Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Аўторак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 12, 12–14. 27–31а
Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Як цела адно, але мае многа частак, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.

Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

Цела — гэта не адна частка, але шмат.

Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі.

Адных Бог паставiў у Касцёле найперш Апосталамi, другіх — прарокамi, трэцiх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе Апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць?

Дбайце пра большыя дары.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 8, 20–23
Прыйдуць многія народы, каб шукаць Пана ў Ерузалеме

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан Магуццяў:

Яшчэ прыйдуць сюды народы і жыхары шматлікіх гарадоў. І жыхары аднаго горада пойдуць да другога, кажучы: Хадземце маліцца перад абліччам Пана і шукаць Пана Магуццяў; пайду і я. І пойдуць многія народы і шматлікія плямёны, каб шукаць Пана Магуццяў у Ерузалеме і маліцца перад абліччам Пана.

Так кажа Пан Магуццяў: У тыя дні возьмуцца дзесяць чалавек з плямёнаў усіх і моваў, возьмуцца за крысо юдэя і будуць казаць: Мы пойдзем з вамі, бо чулі, што з вамі Бог.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 3, 1–3. 11–17. 20–23
Навошта дадзена няшчаснаму святло

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў адкрыў свае вусны і пракляў дзень свой, і так пачаў гаварыць:

Няхай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую сказана: Зачаты чалавек. Чаму не памёр я, выходзячы з улоння, і не сканаў, калі выйшаў з нутра. Навошта прынялі мяне калені, а грудзі кармілі мяне? Цяпер бы ціха ляжаў і спачываў у сне сваім разам з каралямі і ўладарамі зямлі, якія ўзносілі сабе грабніцы, або з князямі, якія мелі золата і напаўнялі дамы свае срэбрам. Ці, як выкідыш схаваны, я не існаваў бы; як зачатыя, што не бачылі святла. Там бязбожнікі ўжо не мітусяцца, знясіленыя там адпачываюць.

Навошта дадзена няшчаснаму святло, а жыццё тым, хто ў горычы душэўнай; хто чакае смерці, а яна не прыходзіць; хто шукаў бы яе ахвотней, чым скарб; хто ўзрадаваўся б і вельмі ўсцешыўся б, што знайшоў магілу? Навошта дадзена святло чалавеку, якому шлях закрыты і якога Бог ахінуў змрокам?

Гэта слова Божае.

Аўторак — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 31, 1-8
Будзь мужны і адважны, Езус Навін, бо ты ўвойдзеш з народам у зямлю

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей пайшоў і, прамовіўшы да ўсяго Ізраэля гэтымі словамі, сказаў ім: Сёння мне сто дваццаць гадоў, я ўжо не магу свабодна хадзіць, тым больш што і Пан сказаў мне: Ты не пяройдзеш гэтага Ярдана. Пан, Бог твой, сам пяройдзе перад Табою. Ён знішчыць гэтыя народы перад табою, і ты авалодаеш імі. Езус Навін пойдзе перад табою, як абяцаў Пан. І Пан зробіць ім, як зрабіў амарэйскім каралям Сігону і Огу, а таксама зямлі іхняй, калі знішчыў іх. Пан аддасць іх вам, а вы зробіце з імі паводле ўсіх наказаў, што я даў вам. Будзьце мужныя і адважныя, не бойцеся і не палохайцеся іх, бо сам Пан Бог твой пойдзе з табою, Ён не адступіцца і не пакіне цябе.

І паклікаў Майсей Езуса Навіна, і сказаў яму перад усім Ізраэлем: Будзь мужны і адважны, бо ты ўвойдзеш з гэтым народам у зямлю, якую Пан пакляўся даць айцам іхнім, а ты аддасі яе ім ва ўладанне. Пан сам пойдзе перад табою і будзе з табою, Ён не адступіцца і не пакіне цябе. Не бойся і не палохайся.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 2, 8 — 3, 4
Я з’еў гэты скрутак, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

Ты, сыне чалавечы, слухай, што Я кажу табе: Не бунтуйся, як гэты мяцежны дом. Адкрый вусны свае і з’еш, што Я дам табе.

