- 29 чэрвеня 2024 г.
Хвала Езусу Хрысту!
Дарагія вернікі!
Напярэдадні важнай гістарычнай даты ( 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы) вернікі розных канфесій нашай краіны арганізуюць набажэнствы за ўсіх загінуўшых і малітоўныя акцыі памяці з гэтай нагоды. Мы таксама вельмі хацелі б ушанаваць памяць усіх, хто аддаў жыццё за нашу Радзіму ў той балючы час. Мы вельмі хацелі б даручыць іх душы Божай міласэрнасці і пакланіцца іх памяці ў сваёй роднай Святыні. Але дзверы нашага храма так і застаюцца запячатанымі.
Мы вельмі просім улады горада у гэты час усеагульнага прымірэння перад памяццю герояў Вялікай Айчыннай вайны адкрыць дзверы касцёла Святых Сымона і Алены для вернікаў. Адкрыць, каб хрысціяне-каталікі маглі б годна аддаць пашану ахвярам і пераможцам мінулай вайны. Мінула 80 год і ўсё меней застаецца людзей, якія памятаюць тыя падзеі як сведкі, але яны яшчэ ёсць і сярод іх ёсць нашы парафіяне. Сёння ёсць і мы – дзеці, унукі, праўнукі салдатаў, якія змагаліся за свабоду Бацькаўшчыны ад фашызма. І мы прагнем маліцца за нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў тут – у храме, дзе былі ахрышчаныя, прымалі шлюб, спавядаліся. У храме, які аднаўлялі ўжо ў час найноўшай гісторыі вернікі -ветэраны. Мы звяртаемся да ўсіх чыноўнікаў, гаспадароў уладных кабінетаў, сёняшніх кіраўнікоў: Адкрыйце храм для малітвы. Дазвольце людзям ажыццяўляць іх хрысціянскі абавязак і пакліканне – збірацца разам на малітву у Божым доме.
За дапамогу ў справе адкрыцця Чырвонага касцела для верікаў няхай адудзячыць Усемагутны Гасподзь!
- 11 чэрвеня 2024 г.
Хвала Езусу хрысту!
Дарагія вернікі!
Набліжаецца важная дата ў гісторыі нашай парафіі:
96-ая гадавіна смерці фундатара касцёла Святога Сымона і Святой Алены – Слугі Божага Эдварда Вайніловіча (16 чэрвеня-нядзеля).
Яму выпаў лёс адыйсці ў вечнасць па-за межамі радзімы, але 11 чэрвеня 2006 года прах Эдварда Вайніловіча быў перавезены з Польшчы і ўрачыста пахаваны з левага боку ад галоўнага ўвахода ў храм, які ён сам збудаваў на хвалу Божую і ў памяць аб сваіх памерлых дзецях. Ён вельмі жадаў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Мы выканалі яго просьбу.
Сёння хочам нагадаць, што Усяленскі Касцёл надаў Эдварду Вайніловічу годнасць Слугі Божага, а на дадзены момант працягваецца працэс яго беатыфікацыі.
Таму заклікаем вас, дарагія вернікі маліцца ў вашых асабістых інтэнцыях, а таксама ў інтэнцыі хутчэйшага вяртання вернікам Чырвонага касцёла наступнай малітвай.
«Ойча Нябесны, у слаўнай асобе Божага Слугі Эдварда Вайніловіча Ты адкрываеш нам веліч яго хрысціянскага духу любові і служэння Богу і бліжнім, што выяўлялася ў яго закліку, поўным пакоры:
Так хацеў Бог!
Чэрпаючы сілу ў малітве і сакрамэнтах, ён заставаўся верным мужам і бацькам сям’і, дзяржаўным дзеячам і будаўніком святыняў. Жывая вера была яго ўнутраным святлом, паходняю дабрыні і справядлівасці да людзей розных веравызнанняў, у якіх заўсёды бачыў брата і сястру, а дзецям-сіротам быў айцом і апекуном.
Добры Божа, дай і мне зразумець сваё зямное і хрысціянскае пакліканне. Адкрый сэрца маё на Тваю святую волю, бо толькі тады я змагу зрабіць больш добрага для сваёй душы, сям'і, Бацькаўшчыны, хрысціянскага народу і ўсяго чалавецтва.
Аб’яві Тваю святую волю праз заступніцтва Слугі Твайго Эдварда і выслухай просьбу маю (назваць просьбу…) аб вяртанні святыні Святога Сымона і Святой Алены яго душпастырам і вернікам, якую ўзношу да Цябе з надзеяй, што ў хуткім часе ён будзе ўключаны ў лік Тваіх святых. Амэн.»
- 25 снежня 2023 г.
