Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Брацтва кармэліцкага шкаплера

ШкаплерБрацтва кармэліцкага шкаплера — гэта аб’яднанне вернікаў, якія імкнуцца да дасканалай любові ў свеце згодна з духам закону кармэлітаў, удзельнічаюць у жыцці гэтага закону і маюць удзел у яго духоўных ласках праз унутранае з’яднанне з Марыяй у думках, жаданнях і ўчынках.

Гісторыя шкаплера паходзіць з ХІІІ стагоддзя. На гары Кармэль ў Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх габіт, зроблены з нефарбаванай шэрсці, складаўся з тунікі, падперазанай на бёдрах скураным пасам, накінутага на туніку шкаплера і каптура. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці. У канцы ХІІІ стагоддзя, у сувязі з пераследваннямі з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла ў Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу. Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску. У такім цяжкім становішчы пабожны генерал закону Сымон Сток просіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон. У адказ на шчырую малітву Марыя аб’явілася святому Сымону ўноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года ў атачэнні анёлаў і, указваючы на яго шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Пасля таго аб’яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў паступова развівацца ва ўсёй Еўропе. Праз 70 гадоў Маці Божая аб’явілася Святому Айцу Яну ХХІІ і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі — асаблівую апеку ў зямным жыцці і выбаўленне ад агню пякельнага, — абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба.

Маці Божая дае шкаплер св. Сымону СтокуЗ таго часу пачынаецца развівацца шкаплернае набажэнства ва ўсім Касцёле. Шкаплер ужо не з’яўляецца прывілеем толькі для кармэлітаў, ён становіцца знакам апекі Марыі для кожнага, хто прагне яго прыняць. У традыцыі Кармэля шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як Яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім.

Шкаплер з’яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны. Езус дазваляе нам прымаць удзел у сваіх сыноўніх пачуццях да Маці, Ён выказаў гэта падчас агоніі на крыжы, просячы, каб мы прынялі Яе ў дом нашых сэрцаў. Тады распачынаецца зусім новы этап унутранага жыцця. Па-першае, таму што мы рашаемся «ўзяць Яе да сябе» (Мц 1, 20), чаго вельмі моцна жадаў Езус, у чым праяўляецца Яго надзвычай пяшчотная любоў да кожнага з нас. Па-другое, Марыя — гэта Маці святасці, Яна заўсёды з Езусам і прычыняецца да ўзнікнення і ўзрастання духоўнага жыцця чалавека.

Шкаплернае набажэнства, як і ўся марыйная пабожнасць Касцёла, вядзе да больш глыбокай еднасці з Хрыстом. Нельга думаць пра еднасць з Марыяй, не наследуючы Яе, як нельга таксама думаць пра наследаванне Марыі без яднанная з Ёю. Шкаплернае набажэнства, як справа наследавання Марыі, дазваляе ўзнавіць у душы прыклад і вучэнне Езуса, а значыць яно вядзе да хрысціянскай сталасці. У знаку шкаплера Марыя вучыць нас адкрытасці на Бога і на Яго волю, якую мы можам адкрыць у падзеях штодзённага жыцця; вучыць слухаць Божае слова, скіраванае да нас у Святым Пісанні; вучыць практыкаванню веры і нястомнай малітве.

Шкаплер з’яўляецца знакам нашага клопату пра дабро для ўсіх людзей. Ён сведчыць аб наследаванні клопату Марыі пра Яе сваячку Альжбету (Лк 1, 38-40) і пра маладажонаў з Каны Галілейскай (Ян 2, 3-5). Той, хто апрануты ў шкаплер, становіцца як бы вачыма, рукамі і нагамі Марыі, дзякуючы ім Яна можа дайсці да ўсіх церпячых. Дапамога Марыі не абмяжоўваецца выключна матчыным пачуццём любові да нас, яна заўсёды канкрэтная і дзейсная.

Шкаплер, урэшце, з’яўляецца знакам удзелу ў духоўным дабры Кармэля. Ужо ў часы Сярэднявечча праз утварэнне брацтваў кармэліты перадавалі вернікам некаторыя элементы свайго харызмату, такія, як вера ў мацярынскі клопат Марыі, літургічная і прыватная малітва, справы міласэрнасці, услухоўванне ў Божае слова і ўнутранае навяртанне.

Галоўная ўрачыстасць брацтва — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, які адзначаецца 16 ліпеня. Цяпер да шкаплернай сям’і належаць кармэліткі і кармэліты, Свецкі Кармэліцкі Закон (калісьці яго называлі Трэцім законам), аб’яднаныя ў шкаплерныя брацтвы людзі, якія прынялі шкаплер і жывуць яго духоўнасцю.

