Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 11, 18–20
Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ты, Пане, даў спазнаць мне, і я ведаю. Ты паказаў мне ўчынкі іхнія.

Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз, і не разумеў, што яны задумалі змову супраць мяне: Знішчым дрэва ў поўнай сіле, вырвем яго з зямлі жывых, каб не згадвалі больш імя яго.

Але Ты, Пане Магуццяў, які судзіш справядліва, які даследуеш нутро і сэрца, дазволь мне ўбачыць Тваю помсту над імі, бо Табе я давяраю сваю справу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 7, 2–3. 9bc–10. 11–12 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пане, мой Божа, на Цябе спадзяюся.

2. Пане, мой Божа, на Цябе спадзяюся, *
уратуй мяне ад усіх ганіцеляў маіх і вызвалі мяне.
3. Каб не схапілі, як леў, душу маю *
і не разадралі, пакуль няма каму ўратаваць мяне.

Рэфрэн:

9. Пане, судзі мяне па справядлівасці маёй *
і па маёй нявіннасці, што ўва мне.
10. Няхай скончыцца зласлівасць грэшнікаў; †
умацуй праведнага, *
Божа справядлівы, які даследуеш нутро і сэрца.

Рэфрэн:

11. Мой шчыт — гэта Бог, *
які ратуе праведных сэрцам.
12. Бог — суддзя справядлівы, *
Бог, які штодня спаганяе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 8, 15

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае слова Божае і прыносіць плод у цярплівасці.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 7, 40–53
Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Людзі з натоўпу, калі пачулі словы Езуса, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: Гэта Месія. А іншыя казалі: Хіба з Галілеі прыйдзе Месія? Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід? І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўсклаў на Яго рукі.

Вярнуліся слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?

Слугі адказалі: Ніколі яшчэ ніхто не гаварыў так, як гэты чалавек.

Фарысеі сказалі ім: Няўжо і вас увялі ў зман? Можа, паверыў у Яго хто з кіраўнікоў або з фарысеяў? Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты.

Тады Нікадэм, які быў адным з іх, і прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім: Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

На гэта адказалі яму: Можа, і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі не паўстане прарок. І разышліся кожны да свайго дому.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Можа, і ты з Галілеі?

Патрэбна вялікая адвага, каб усумніцца ў меркаванні, якое падтрымлівае большасць. Патрэбна адвага, каб быць сабою, нягледзячы на тое, што з-за гэтага можна сустрэцца з насмешкамі, прыніжэннем і адкідваннем. Знайшоў яе ў сабе Нікадэм, які выступіў у абароне Езуса, хоць іншыя завочна ўжо вынеслі Яму прысуд. Колькі такіх прысудаў выносім мы, асуджаючы ў сваіх думках тых, якім мы ніколі не далі права абараніцца, а можа нават не прадставілі ім дакору? Напачатку распаўсюджвання навукі Езуса Яго вучняў і вызнаўцаў не называлі хрысціянамі (пар. Дзеян 11, 26), а назарэйчыкамі з-за сувязі Езуса з гэтым галілейскім горадам. Можа варта задаць пытанне, ці нашаму сведчанню аб Езусе і выказванню на баку праўды хапае адвагі, каб і мы маглі пачуць пытанне: Можа, і ты з Галілеі? Можа і ты хрысціянін?

Божа, адары нас адвагай, каб у кожнай сітуацыі мы станавіліся на бок праўды. Няхай той, Хто сам ёсць Праўдаю, вызваліць нас з няволі абману.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.