Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 3, 14–20. 91–92. 95
Паслаў свайго Анёла і вызваліў сваіх слугаў

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Кароль Навухаданосар сказаў: Ці гэта праўда, што вы, Сэдрах, Місах і Абэднэг не служыце маім багам і не пакланяецеся залатому ідалу, якога я паставіў? Вось жа цяпер, падрыхтуйцеся, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, арфы, гусляў, дуды і ўсялякіх музычных інструментаў, упасці і пакланіцца ідалу, якога я зрабіў. А калі не паклоніцеся, адразу ж будзеце ўкінуты ў рас паленую печ. Які бог тады вызваліць вас з маіх рук?

Сэдрах, Місах і Абэднэг сказалі ў адказ каралю Навухаданосару: Мы не маем патрэбы адказваць табе наконт гэтага. Калі Бог, якому мы служым, захоча нас вызваліць з гэтай распаленай печы, Ён вызваліць нас з тваіх, кароль, рук. А калі не, то няхай табе будзе вядома, кароль, што мы не будзем служыць тваім багам і не паклонімся залатому ідалу, якога ты паставіў.

Тады змяніўся выраз твару ягонага і Навухаданосар напоўніўся гневам на Сэдраха, Місаха і Абэднэга. У адказ Ён загадаў, каб распалілі печ у сем разоў гарачэй, чым распальвалі звычайна. I самым моцным мужам са свайго войска загадаў звязаць Сэдраха, Місаха і Абэднэга і ўкінуць іх у распаленую печ.

Кароль Навухаданосар здзівіўся, паспешліва ўстаў і звярнуўся да сваіх дарадцаў, кажучы: Ці не ўкінулі мы трох звязаных мужоў у сярэдзіну агню? Яны адказалі каралю: Сапраўды, кароль. Ён жа адказаў: Вось я бачу чатырох мужоў развязаных, якія ходзяць пасярод агню, і нічога ў іх не пашкоджана, а выгляд чацвёртага падобны да сына багоў.

І сказаў Навухаданосар: Благаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абэднэга, які паслаў свайго Анёла і вызваліў сваіх слугаў, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі каралеўскага наказу, і аддалі сваё цела, каб не служыць і не пакланяцца ніякаму богу, апроч свайго Бога.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Дан 3, 52. 53 і 54. 55 і 56 (Р.: 52b)

Рэфрэн:  Імя Тваё, Пане, хвалебнае навекі.

52. Благаслаўлёны Ты, Пане, Бог айцоў нашых, *
поўны хвалы і ўзвялічаны навекі.
Благаслаўлёнае святое імя славы Тваёй, *
хвалебнае і ўзвялічанае навекі.

Рэфрэн:

53. Благаслаўлёны Ты ў святыні Тваёй святой славы, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.
54. Благаслаўлёны Ты на троне Твайго валадарства, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.

Рэфрэн:

55. Благаслаўлёны Ты, які бачыш глыбіні, які сядзіш на Херубімах, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.
56. Благаслаўлёны Ты на скляпенні неба, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 8, 15

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Шчаслівыя, хто ў сэрцы добрым і чыстым
захоўвае слова Божае і прыносіць у цярплівасці плён.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 8, 31–42
Калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям, якія паверылі ў Яго: Калі вы застанецеся ў слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць.

Тыя адказалі Яму: Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому. Як жа Ты кажаш: Вы станеце свабоднымі?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху. А нявольнік не жыве ў доме вечна; сын застаецца вечна. Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі. Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак, шукаеце як Мяне забіць, бо слова Маё не змяшчаецца ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што чулі ад айца вашага.

Тыя сказалі Яму ў адказ: Абрагам наш айцец.

Езус сказаў ім: Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама. А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі айца вашага.

Яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя; мы маем аднаго Айца – Бога.

Езус сказаў ім: Калі б Бог быў вашым айцом, вы б і Мяне любілі. Бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Паверыць, каб мець жыццё

Хоць напэўна мы скажам, што заўсёды хочам ведаць праўду, аднак у жыцці ўсё больш складана. Часта мы хочам, каб іншыя нас ашуквалі альбо нават самі ашукваем саміх сябе, таму што так нам прасцей. Хоць напачатку мы ведаем, што накіроўваемся на бездарожжа, аднак дастаткова хутка да яго прызвычайваемся і не жадаем адмовіцца ад падману, які на яго вядзе. Тыя, якія скажуць нам праўду проста ў вочы, становяцца нашымі заўзятымі ворагамі. Такіх людзей мы часам у пераносным значэнні ці нават літаральна гатовыя забіць. Так, як хацелі гэта ўчыніць і нарэшце дасягнулі свайго тыя, да якіх прыйшоў Езус, каб аб’явіць ім праўду ад Бога.

Езу Хрысце, Ты ёсць дарога і праўда, і жыццё. Просім, вызвалі нас з няволі падману, які вядзе нас да смерці.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Серада

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.