шкаплерны медалікСвяты Ян Павел ІІ прыняў шкаплер у кляштары босых кармэлітаў у сваіх родных Вадавіцах і насіў яго на працягу ўсяго жыцця. У лісце з нагоды 750-годдзя шкаплерных аб’яўленняў ён напісаў: «У знаку шкаплера заключаецца пераканаўчы сінтэз марыйнай духоўнасці, якая ажыўляе пабожнасць веруючых людзей, абуджаючы іх успрымальнасць да поўнай любові прысутнасці Панны Марыі як Маці ў іх жыцці. Шкаплер, па сутнасці, — гэта «габіт». Той, хто яго прымае, далучаецца да кармэлітаў, больш або менш цесна яднаецца з Законам Кармэлю, прысвечаным служэнню Найсвяцейшай Маці для дабра ўсяго Касцёла. (...) Такім чынам, знак шкаплера паказвае дзве праўды: адна з іх гаворыць пра пастаянную апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, і не толькі на жыццёвым шляху, але таксама ў хвіліны пераходу да паўнаты хвалы вечнай; другая праўда — гэта ўсведамленне таго, што набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі не можа абмяжоўвацца толькі малітвамі і ўшанаваннем Яе з розных нагодаў, але павінна ўяўляць сабою своеасаблівы „габіт“, яно павінна надаваць пастаянны накірунак дзейнасці хрысціяніна, якая абапіраецца на малітву і ўнутранае жыццё праз частае прыняцце сакрамэнтаў і канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці для цела і душы. Так шкаплер становіцца знакам „запавету“ і ўзаемнай камуніі паміж Марыяй і вернікамі, таму што ў ім канкрэтным чынам праяўляецца дар, які Езус на крыжы ўчыніў для Яна, а праз яго — і для ўсіх нас, — дар сваёй Маці, а таксама нагадвае нам пра тое, што Езус даручыў свайго ўмілаванага апостала і нас Той, якую ўстанавіў нашаю духоўнаю Маці».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»


АБЯЦАННІ

  • Хто памрэ адзеты ў Шкаплер, той не спазнае агню пякельнага.
  • Хто носіць Шкаплер і аддае пашану Маці Божай, той мае Яе апеку над душой і целам у гэтым жыцці і, асабліва, ў хвіліну смерці.
  • Кожны, хто пабожна носіць Шкаплер і захоўвае чыстасць паводле стану, будзе выбаўлены з чыстца ў першую суботу пасля сваей смерці.
  • Тыя, хто прыняў Шкаплер, далучыліся да кармеліцкага ордэна і маюць удзел у яго духоўных дабротах у гэтым жыцці і пасля смерці, а менавіта: у святых Імшах, святых Камуніях, пастах, адпустах, малітвах, адрачэннях.

АБАВЯЗКІ

  • Наследаваць цноты Насвяцейшай Маці і распаўсюджваць Яе хвалу.
  • Днём і ноччу насіць на сабе Шкаплер.
  • Штодзённа маліцца малітву, вызначаную ў дзень прыняцця Шкаплера.
  • Рабіць добрыя учынкі адносна бліжніх. 

ПРАПАНОВЫ ДЛЯ ТЫХ, ХТО НОСІЦЬ ШКАПЛЕР

  • Калі гэта дазваляюць умовы, хаця б адзін раз у месяц, а таксама ў святы Маці Божай прыступаць да споведзі і святой Камуніі.
  • Часта наведваць святыню і хаця бы некалькі хвілін памаліцца праз заступніцтва Божай Маці.
  • Час ад часу з любові да Марьі адракацца ад чаго-небудзь.

ПРАКТЫЧНЫЯ ПАРАДЫ АДНОСНА СВЯТОГА ШКАПЛЕРА

  • Шкаплер павінен быць наложаны святаром альбо дыяканам згодна з рытуалам, зацверджаным Апостальскай Сталіцай.
  • Шкаплер з тканіны і медалік шкаплерны маюць аднолькавую духоўную каштоўнасць. Падчас прыняцця павінен выкарыстоўвацца шкаплер з тканіны, паздней яго можна замяніць шкаплерным медалікам. зрабіць гэта можна самому. На шкаплерным медаліку (насіць яго дазволіў папа Пій Х у 1910 г.) з аднаго боку павінна быць выява Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а з другога - Маці Божай са Шкаплерам у руцэ.
  • Прыняцце шкаплера адбываецца толькі адзін раз. Калі шкаплер знішчыцца альбо згубіцца, то можна самому налажыць новы. Пры гэтым не абавязкова асвячаць новы шкаплер альбо медалік.
  • Не прымаюцца да брацтва альбо сям'і Шкаплернай асобы, якія не прысутнічаюць ў абрадзе прыняцця ў Шкаплер. Выключэнне: асобы цяжка хворыя, салдаты альбо вязні. Можна пераслаць ім асвечаны шкаплер. Аднак, калі ўжо не будзе перашкодаў, то яны павінны яшчэ раз прыняць яго з рук святара.
  • Знішчаны шкаплер з тканіны трэба спаліць. Нельга выкідваць яго на сметнік, бо гэта б сведчыла аб неналежнай пашане як да самога знаку, так і да Той, ад каго мы яго атрымалі.
  • Кал! хто, прыняўшы Шкаплер, доугі час не насіў яго па розных прычынах (забыўся, занядбаў альбо згубіў), можа сам налажыць яго, перапрашаючы за занядбанне.
  • Калі б хто адкінуў Шкаплер з пагарды, а зразумеўшы, што ўчыніў злое, хацеў бы нанова распачаць практыку набажэнства, павінен атрымаць Шкаплер з рук святара.
  • Апостальская Сталіца не бачыць перашкод у тым, каб шкаплер адзяваць таксама малым дзецям. Прапануе аднак, каб яны былі сталымі адносна разумення асноўных праўдаў веры, ведалі, кім з'яўляецца Марыя, каб маглі плённа прыняць дар Яе мацярынскай любові.
  • Шкаплер носіцца на шыі. Не выконвае абавязкаў шкаплернага набажэнства той, хто прыняўшы шкаплер вешае яго на сцяне ў памяшканні. Абяцанні Марыі датычаць тых, хто з пашанай носіць шкаплер на сабе.

Меткі: малітоўны рух, кармэль, духоўнае жыццё

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.