Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Рух «Святло-Жыццё» — Хатні касцёл

Святло-Жыццё – Хатні КасцёлУ рамках руху «Святло-Жыццё» сярод іншых душпастырскіх ініцыятываў была створана таксама сямейная супольнасць, якая атрымала назву Хатні Касцёл. Супольнасць Хатняга Касцёла руху «Святло-Жыццё» ў адпаведнасці са сваёй назвай імкнецца да таго, каб сям’я, якая далучаецца да Руху, станавілася сапраўдным хатнім Касцёлам. Тады для падрастаючых пакаленняў яна стане своеасаблівым катэхуменатам — падрыхтоўкай да свядомага і сталага жыцця ў супольнасці Касцёла.

Што гэта значыць — быць Хатнім Касцёлам, супольнасцю ў сэнсе евангельскім і хрысціянскім? Адказ на гэтае пытанне павінны шукаць усе хрысціянскія сужэнцы, якія жадаюць пражыць сваё сямейнае жыццё згодна з Божаю задумаю, аб’яўленай у Хрысце. Кожны хрысціянін мае сваё заданне, кожны павінен прыняць і выканаць тое, што падрыхтаваў для яго сам Бог.

Аб’яднанне ў назве руху слоў «Святло» і «Жыццё» адлюстроўвае адзінства паміж пазнаннем і справамі чалавека, што дае яму магчымасць спазнаць сапраўдную свабоду. Тую свабоду, што грунтуецца на дабравольным падпарадкаванні патрабаванням праўды: «Спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32).

Сімвал супольнасці Хатняга Касцёла ўяўляе сабою грэцкія словы фос — «святло» і дзоэ — «жыццё», упісаныя ў крыж, які нібы вырастае паміж двума з’яднанымі пярсцёнкамі, і ўсё гэта ўпісана ў стылізаваны абрыс дома. Вялікай пашанай ва ўдзельнікаў Хатняга Касцёла карыстаецца абраз Святой Сям’і. Таксама і патранальнае свята супольнасці — гэта свята Святой Сям’і.

Абраз Святой Сям'іХатні Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на духоўнасць сужэнцаў, якая грунтуецца на іх супольным імкненні да святасці. Удзел у Руху павінен дапамагчы людзям, што жывуць у сакрамэнтальным сужэнстве, разам пабудаваць сапраўдную сужэнскую еднасць, якая таксама стварае найлепшыя ўмовы для добрага выхавання дзяцей у хрысціянскім духу. Хатні Касцёл імкнецца да аднаўлення сужэнства і сям’і праз жыццё словам Божым, якое павінна стаць словам жыцця для кожнага чалавека; праз жыццё малітвай, якая становіцца асабістаю сустрэчаю з Хрыстом Збаўцам; праз жыццё сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыяй; праз сведчанне іншым людзям аб сваёй сустрэчы з Хрыстом у сужэнстве і ў сям’і; праз гатоўнасць да служэння ў супольнасці Касцёла паводле атрыманых ад Бога дароў.

Харызмат руху «Святло-Жыццё» ў поўнай меры ўласцівы таксама і супольнасці Хатняга Касцёла. Усе яе ўдзельнікі ў духу еднасці паводле формулы «Святло-Жыццё» пакліканыя прыняць Хрыста як свайго асабістага Пана і Збаўцу, а таксама імкнуцца да поўнага і адказнага ўдзелу ў жыцці мясцовага Касцёла, будаваць і пашыраць хрысціянскую культуру, працаваць на карысць справы маральнага аднаўлення народа, асабліва праз барацьбу за цвярозасць і праз абарону жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці.

Членамі Хатняга Касцёла могуць быць асобы, якія жывуць у сакрамэнтальным сужэнстве і разам са сваім мужам або жонкай удзельнічаюць у фармацыі, прапанаванай супольнасцю. Сужэнскія пары ўтвараюць колы Хатняга Касцёла, каб узаемна дапамагаць адно аднаму паводле прынцыпу: «Роўныя служаць роўным».

Прыходзячы ў кола дабравольна, сужэнцы прымаюць і выконваюць у ім пэўныя абавязкі. Кожная пара бярэ на сябе абавязак працаваць над сабою, выпраўляючы свае недахопы. На сустрэчах кола яго ўдзельнікі ў духу сяброўства і ўзаемнай павагі дзеляцца з іншымі сваімі перамогамі і няўдачамі. Тут з пакораю можна пачуць добрую параду ад сяброў, атрымаць дапамогу і — што самае каштоўнае — малітоўную падтрымку, так неабходную падчас выпрабаванняў і цяжкасцяў.

Будаваць сапраўдную сужэнскую еднасць удзельнікам супольнасці Хатняга Касцёла дапамагае абавязак штодзённай малітвы, як сямейнай, так і сужэнскай, паглыбленне рэлігійных ведаў, асабліва праз чытанне Святога Пісання і разважанне над ім. Яшчэ адзін абавязак — сужэнскі дыялог. Сужэнцы садзяцца пры запаленай свечцы — сімвале Хрыста, прысутнага сярод іх, — і абмяркоўваюць усе сямейныя справы, сітуацыі і праблемы.

Рух «Святло-Жыццё» адкрывае шлях да Касцёла — супольнасці ўсіх хрысціянаў — праз наследаванне Хрыста-Слугі і дыяканію, або братняе служэнне. Удзельнікі Руху ўсведамляюць сваю адказнасць і свядома служаць парафіі тымі дарамі, якія атрымалі. Бог Айцец мае план адносна кожнага чалавека. Хатні Касцёл дапамагае распазнаць гэты план і выконваць яго. Гэта шлях служэння, якое яднае з Хрыстом-Слугою і аб’ядноўвае ўсіх хрысціянаў.