І ўбачыў я: вось рука працягнута да мяне, а ў ёй — скрутак кнігі. Ён разгарнуў яго перада мною. А ён быў спісаны з абодвух бакоў, а запісаны на ім былі галашэнне, стагнанне і гора.

І сказаў мне: Сыне чалавечы, з’еш тое, што перад табою, з’еш гэты скрутак і ідзі, гавары дому Ізраэля. Я адкрыў свае вусны, і Ён даў мне з’есці гэты скрутак, кажучы мне: Сыне чалавечы, напоўні свой жывот і насыць сваё нутро гэтым скруткам, што Я даю табе. І я з’еў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд.

Тады сказаў мне: Сыне чалавечы, ідзі, скіруйся да дому Ізраэля і гавары да іх Маімі словамі.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 П 3, 12–15а. 17–18
Чакаем новага неба і новай зямлі

Чытанне Другога паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Вы чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца. Але мы, паводле абяцання Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць. Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі, а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем.

Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі. Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дзясяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 1, 18–22
У Езусе не было «так» і «не», але было ў Ім толькі «так»

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Бог — верны, таму мы не кажам вам адначасова і «так», і «не». Бо ў Сыне Божым, Езусе Хрысце, якога я і Сілуан, і Цімафей вам прапаведавалі, не было «так» і «не», але было ў Ім толькі «так». Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім «так». Таму праз Яго нашае «амэн» ёсць на славу Божую. Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.

Гэта слова Божае.

Аўторак — дзясяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 17, 7–16
Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў праз Іллю

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Высах паток, каля якога жыў Ілля, бо у краіне не было дажджу. Тады скіраваў Пан слова да Іллі, кажучы: Устань, ідзі ў Сарэпту сідонскую і там застанься, бо Я загадаў там адной удаве, каб цябе карміла.

Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў да брамы горада, з’явілася перад ім удава, якая збірала дровы. І паклікаў яе, кажучы: Прынясі мне трохі вады ў збане напіцца. Калі яна пайшла прынесці вады, ён крыкнуў услед: Вазьмі, прашу, для мяне і кавалак хлеба.

Яна ж адказала: На жыццё Пана, твайго Бога, не маю печыва, толькі жменю мукі ў кадушцы і трохі алею ў збане. Вось збяру некалькі кавалкаў дрэва і пайду, згатую сабе і майму сыну. З’ямо гэта і памром.

Ілля сказаў ёй: Не бойся, але ідзі і зрабі, як сказала. Толькі спачатку зрабі невялікі праснак для мяне і прынясі мне. Сабе ж і сыну зробіш потым. Бо так кажа Пан, Бог Ізраэля: Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю.

Яна пайшла і зрабіла, як сказаў Ілля. І штодня елі ён, яна і дом яе. І так было кожны дзень. Кадушка мукі не скончылася, і збан алею не апусцеў паводле абяцання, якое Пан даў праз Іллю.

Гэта слова Божае.

Аўторак — другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 16, 1–13
Намасціў Самуэль Давіда між братоў ягоных, і Дух Пана сышоў на яго

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан сказаў Самуэлю: Колькі будзеш смуткаваць па Саўлу, якога Я адкінуў як караля Ізраэля? Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеема, бо Я знайшоў сабе караля між сынамі ягонымі. І сказаў Самуэль: Як жа пайду я? Саўл пачуе і заб’е мяне. І сказаў Пан: Вазьмі цяля са статку ў руку сваю і скажы: Я прыйшоў прынесці ахвяру Пану. І запросіш Есэя да ахвярапрынашэння, а Я скажу табе, што рабіць. Ты намасціш таго, каго пакажу табе.

