Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 21, 4–9
Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Габрэі вырушылі ад гары Гор па шляху да Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І людзі ў дарозе пачалі губляць цярплівасць. Яны казалі супраць Бога і супраць Майсея: Навошта вывелі нас з Егіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Бо няма хлеба, няма вады, і надакучыла нам гэтая нікчэмная ежа.

Тады спаслаў Пан на людзей ядавітых змеяў, якія кусалі народ, і шмат людзей з Ізраэля памерла. Прыйшлі людзі да Майсея і сказалі: Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў. І памаліўся Майсей за народ.

І сказаў Пан Майсею: Зрабі сабе змея і павесь яго на жэрдзі. Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць. І зрабіў Майсей меднага змея, і ўзняў яго на жэрдзі. А калі ядавітая змяя кусала чалавека, ён глядзеў на меднага змея і заставаўся жывы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 102 (101), 2–3. 16–18. 19–21 (Р.: 2)

Рэфрэн: Пане, выслухай маю малітву.

2. Пане, выслухай маю малітву, *
няхай дойдзе да Цябе мой крык.
3. Не хавай ад мяне свайго аблічча †
ў дзень, калі я апынуся ва ўціску. *
Схілі да мяне сваё вуха,
у дзень, калі Цябе паклічу, хутка выслухай мяне

Рэфрэн:

6. Народы будуць баяцца Твайго імя, Пане, *
і ўсе зямныя каралі — Тваёй славы,
17. таму што Пан адбудуе Сіён і з’явіцца ў сваёй славе. *
18. Звернецца да малітвы бездапаможных і не пагардзіць іхняй просьбай.

Рэфрэн:

19. Будзе запісана гэта для наступнага пакалення, *
і народ, які створыцца, праславіць Пана.
20. Таму што Пан глядзіць з вышыні сваёй святыні, †
з нябёсаў глядзіць на зямлю, *
21. каб пачуць стагнанні вязняў і вызваліць сыноў смерці.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Зернем ёсць слова Божае, сейбітам — Хрыстус;
кожны, хто Яго знойдзе, будзе жыць вечна.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 8, 21–30
Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці.

Тады юдэі сказалі: Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа «куды Я іду, туды вы не можаце пайсці»?

І сказаў ім: Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо, калі не паверыце, што Я ЁСЦЬ, памрэце ў грахах вашых.

Тады сказалі Яму: Хто Ты?

Езус адказаў ім: Той, пра каго Я казаў вам ад пачатку. Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць. Але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету. А яны не разумелі, што Ён казаў ім пра Айца.

Тады сказаў ім Езус: Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу. І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца.

Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Паверыць, каб мець жыццё

“Калі не паверыце [...], памрэце ў грахах вашых”, – перасцерагае Езус фарысеяў. У гэты дзень, як кажа Евангелле, шмат хто паверыў у Яго. Вера ў Езуса дае жыццё. Ён сам ёсць гэтым Жыццём, таму калі мы верым ў Езуса, атрымаем жыццё. Уваходзячы з Езусам у перапоўненыя любоўю адносіны веры, мы ўваходзім у валадарства жыцця, дзе грэх і смерць, якая з’яўляецца яго вынікам, не маюць над намі ніякай улады. Канешне, гэта не значыць, што калі мы раз паверылі, ніколі ўжо не зграшым. Езус не абяцае нам жыццё вольнае ад барацьбы з грахом і слабасцю, але абяцае нам жыццё, якое стрымае гэты грэх. Святы Павел піша: Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? (1 Кар 15, 54-55). Няхай гэта перамога стане таксама нашым удзелам.

Валадар жыцця, адары нас ласкай жывой веры, перад якой уцякуць і грэх, і смерць.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Вялікі пост, Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць