Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 32, 7–14
Пашкадуй і не рабі зла народу Твайму

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Пан сказаў Майсею: Хутчэй ідзі ўніз, бо зграшыў твой народ, які ты вывеў з егіпецкай зямлі. Хутка адвярнуліся яны ад шляху, які Я ім наказаў, і зрабілі сабе адлітае цяля, і пакланіліся яму, і прынеслі яму ахвяры, кажучы: Вось бог твой, Ізраэль, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі.

І зноў сказаў Пан Майсею: Я бачу народ гэты: гэта народ з цвёрдым каркам. А цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх і каб Я павынішчаў іх. З цябе ж Я зраблю вялікі народ.

Аднак Майсей пачаў маліць Пана Бога свайго, кажучы: Чаму разгарэўся Твой гнеў на Твой народ, які Ты вывеў з егіпецкай зямлі вялікаю моцай і магутнаю рукою? Навошта, каб егіпцяне казалі: На зло вывеў іх, каб пазабіваць у гарах і сцерці з аблічча зямлі. Адхілі полымя гневу Твайго, пашкадуй і не рабі зла народу Твайму. Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, якім Ты пакляўся самім сабою, кажучы: Памножу ваша патомства, як зоркі нябесныя; і ўсю гэту зямлю, пра якую казаў Я, дам нашчадкам вашым у вечную спадчыну.

І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 106 (105), 19–20. 21–22. 23 (Р.: 4а)

Рэфрэн:  Памятай пра нас, Пане, у сваёй прыхільнасці.

19. Зрабілі цяля пад Гарэбам *
і пакланяліся адлітаму ідалу.
20. І замянілі сваю славу *
на выяву быка, які есць траву.

Рэфрэн:

21. Забыліся пра Бога, свайго Збаўцу, *
які вялікія цуды ўчыніў у Егіпце,
22. дзіўныя справы ў зямлі Хама, *
грозныя рэчы каля Чырвонага мора.

Рэфрэн:

23. І сказаў, што знішчыць іх, *
але Майсей, Яго выбраны,
стаў перад Ім у расколіне, *
каб адхіліць Ягоны гнеў, каб іх не знішчыў.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 3, 16

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 5, 31–47
Майсей — вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў юдэям: Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне. І Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім ён сведчыць пра Мяне.

Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго; і не маеце слова Ягонага, якое б жыло ў вас, бо не верыце ў таго, каго Ён паслаў.

Вы даследуеце Пісанне, бо думаеце, што ў ім вы маеце жыццё вечнае; а яны і ёсць тым, што сведчыць пра Мяне. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.

Я не прымаю славы ад людзей, але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові Божай. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў ва ўласнае імя, вы прынялі б яго. Як вы можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?

Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Майсей – вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся. Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі не верыце пісанням ягоным, як паверыце Маім словам?

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Светач, які гарыць

“Ян быў светачам, які гарэў і свяціў”, – кажа Езус габрэям. Ян паказваў на Таго, Хто павінен быў прыйсці пасля яго, Які сам ёсць Святлом. Прыклад Яна можа паказаць нам, у чым заключаецца святасць: стаць пасудзінаю, у якой Бог распаліць сваё святло, дзе зможа гарэць святлом, якім Ён сам ёсць. Такое святло не можна схаваць (Мц 5, 15). Яно асвячае ўсіх тых, хто з ім сутыкнецца. Такое пакліканне кожнага з нас, пакліканне да святасці. Стаць светачам, полымем якога будзе сам Бог, да святла якога будуць гарнуцца ўсе тыя, якія яго ўбачаць.

Езу, Святло свету, просім Цябе, учыні, каб з чыстым сэрцам мы маглі ўсклікнуць разам з псалмістам: «Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло на маёй сцежцы». Пс 119 (120).

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.