Самуэль зрабіў, як загадаў яму Пан, і прыйшоў у Бэтлеем. А спалоханыя старэйшыны горада выходзілі яму насустрач і казалі: Ці з мірам прыйшоў ты? Той адказаў: З мірам; я прыйшоў прынесці ахвяру Пану. Ачысціце сябе і ідзіце са мною, каб скласці ахвяру. Тады Есэй ачысціў сябе і сыноў сваіх і паклікаў іх на ахвярапрынашэнне.

Калі яны ўвайшлі, ён убачыў Эліява і сказаў: Сапраўды перад Панам гэта памазанік Ягоны! І сказаў Пан Самуэлю: Не зважай ні на аблічча яго, ні на высокі ягоны рост, бо Я адкінуў яго. Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца. І паклікаў Есэй Амінадаба, і прывёў яго да Самуэля, які сказаў: І не яго выбраў Пан. Тады Есэй прывёў Сама, пра якога Самуэль сказаў: Таксама не яго выбраў Пан. Нарэшце Есэй прывёў да Самуэля сваіх семярых сыноў, і сказаў Самуэль Есэю: Пан нікога з іх не выбраў.

І сказаў Самуэль Есэю: Ці гэта ўсе твае сыны? Той адказаў: Застаўся яшчэ малодшы, ён пасвіць авечак. І сказаў Самуэль Есэю: Пашлі, каб прывялі яго, бо не сядзем за стол, пакуль не прыйдзе. Тады Есэй паслаў па Давіда, і прывялі яго. Ён быў руды, меў прыгожыя вочы і прывабны выгляд. І сказаў Пан: Устань і намасці яго, бо гэта ён. Тады Самуэль прынёс рог з алеем і намасціў яго між братоў ягоных. І Дух Пана сышоў на Давіда пасля таго дня. А Самуэль устаў і адышоў у Раму.

Гэта слова Божае.

Аўторак — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 1–11
Бог суцяшае свой народ

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Суцешце, суцешце народ Мой! —
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаныя беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Голас кажа: Абвяшчай!
І сказаў я: Што абвяшчаць?
Кожнае цела — трава,
і ўся сіла яго — як палявая кветка.
Трава высыхае, вяне кветка,
калі падзьме на яе вецер Пана;
сапраўды, народ — гэта трава.
Высыхае трава, вяне кветка,
а слова Бога нашага трывае заўсёды.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІI Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 1, 10. 16–20
Навучыцеся рабіць дабро, шукайце правасуддзя

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Слухайце слова Пана, правадыры садомскія, пачуйце Закон Бога нашага, народ Гаморы.

Абмыйцеся, будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй маіх дрэнныя ўчынкі вашыя. Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву.

Прыходзьце і рассудзім, — кажа Пан. Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць як воўна.

Калі захочаце і паслухаецеся, будзеце спажываць даброты зямлі. Калі ж адмовіцеся і станеце бунтаваць, знішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Пана.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІII Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 3, 25. 34–43
Са скрушанай душою і пакорным духам мы будзем прынятыя

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Устаў прарок Азарыя і так маліўся, адкрыўшы вусны свае і кажучы пасярод агню: Дзеля імя Твайго не пакідай нас назаўсёды і не разрывай Твайго запавету. Не аддаляй ад нас міласэрнасці сваёй дзеля Абрагама, умілаванага Твайго, дзеля слугі Твайго Ісаака і Твайго святога Ізраэля, якім Ты абяцаў памножыць іх патомства, як нябесныя зоркі і як пясок на марскім беразе. Бо мы, Пане, сталі меншымі за іншыя народы. Сёння прыніжаныя мы па ўсёй зямлі за нашыя грахі. І ў гэты час няма ў нас ні кіраўніка, ні прарока, ні правадыра, ні ўсеспалення, ні ахвяры, ні дароў, ні каджэння, ні месца, дзе прынесці першыя плады перад Табою і знайсці Тваю міласэрнасць.

