Серада — ІV Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 12, 24 — 13, 5а
Вылучыце мне Барнабу і Саўла

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Слова Божае расло і пашыралася. Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.

У Антыёхіі, у тамашнім Касцёле, прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, і Люцый Кірынеец, і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.

Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: Вылучыце мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў. Тады, папасціўшы і памаліўшыся, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.

А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр. І калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў сінагогах юдэйскіх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8 (Р.: 4)

Рэфрэн: Няхай усе народы славяць Цябе, Божа.

Або:  Аллелюя.

2. Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,
3. каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Рэфрэн:

5. Няхай весяляцца *
і радуюцца ўсе плямёны,
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Рэфрэн:

6. Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.
8. Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 12, 44–50
Я прыйшоў на свет як святло

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус усклікнуў і сказаў: Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў таго, хто Мяне паслаў. І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне. Я прыйшоў на свет як святло, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, але свет збавіць.

Хто пагарджае Мною і не прымае слоў Маіх, той мае сабе суддзю: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень. Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць. І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць