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю яго імя перад Айцом Маім і перад Анёламі Ягонымі. Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа Касцёлам.

І напішы Анёлу лаадыкійскага Касцёла: Так кажа Амэн, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак стварэння Божага. Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы. Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы, – а не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам галечы тваёй. Бальзамам памаж вочы свае, каб бачыць. Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 2, 31–45
Бог установіць валадарства, якое не распадзецца навекі. Яно знішчыць усе валадарствы

Пачатак кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Даніэль сказаў Навухаданосару: Ты, кароль, бачыў: вось вялікі ідал, велізарны быў гэты ідал, у надзвычайным бляску стаяў насупраць цябе, і выгляд яго быў грозны. Галава гэтага ідала была з чыстага золата, грудзі яго і рукі — са срэбра, жывот і бёдры — з медзі, галені яго — жалезныя, а ногі яго — часткова з жалеза, часткова з гліны. Ты глядзеў, пакуль не адарваўся ад гары камень, хоць яго і не краналі рукі, і ўдарыў ідала ў жалезныя і гліняныя ногі яго, разбіўшы іх на кавалкі. Тады скрышыліся разам жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся, як мякіна на летніх таках. І вецер панёс іх, і не засталося нават следу пасля іх. А камень, які разбіў ідала, стаў вялікай гарою і напоўніў усю зямлю.

Такі быў сон. А цяпер мы растлумачым яго значэнне каралю. Ты — кароль, кароль над каралямі, якому Бог нябёсаў даў валадарства, уладу і моц, і славу. І ўсё, дзе б ні жылі сыны чалавечыя, палявыя звяры і нябесныя птушкі, даў у рукі твае і паставіў цябе ўладаром над імі ўсімі. Ты — гэта залатая галава.

Пасля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае, чым тваё. Потым іншае, трэцяе валадарства, што з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю. А чацвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза. Бо, як жалеза крышыць і разбівае ўсё, так і яно, як жалеза, скрышыць і разаб’е ўсё. А ступні і пальцы з гліны і часткова з жалеза, якія ты бачыў, азначаюць, што гэта будзе падзеленае валадарства, у якім застанецца пэўная моц жалеза, бо ты бачыў жалеза, змяшанае з глейкай глінай. Як пальцы ног часткова жалезныя, часткова гліняныя, так і валадарства будзе часткова моцным, а часткова крохкім. Жалеза, змяшанае з глейкай глінай, якое ты бачыў, азначае, што яны змяшаюцца праз чалавечае насенне, але не зліюцца адно з адным, як нельга змяшаць жалеза з глінай.

У дні панавання іхняга Бог нябёсаў установіць валадарства, якое не распадзецца навекі. І гэтае валадарства не будзе аддадзена іншаму народу. Яно скрышыць і знішчыць усе тыя валадарствы, а само будзе стаяць навекі, так, як ты бачыў, што ад гары адарваўся камень, хоць яго і не краналі рукі, і скрышыў жалеза, медзь, і гліну, і срэбра, і золата. Вялікі Бог адкрыў каралю, што павінна адбыцца ў будучыні. А сон гэты праўдзівы, і яго тлумачэнне слушнае.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 14–19
Прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго залаты вянок, а ў руцэ ягонай востры серп. І выйшаў другі Анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела. Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была пажата.

І другі Анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. І іншы Анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: Пашлі востры серп твой і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо саспелі яго ягады. І кінуў Анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаграград на зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

Гэта слова Божае.

Аўторак — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 6, 12b–15. 17–19
Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Давід пайшоў і з радасцю перанёс Божы каўчэг з дому Абэдэдома ў горад Давіда. І калі тыя, хто нёс Божы каўчэг, ступалі шэсць крокаў, ён прыносіў у ахвяру быка і адкормленае цяля. І, апрануты ў ільняны эфод, Давід з усіх сіл танцаваў перад Панам. Так Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі і гукамі трубы.

Перанеслі каўчэг Пана і паставілі на прызначанае для яго месца ў сярэдзіне шатра, які расцягнуў для яго Давід. І прынёс ён перад Панам ахвяры ўсеспалення і прымірэння, а калі завяршыў прынясенне ахвяр усеспалення і прымірэння, благаславіў народ у імя Пана. Потым раздаў сярод усяго народу, сярод усяго мноства Ізраэля, як жанчын, так і мужчын, па адным бохане хлеба, па адным кавалку мяса і па булцы з разынкамі. І разышышліся ўсе людзі, кожны да свайго дому.

Гэта слова Божае.

Аўторак — Трэці тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 1–2. 9–13
Бог абяцае збаўленне ўбогім

Чытанне Кнігі прарока Сафоніі.

Так кажа Пан:

Бяда бунтаўнічаму і апаганенаму гораду,
які чыніць насілле!
Ён не слухае голасу, не прымае павучэнняў,
не спадзяецца на Пана
і не набліжаецца да свайго Бога.
Бо тады Я вярну народам вусны чыстыя,
каб усе заклікалі імя Пана
і служылі Яму аднадушна.
З другога боку рэкаў Эфіопіі
прыхільнікі Мае,
дачка з рассеянымі Маімі,
прынясуць Мне дары.
У той дзень
ты не будзеш сароміць сябе ўсімі сваімі ўчынкамі,
якімі ты грашыла супраць Мяне;
бо тады Я выганю спаміж цябе тых,
хто ганарыцца тваёю веліччу,
і ты не будзеш больш узвышацца
на святой гары Маёй.
І пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны,
і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана.
Ацалелыя з Ізраэля не будуць чыніць беззаконне,
не будуць гаварыць няпраўду,
і не знойдзецца ў іх вуснах язык падманлівы,
бо яны будуць пасвіцца і адпачываць,
і ніхто не спалохае іх.

Гэта слова Божае.

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"