Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 17, 3–9
Ты станеш айцом мноства народаў

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Абрам упаў ніцма на зямлю, і Бог сказаў яму: Вось Мой запавет з табою: ты станеш айцом мноства народаў. І больш не будзеш называцца Абрамам, але імя тваё будзе Абрагам, бо Я зраблю цябе айцом мноства народаў. Я зраблю цябе надзвычай плодным, і выведу з цябе народы, і каралі выйдуць з цябе.

І ўстанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і паміж нашчадкамі тваімі ў іх пакаленнях; запавет вечны, каб Я быў Богам для цябе і для тваіх будучых нашчадкаў. Я дам табе і тваім будучым нашчадкам зямлю, па якой ты падарожнічаеш, усю зямлю Ханаан, на вечнае валоданне, і буду ім Богам.

І сказаў Бог Абрагаму: Ты ж захавай запавет Мой, ты і будучыя нашчадкі твае ў іх пакаленнях.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 4–5. 6–7. 8–9 (Р.: 8а)

Рэфрэн:  Пан вечна памятае пра свой запавет.

4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Сёння не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 8, 51–59
Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці.

Тады юдэі сказалі Яму: Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі. Кім Ты сябе лічыш?

Езус адказаў: Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: Ён — наш Бог. Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я стаў бы падманшчыкам, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.

На гэта юдэі сказалі Яму: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць. І схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Апантаны Езус

Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Зрэшты, гэта не адзіны раз, калі такія абвінавачванні былі скіраваныя ў бок Езуса (пар. Мц 12, 24; Мк 3, 22; Лк 11, 15). Ці сапраўды гады вывучэння святых Пісанняў могуць быць такімі бясплённымі? Ці нягледзячы на рэлігійную актыўнасць (а можа якраз з-за яе) можна паддацца падману аж так моцна? Як моцна трэба быць зачыненым у сваёй сляпой і цеснай рэлігійнасці, каб блытаць Бога і злога духа? На жаль, гэты феномен уласцівы таксама і нашым часам. Мы дазваляем звесці сябе і губляем здольнасць правільна бачыць і называць рэчаіснасць. Мы не толькі не ўмеем адкрыць Божае дзеянне ў нас саміх і навакольным свеце, але часта нават змагаемся з Богам, будучы перакананымі, што робім гэта ў служэнні Яму самому.

Пане Божа, прабач нам наш рэлігійны фанатызм і закрыццё на тое, што сапраўды паходзіць ад Цябе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Чацвер

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.