Але са скрушанай душою і пакорным духам мы будзем прынятыя. Як усеспаленне бараноў і валоў, як тысяча тлустых ягнят, такою няхай стане сёння наша ахвяра перад Тваім абліччам, і мы аддана пойдзем за Табою, бо не могуць асаромецца тыя, хто верыць у Цябе.

Цяпер жа мы ідзём за Табою ўсім сэрцам, баімся Цябе і шукаем Твайго аблічча. Не дай нам зведаць сорам, але ўчыні з намі паводле ласкавасці сваёй і паводле міласэрнасці сваёй. Уратуй нас цудамі сваімі і прынясі славу Твайму імені, Пане.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІII Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 3, 25. 34–43
Са скрушанай душою і пакорным духам мы будзем прынятыя

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Устаў прарок Азарыя і так маліўся, адкрыўшы вусны свае і кажучы пасярод агню: Дзеля імя Твайго не пакідай нас назаўсёды і не разрывай Твайго запавету. Не аддаляй ад нас міласэрнасці сваёй дзеля Абрагама, умілаванага Твайго, дзеля слугі Твайго Ісаака і Твайго святога Ізраэля, якім Ты абяцаў памножыць іх патомства, як нябесныя зоркі і як пясок на марскім беразе. Бо мы, Пане, сталі меншымі за іншыя народы. Сёння прыніжаныя мы па ўсёй зямлі за нашыя грахі. І ў гэты час няма ў нас ні кіраўніка, ні прарока, ні правадыра, ні ўсеспалення, ні ахвяры, ні дароў, ні каджэння, ні месца, дзе прынесці першыя плады перад Табою і знайсці Тваю міласэрнасць.

Але са скрушанай душою і пакорным духам мы будзем прынятыя. Як усеспаленне бараноў і валоў, як тысяча тлустых ягнят, такою няхай стане сёння наша ахвяра перад Тваім абліччам, і мы аддана пойдзем за Табою, бо не могуць асаромецца тыя, хто верыць у Цябе.

Цяпер жа мы ідзём за Табою ўсім сэрцам, баімся Цябе і шукаем Твайго аблічча. Не дай нам зведаць сорам, але ўчыні з намі паводле ласкавасці сваёй і паводле міласэрнасці сваёй. Уратуй нас цудамі сваімі і прынясі славу Твайму імені, Пане.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІIІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 7, 51 — 8, 1
Пане Езу, прымі дух мой

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан казаў народу, старэйшынам і кніжнікам: Людзі з цвёрдым каркам, неабрэзаным сэрцам і вушамі. Вы заўсёды працівіліся Святому Духу; як айцы вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? І забілі тых, хто абвяшчаў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы, якія атрымалі Закон праз пасярэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго.

Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

А Саўл быў згодны з ягоным забойствам.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 47, 1–9. 12
Бачыў ваду, што выцякала з-пад святыні, і ўсе, да каго дасягала вада гэтая, былі збаўлены

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Анёл вярнуў мяне да ўваходу ў святыню. І вось выплывае вада з-пад парога святыні на ўсход, бо тая святыня звернута на ўсход. А вада выцякала з-пад правага боку святыні на поўдзень ад алтара. І вывеў мяне ён праз паўночную браму, і правёў мяне вонкавым шляхам да знешняй брамы, шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада бруіцца з правага боку. Калі той чалавек выйшаў на ўсход, то ў руцэ трымаў шнур. Ён адмераў тысячу локцяў, і правёў мяне праз ваду. Вада была па шчыкалаткі. І адмераў яшчэ тысячу, і правёў мяне праз ваду. Вада была па калені. І адмераў яшчэ тысячу, і правёў мяне. Вада была па сцёгны. І адмераў яшчэ тысячу. І быў паток, якога я не мог перайсці, бо вада паднялася, так што трэба было плысці, паток, якога нельга было перайсці.

І сказаў мне: Ці бачыў ты, сыне чалавечы? І павёў мяне назад да берага гэтага патоку. Калі я вярнуўся, на беразе патоку было вельмі шмат дрэваў з гэтага і з таго боку. І сказаў мне: Гэтая вада выходзіць на ўсходні абшар, сыходзіць у стэп і ўпадае ў мора, і, патрапіўшы ў мора, аздаравіцца вада. І кожная жывая істота, якая кішыць там, куды ўвойдзе паток, будзе жыць. І рыбы будзе вельмі шмат, бо куды ўвойдзе гэтая вада, усё аздаравіцца. І там, куды ўвойдзе гэты паток, будзе жывым усё. А над патокам, на беразе яго з гэтага і з таго боку будзе расці ўсялякае дрэва, што дае ежу. І лісце не будзе ападаць з яго, і плады яго не скончацца. І кожны месяц будзе прыносіць новы плён, бо вада для яго выходзіць са святыні. І будзе плод яго для ежы, а лісце для лекаў.

Гэта слова Божае.

Аўторак — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 4, 32–37
Адзіныя сэрцам і душою

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, што яму належала, але ўсё ў іх было супольнае. Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.

Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай.

Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабай, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпру, прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.

Гэта слова Божае.

Аўторак — Першы тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 11, 1–10
Спачне на Ім Дух Пана

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень:

Выйдзе парастак з пня Есэевага,
і атожылак з кораня ягонага прынясе плод;
і спачне на ім Дух Пана,
дух мудрасці і разумення,
дух парады і моцы,
дух пазнання і боязі Пана.
Напоўніцца баяззю Пана,
і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх,
і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць.
Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці,
і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе;
і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю,
і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага.
І будзе справядлівасць паясам на бёдрах Яго,
і вернасць - поясам на сцёгнах Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам,
і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
і цяля, і малады леў, і вол будуць разам,
а малы хлопчык будзе паганяць іх.
І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай,
і дзеці іх будуць ляжаць разам,
і леў, як вол, будзе есці салому.
І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда,
і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі.
Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй,
бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана,
як водамі напаўняецца мора.
І будзе ў той дзень:
корань Есэя, што стане сцягам для народаў,
будуць шукаць язычнікі,
і стане слаўным месца ягонага адпачынку.

Гэта слова Божае.

Аўторак — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 2, 1–15а
Назвала яго Майсеем, бо казала: Я дастала яго з вады. Калі Майсей вырас, ён выйшаў да братоў сваіх

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Пэўны чалавек з дому Левія пайшоў і ўзяў сабе жонку з дачок Левія. І яна зачала, і нарадзіла сына. І ўбачыла, што ён прыгожы, і хавала яго тры месяцы. А калі больш не магла хаваць яго, узяла кошык з трыснягу, пакрыла яго жывіцаю і смалою і, паклаўшы туды дзіця, паставіла ў трыснягу на беразе ракі. А сястра дзіцяці стала здалёк, каб даведацца, што з ім здарыцца.

Тым часам дачка фараона сышла ўніз, каб выкупацца ў рэчцы, а служанкі яе хадзілі па ўзбярэжжы ракі.

Калі яна заўважыла ў трыснягу кошык, паслала адну са служанак сваіх прынесці яго. Адкрыўшы, яна ўбачыла дзіця — хлочыка, які плакаў. І пашкадавала яго, кажучы: Гэта адно з габрэйскіх дзяцей. Тады сястра хлопчыка сказала дачцэ фараона: Хочаш, я пайду і паклічу табе карміцельку з габрэек, якая зможа выкарміць для цябе дзіця? Тая адказала: Ідзі. І пайшла дзяўчына, і паклікала маці немаўляці. І сказала ёй дачка фараона: Вазьмі гэтага хлопчыка і выкармі яго для мяне, а я буду плаціць табе. І ўзяла жанчына хлопчыка, і выкарміла яго, а калі ён падрос, перадала дачцэ фараона. І тая прыняла яго як сына і назвала яго Майсеем, бо казала: Я дастала яго з вады.