Св. Ян Павел ІІВялікі Папа Ян Павел II даў высокую ацэнку дзейнасці руху «Святло-Жыццё» ў сваім лісце з нагоды святкавання 30-гадовага юбілею супольнасці: «(...) Тры элементы, на якіх пабудавана духоўнасць руху «Святло-Жыццё», становяцца яго незвычайнай каштоўнасцю. Пазнанне, больш за тое, — перажыванне сутнасці Святога Пісання Старога і Новага Запавету — гэта першы і нязменны крок да пазнання Хрыста, да сузірання Яго аблічча, каб мець здольнасць адказаць на выклікі паўсядзённасці, якія перад кожным вернікам і перад усім Касцёлам ставіць няспыннае супрацьстаянне паміж рэчаіснасцю гэтага свету і Евангеллем. Літургія, асабліва літургія Эўхарыстыі і сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання, перажываная ў духу глыбокага ўсведамлення і поўнага ўдзелу, уводзіць у таямніцу збаўлення, якое праз вякі здзяйсняецца ў Хрысце і ў якім мы ўдзельнічаем дзякуючы бачным знакам нябачанай ласкі. Удзел у жыцці парафіі з’яўляецца выразам разумення таямніцы Касцёла як супольнасці адкупленых, якія складаюць містычнае Цела Хрыста, адзінае і непадзельнае, з’яднанае ўзаемнай любоўю. Сапраўды Божай была ідэя ксяндза Бляхніцкага звязаць гэты рух з парафіяй. Не адыходзьце ад гэтай ідэі. Трывайце ў мясцовай супольнасці Касцёла і ажыўляйце яе сваёю вераю.

(...) Я ведаю, што рух Святло-Жыццё дапоўнены новым утварэннем, так званым Аазісам сем’яў. Гэта асабліва каштоўны плён, узрастанню якога неабходна дапамагаць. Сям’я, якая жыве глыбокаю вераю і захоўвае вернасць любові Хрыста — будучыня Касцёла. Няхай ваш рух падтрымлівае гэтыя сем’і, няхай умацоўвае ў адзінстве і дапамагае перанесці ўсе выпрабаванні» (Ватыкан, 4 чэрвеня 2003 г.).

Рух выхоўвае новага чалавека, садзейнічае стварэнню новай культуры, набліжаючы эру бескарыслівай любові — любові-агапэ. Каб узнікла такая любоў, неабходна цярпліва працаваць, умець чакаць і, што самае няпростае, перамяняць сябе. Трэба вучыцца бескарысліва любіць бліжняга.

«Такое перамяненне адначасова з’яўляецца і нашым заданнем. Бог Айцец у момант перамянення Хрыста не толькі сведчыць: „Гэта Сын мой умілаваны“, але кажа апосталам і ўсім нам: „Яго слухайце“. Гэтае перамяненне датычыць усяго нашага жыцця, і адбываецца тады, калі мы слухаем Божага Сына, калі выконваем Яго словы, калі прымаем іх як правілы нашых паводзінаў, калі робім гэтыя словы словамі жыцця, калі ідзем за Хрыстом і наследуем Яго. Нашае перамяненне адбываецца не адразу, новы чалавек развіваецца ў нас, а не з’яўляецца чымсьці гатовым», — гэта словы ксяндза Францішка Бляхніцкага, якімі ён заклікае нас не баяцца працы над сабою.

У сучасным свеце, дзе мэтанакіравана знішчаецца інстытут сям’і, патрэбныя, як паветра, станоўчыя прыклады, патрэбныя тыя маякі, што моцна і далёка свецяць. Таму мы звяртаемся да вас, сужэнцы, якія пражылі добрае, дастойнае жыццё: падзяліцеся з тымі, хто толькі пачынае будаваць сваю сям’ю. Перадайце тое багацце, якое вы атрымалі ад сваіх бацькоў, ад тых, чыё сямейнае жыццё ў сваю чаргу стала прыкладам для вас, каб кожная сужэнская пара магла адчуць моцную руку дапамогі. Калі вам удалося перанесці цяжкасці, то вы можаце дапамагчы тым, хто сёння перажывае здраду, няшчасці, выпрабаванні, якія часам бывае немагчыма вытрываць. Давайце надзею тым, хто яе шукае, бо чалавеку неабходна заўсёды мець надзею.

Суполка Святло-Жыццё – Хатні касцёл

Сужэнцы! Калі вы толькі распачынаеце сваё сумеснае жыццё, падзяліцеся радасцю з іншымі, — і ваша радасць у шмат разоў узрасце. Для гэтага вам трэба проста сабрацца разам, пазнаёміцца паміж сабою, запрасіць да сябе Езуса і падзяліцца тым, што маеш. Калі разам сустрэнуцца маладосць і старасць, нястача і дастатак, здароўе і цярпенне, вы атрымаеце багацце з рук самога Хрыста. Ніхто не дапаможа чалавеку ўзрастаць у веры больш, чым той, хто верыць, хто па-сапраўднаму любіць, хто шчыры і адкрыты.

Вопыт сямейных сустрэчаў паказвае, што іх удзельнікі з часам становяцца, нібы родныя, бо іх яднае сам Езус Хрыстус. Не бойцеся! Не бойцеся пачуць заклік Хрыста і адказаць на яго, каб разам будаваць Касцёл — супольнасць супольнасцяў.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»

Мадэратар - кс. Ірэнэвуш Копач
Спатканні - субота а 20:00

Меткі: Хатні Касцёл

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.