ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 8–12
Абвяшчаць язычнікам невычэрпнае багацце Хрыста
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго; каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым. У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 89 (88), 2–3. 4–5. 21–22. 25 і 27 (Р.: пар. 2а)
Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.
2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.
Рэфрэн:
4. Я заключыў запавет з выбраным Маім, *
прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5. Навекі ўмацую патомства тваё *
і трон твой устанаўлю з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:
21. Знайшоў Давіда, слугу Майго, *
Я намасціў яго маім святым алеем.
22. Рука моцы маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо маё яго падтрымае.
Рэфрэн:
25. З ім мая вернасць і міласэрнасць, *
у маім імені ўзвялічана яго моц.
27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 10, 11–16
Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by