Рэстаўрацыя Чырвонага Касцёла Святога Сымона і Святой Алены
Пасля ўзгарання гэтая святыня ўжо другі год закрыта для вернікаў, для правядзення Літургічных богаслужэнняў, апячатана і чакае рэстаўрацыі.
Ужо некалькі разоў у СМІ і тэлебачанні прайшла інфармацыя пра запланаваны рамонт.
Увесь прыход касцёла Святога Сымона і Святой Алены, які налічвае каля 10 000 тыс. прыхаджан, і мінчан, якія наведвалі духоўныя канцэрты арганнай музыкі, выставы, гатовы далучыцца і дапамагчы ў працах па аднаўленню пашкоджанняў, каб святыня зноў славіла Госпада і суцяшала людзей.
Прыход клапаціўся пра ўнутраны і знешні выгляд Божага Храма і перакананы, што і далей будзе аберагаць яго, як вялікую, духоўную і гістарычную спадчыну нашага народа.
Таму мы члены Касцёльнага Камітэта Святога Сымона і Святой Алены, якія прысягалі перад Богам і Біскупам апекавацца і берагчы даручаную нам Святыню, прапануем перагляд некалькіх фотаздымкаў інтэр’ераў святыні да ўзгарання і пасля яго. Робім гэта для таго, каб пераканаць гарадскія ўлады, што мы зможам у кароткі тэрмін аднавіць усе пашкоджанні, і вярнуць Святыні годны выгляд і на далей сумленна клапаціцца пра яе.
Набліжаецца свята Божага Нараджэння і сустрэча Новага Года. Просім дзяржаўныя ўлады, ад якіх залежыць лёс Храма, візітнай карткі нашай сталіцы, адкрыць яго вернікам для малітвы і праслаўлення Усявышняга. Тысячы турыстаў, наведваючы нашу сталіцу, заходзілі ў наш храм і з асалодай слухалі калядныя спевы пад гукі арганнай музыкі.
У нашым народзе, як і ў другіх краінах, існуе прыемная традыцыя: на Божае Нараджэнне і Новы Год, як малыя, так і дарослыя, заўсёды чакаюць на цуды, падарункі, радасную навіну.
Просім дзяржаўныя ўлады: зрабіце падарунак нам, вернікам, усім гараджанам і гасцям сталіцы – радасць Калядна-Навагодняга цуду – вярніце нам Божы храм!
Гэтая падзея будзе падвядзеннем вынікаў пры завяршэнні 2023 года – года, які праходзіць пад дэвізам “2023 год – Год міра і стварэння”: садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве.
Молімся за ўсіх Вас і ўвесь наш народ.
Касцёльны камітэт
Фота перад:
Фота пасля:
- 20 снежня 2023 г.
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Дарагія парафіяне, набліжаецца Свята Божага Нараджэння. На вялікі жаль, ужо другі год запар вернікі нашай парафіі пазбаўлены магчымасці праслаўляць нованароджанага Хрыста ў сваім родным касцёле, у якім былі ахрышчаныя, прымалі Першую Святую Камунію і Сакрамант Бежмавання, у якім атрымалі Божае бласлаўленне Сакрамантам Сужэнства, дзе штодзённа мелі магчымасць сустракацца з Богам.
Працягваем шчыра прасіць Госпада, каб як мага хутчэй было адноўлена парафіяльнае жыцце ў нашай святыні.
Шчыра дзякуем усім, хто, нягледзячы на цяжкія ўмовы падтрымлівае нашу парафію сваёй малітвай і ўдзелам ў нядзельных парафіяльных Святых Імшах а 15 і 20 гадзіне ў Архікатэдры.
Шчыра дзякуем тым, хто дапамагае нашым святарам сваім дзяжурствам на плябаніі, куды штодзённа звяртаюцца людзі ў розных духоўных патрэбах. Няхай Гасподзь аддзячыць Вам, паважаныя браты і сестры, якія рэгулярна ужо на працягу года, прывозіце гарачую і халодную ваду на плябанію для розных патрэб. Нашы святары штодзённа моляцца за сем'і нашых дабрадзеяў, якія ў цяжкі час выпрабавання для нашай парафіі не засталіся абыякавымі.
Хочам таксама паведаміць, што ў нядзелю 17 снежня да нашага касцёла, зачыненага для Хрыста, Яго святла і вернікаў, скаўты прынеслі агонь з Бэтлеема, з месца, дзе нарадзіўся наш Збаўца Езус Хрыстус.
Гэты агонь зараз знаходзіцца перад касцёлам, каля пахавальні Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Няхай жа маленькая іскарка стане знакам вялікай Божай Любові і ўзрушыць сэрцы тых, хто зневажае Збаўцу і яго святыні.