Калі Майсей вырас, ён аднойчы выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў, як іх прыгнятаюць. Убачыў таксама, як егіпцянін б’е аднаго з габрэяў, братоў ягоных. Паглядзеўшы навокал і не ўбачыўшы нікога, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску. Прыйшоўшы ў наступны дзень, ён убачыў, як сварыліся два габрэі, і сказаў вінаватаму: Чаму ты б’еш бліжняга свайго? Той адказаў: Хто паставіў цябе кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: Напэўна, стала вядомай справа тая.

Калі фараон пачуў пра гэта, ён спрабаваў забіць Майсея. Але Майсей уцёк ад яго і пасяліўся ў зямлі Мадыян.

Гэта слова Божае.

Аўторак — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 1–9
Калі вы не паверыце, не ўстаіце

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Падчас панавання юдэйскага караля Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, сірыйскі кароль Рэцін разам з ізраэльскім каралём Пэкахам, сынам Рэмалія, вырушылі супраць Ерузалема, каб заваяваць яго, але не змаглі яго здабыць. І было абвешчана дому Давіда: Сірыя разбіла стан у Эфраіме. І затрымцела сэрца Ахаза і народа ягонага, як дрэвы хістаюцца ў лесе ад ветру.

Тады Пан сказаў Ісаі: Выйдзі Ты і твой сын Шэар-Яшуб насустрач Ахазу, у канец канала верхняй саджалкі, на шлях да Поля валюшнікаў. І скажаш яму: Будзь асцярожны і спакойны. Не бойся і не губляй адвагі з-за тлення гэтых дзвюх недапаленых галавешак; з-за палымянага гневу Рэціна, і яго сірыйцаў, і сына Рэмалія; з-за таго, што Сірыя, Эфраім і сын Рэмалія задумалі зло супраць цябе, кажучы: Пойдзем на Юдэю, і спалохаем яе, і захопім яе, і паставім над ёй каралём сына Табээля.

Так кажа Пан Бог: Не станецца гэтага і не будзе!
Бо сталіца Сірыі — Дамаск,
а галава Дамаска — Рэцін.
Яшчэ шэсцьдзесят пяць гадоў,
і Эфраім перастане быць народам.
Сталіца Эфраіма — Самарыя,
а галава Самарыі — сын Рэмалія.
Калі вы не паверыце, не ўстаіце.

Гэта слова Божае.

Аўторак — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 1, 20 — 2, 4а
Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства

Чытанне кнігі Быцця.

І сказаў Бог: Няхай закішаць воды жывымі стварэннямі, і няхай птаства лётае над зямлёю, пад нябесным скляпеннем. І стварыў Бог вялікіх марскіх рыб і ўсялякае жывое стварэнне, што поўзае і кішыць у вадзе, паводле іхняга роду, і ўсялякае птаства крылатае, паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І благаславіў іх Бог, кажучы: Пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птаства няхай множыцца на зямлі.

І быў вечар, і была раніца, дзень пяты.

І сказаў Бог: Няхай зямля выдасць жывыя стварэнні паводле роду свайго: жывёлу, паўзуноў і дзікіх звяроў паводле роду свайго! І так сталася. І стварыў Бог дзікіх звяроў паводле іх роду, жывёл, паводле іх роду, і ўсіх зямных паўзуноў, паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.

І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася.

І ўбачыў Бог ўсё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.

І быў вечар, і была раніца, дзень шосты.

Так былі завершаны нябёсы і зямля, і ўсё іхняе войска. І скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў.

І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння.

Вось паходжанне неба і зямлі, так яны былі створаны.

Гэта слова Божае.

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"