Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 65, 17–21
Не будзе чутны голас плачу і голас крыку

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Вось Я ствараю новае неба і новую зямлю; мінулае больш не будзе успамінацца і не прыйдзе на думку.

А вы радуйцеся і цешцеся вечна з таго, што Я ствару, бо Я зраблю Ерузалем радасцю, а яго народ — весялосцю. І буду радавацца Ерузалему і цешыцца сваім народам. Больш не будзе ў ім чутны голас плачу і голас крыку.

Больш не будзе там немаўляці, што жыве толькі некалькі дзён, ні старога, які б не дасягнуў паўнаты сваіх дзён. Бо той, хто памрэ ў сто гадоў, будзе лічыцца юнаком; але грэшнік, які дасягне ста гадоў, будзе пракляты. І пабудуюць дамы, і населяць іх, пасадзяць вінаграднікі, і будуць спажываць іх плён.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 30 (29), 2 і 4. 5–6. 11 і 12а і 13b (Р.: 2а)

Рэфрэн:  Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў.

2. Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў *
і не дазволіў ворагам маім пацяшацца з мяне.
4. Пане, Ты вывеў з адхлані душу маю, *
Ты ўратаваў жыццё маё сярод тых, хто сыходзіць у магілу.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, *
памятайце пра святасць Ягоную.
6. Бо гнеў Яго трывае імгненне, †
а ласкавасць Яго — усё жыццё. *
Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць.

Рэфрэн:

11. Пачуй, Пане, і злітуйся нада мною, *
Пане, будзь мне дапамогай.
12. Ты нараканне маё замяніў на танец. *
13. Пане, Божа мой, буду хваліць Цябе вечна.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ам 5, 14

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Шукайце дабра, а не зла, каб жылі вы;
і Пан будзе з вамі.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 4, 43–54
Ідзі, сын твой жывы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус выйшаў з Самарыі і накіраваўся ў Галілею. Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны ва ўласнай бацькаўшчыне. Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.

Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. У Кафарнауме быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын. Пачуўшы, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, ён прыйшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў.

Езус жа сказаў яму: Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце.

Прыдворны кажа Яму: Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё.

Езус адказаў яму: Ідзі, сын твой жывы. Чалавек гэты паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў. Па дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі, што сын ягоны жывы. Тады распытваў іх, аб якой гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: Жывы сын твой. І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.

Гэта быў другі цуд, які ўчыніў Езус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Паверыць словам Езуса

Прыдворны можа быць для нас прыкладам веры. Калі ён вырушыў на сустрэчу з Езусам з просьбай, каб вылечыць ягонага сына, даў сведчанне сваёй веры, што Езус можа гэта ўчыніць. Адыходзячы дадому без аніякага бачнага знаку, які б пацвярджаў факт аздараўлення, робіцца прыкладам веры ў моц слова Езуса. Да гэтай веры пакліканыя таксама і мы, бо Езус прагне сустрэцца з намі ў сваім слове. Калі прыдворны атрымаў пацвярджэнне аздараўлення дзіцяці, паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. Аднак гэтым разам паверыў не ў лекара, не слову, а ў Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (Ян 1, 14).

Пане Езу, Ты клічаш нас да веры, якая не патрабуе знакаў. Дапамажы нашаму нявер’ю і навучы цалкам давяраць Твайму слову.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.