Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 49, 8–15
Цябе зраблю запаветам для народа, каб аднавіць зямлю

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Я выслухаю цябе ў час спрыяльны, у дзень збаўлення Я дапамагу табе. Я захаваю цябе і зраблю запаветам для народа, каб аднавіць зямлю і падзяліць спустошаную спадчыну, каб сказаць вязням: Выходзьце, — а тым, хто ў цемры: Пакажыцеся.

Яны будуць пасвіцца пры дарогах, іх пашы будуць на ўсіх лысых узгорках. Яны не будуць галадаць і смагнуць, і не ўдарыць па іх ні спёка, ні сонца, бо той, хто шкадуе іх, накіруе іх і прывядзе да крыніцаў вады. Абярну ўсе горы ў дарогі, і шляхі Мае будуць узняты.

Вось адны прыходзяць здалёк. І вось другія – з поўначы і з захаду, а іншыя — з зямлі Сінім. Спявайце, нябёсы, і весяліся, зямля. Горы, усклікніце ад радасці. Бо Пан суцешыў свой народ і злітаваўся над сваімі ўбогімі.

І сказаў Сіён: Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне. Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 145 (144), 8–9. 13cd–14. 17–18 (Р.: 8а)

Рэфрэн:  Пан міласэрны і ласкавы.

8. Пан міласэрны і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.

Рэфрэн:

13. Пан верны ва ўсіх сваіх словах *
і святы ва ўсіх сваіх справах.
14. Пан падтрымлівае ўсіх, хто падае, *
і падымае ўсіх прыгнечаных.

Рэфрэн:

17. Пан справядлівы на ўсіх сваіх шляхах *
і верны ва ўсіх сваіх справах.
18. Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, *
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 11, 25а. 26

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Я — уваскрасенне і жыццё, — кажа Пан, —
хто верыць у Мяне, не памрэ навекі.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 5, 17–30
Як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус адказаў юдэям: Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю. За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў шабат, але таксама называў Бога ўласным Айцом, робячы сябе роўным Богу.

Тады Езус сказаў ім у адказ: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога не можа рабіць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць падобным чынам. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя, чым гэта, каб вы дзівіліся.

Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна, і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, хто пачуе, будуць жыць.

Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.

Не здзіўляйцеся гэтаму, таму што надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны. І тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння.

Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Езус суддзя

Мы рэдка затрымліваемся над вобразам Езуса як суддзі, а Евангелле вучыць нас, што Айцец увесь суд аддаў Сыну. Таму Езус з’яўляецца суддзёю, а Яго суд справядлівы. У Богу ўсё ж няма канфлікту паміж справядлівасцю і міласэрнасцю. Яны непадзельна злучаныя, як аверс і рэверс манеты. Бог судзіць, каб збавіць. Прыкладам можа быць Яго суд над Ненівай, які прывёў да яе вызвалення (пар. Ёны 4, 2), альбо суд Езуса над жанчынай, якую злавілі на чужалостве. Згодна з прадпісаннямі Закона яна заслугоўвала смерці, але адышла со словамі: І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы (Ян 8, 11). Таму Езус суддзя з’яўляецца нашай надзеяй. Ад Яго шмат разоў пачуем прысуд, які дае жыццё. І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы.

Езу, міласэрны і справядлівы Суддзя, просім, учыні, каб удзеленая Табою ласка прынесла ў нашым жыцці плён навяртання.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Серада

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.