Запрашаем таксама ўсіх на Святую Імшу Пастэрку для нашай парафіі, якая адбудзецца 24 снежня а 19 гадзіне ў Архікатэдры Імя НПМ.
25 снежня урачыстая Святая Імша будзе ў 15.00.
Няхай Дзіцятка Езус бласлаўляе кожную сям'ю нашай парафіі і дасць нам усім сілаў годна і з верай вытрымаць выпрабаванні і дачакацца трыумфу Божай славы ў нашым Чырвоным касцёле.
- 19 снежня 2023 г.
В КАНУН РОЖДЕСТВА ХРИСТОВА
Парафия Красного костела насчитывает около 10000 прихожан, среди них более полутора тысяч – дети. В ожидании Рождества чуда ждет каждый человек, стар он или млад. В наш суматошный потребительский век обычно дети ожидают какую-то дорогую игрушку, новый навороченный телефон, планшет. Теплой приятной новостью стало известие о том, что дети – прихожане костела Святого Симона и Святой Елены, не сговариваясь друг с другом, ожидают, как Рождественского чуда, открытия костела. Об этом рассказали их родители и поделились детскими рисунками.
По настоянию маленьких прихожан их родителями было написано публикуемое ниже письмо – письмо Рождественской надежды.
В светлые, наполненные добротой дни Адвента, мы, взрослые и дети, пронзительно верим в чудо. И ждем…
Впереди Рождество – самый добрый и праздничный день.
Свет стеклянных шаров. Терпкий запах еловых иголок.
Обнимаем своих замечательных, добрых детей.
Верим вместе и ждем, чтобы двери раскрылись костела.
Беспокоен и быстр современный компьютерный век
Столько разных соблазнов и столько желаний повсюду.
Но грядет Рождество. И так искренне ждет человек,
В эти светлые дни настоящего, яркого чуда.
Не мешает ни дождь, ни густая промозглая мгла,
Ни бесснежный декабрь, если хочется искренне верить,
Что пора для чудес вместе с днями Адвента пришла –
И в канун Рождества распахнутся костельные двери.
Уважаемый Александр Григорьевич!
Мы – прихожане костела Святого Симона и Святой Елены,
семейные пары, родители и дети.
Приближается время Рождества и Нового года – время, когда все люди, верующие они или атеисты, ожидают Рождественских и Новогодних чудес. Для нас, взрослых и маленьких прихожан, чудом может быть только одно – двери костела откроются, и мы сможем там молиться. Молиться о здоровье своих семей, благополучии своей страны и ее жителей.
Дети всего мира загадывают свои желания, рисуют и пишут письма Деду Морозу или Санта Клаусу. Наши дети в своих рисунках к празднику Рождества рисуют распахнутые двери Красного костела. Мы, их родители, обращаемся к Вам: в преддверии зимних праздников помогите нам уверовать в чудеса, помогите нам отворить двери костела, помогите иметь возможность приходить к Богу именно в наш любимый костел, становиться добрее, великодушнее, терпимее в его стенах. Надеемся на Вас, как на волшебника; Ваше слово – и двери откроются, и люди смогут войти.
Ремонты, поврежденная проводка, другие обстоятельства - ничего невозможного нет для того, кто способен помочь.
С огромной верой в чудо и надеждами
взрослые и маленькие граждане нашей Беларуси.
- 24 верасня 2023 г.
Хвала Езусу Хрысту! Паважаныя парафіяне, браты і сёстры ў Езусе Хрысце!
Набліжаецца сумная дата для нашай парафіяльнай супольнасці. 26 верасня - год з таго моманту, як наш касцёл закрыты для вернікаў і святароў. На працягу гэтага часу касцёльны камітэт і вернікі звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы з просьбай як мага хутчэй адкрыць святыню для малітвы і ўшанавання Госпада, аднак, на вялікі жаль не атрымалі ніякага грунтоўнага, пазітыўнага адказу.
Святыня зачынена, на плябаніі і надалей няма вады і святла. Шчыра дзякуем усім, хто падтрымлівае існаванне нашай парафіі.
Запрашаем усіх, хто неабыякавы да лёсу касцёла Святога Сымона і Святой Алены далучыцца да шчырай малітвы перапрашэння Госпада нашага Езуса Хрыста за знявагі Яго і Яго дома. Пробашч ксёндз канонік Уладзіслаў заахвочвае 26 верасня ахвяраваць свае малітвы і пост на вадзе і хлебе, або як хто можа, у інтэнцыі вяртання нашага касцёла вернікам.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія Госпад дазваляе нам перажыць, паведамляем, што працягваюцца катэхезы для дзяцей, моладзі і дарослых. Інфармацыю можна атрымаць на плябаніі.