Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

ІV Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 16, 1b. 6–7. 10–13а
Намашчэнне Давіда каралём

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан сказаў Самуэлю: Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеема, бо Я знайшоў сабе караля між сынамі ягонымі.

Калі яны ўвайшлі, ён убачыў Эліява і сказаў: Сапраўды перад Панам гэта памазанік Ягоны! І сказаў Пан Самуэлю: Не зважай ні на аблічча яго, ні на ягоны высокі рост, бо Я адкінуў яго. Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца.

Нарэшце, Есэй прывёў да Самуэля сваіх семярых сыноў, і сказаў Самуэль Есэю: Пан нікога з іх не выбраў.

І сказаў Самуэль Есэю: Ці гэта ўсе твае сыны? Той адказаў: Застаўся яшчэ малодшы, ён пасвіць авечак. І сказаў Самуэль Есэю: Пашлі, каб прывялі яго, бо не сядзем за стол, пакуль не прыйдзе. Тады Есэй паслаў па Давіда, і прывялі яго. Ён быў руды, меў прыгожыя вочы і прывабны выгляд. І сказаў Пан: Устань і намасці яго, бо гэта ён. Тады Самуэль прынёс рог з алеем і намасціў яго між братоў ягоных. І Дух Пана сышоў на Давіда пасля таго дня.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

1. Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

6. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Эф 5, 8–14
Уваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла. Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе. Імкніцеся да таго, што даспадобы Богу. Не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх. Бо пра тое, што яны робяць патаемна, нават сорамна казаць. А ўсё, што выкрываецца праз святло, становіцца яўным, бо ўсё, што становіцца яўным, ёсць святло.

Таму сказана: Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8,12b

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38
Пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.

А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Гэта ён, — а іншыя: Падобны да яго. А ён сам казаў: Гэта я.

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу.

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату. Іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды? І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы? Той адказаў: Гэта прарок.

Сказалі яму ў адказ: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш? І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: Ці верыш ты ў Сына Чалавечага? Той адказаў: А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго? Езус сказаў Яму: Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. Ён жа сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Адкрыць Езуса

Лёгка сканцэнтравацца выключна на факце аздараўлення сляпога ад нараджэння і прапусціць тое, што вельмі важнае. Аздараўленне – гэта толькі ўступ да таго, што ёсць сутнасцю дзейнасці Езуса. Ён прагне кожнаму з нас адкрыць вочы так, каб мы былі ў стане зразумець, кім Ён ёсць, і адкрыць Яго сапраўдную натуру і пасланніцтва. У сляпога з сённяшняга Евангелля гэта атрымалася. На самым пачатку ён бачыць у Езусе звычайнага чалавека, а пасля вызнае: Гэта прарок. Напрыканцы аддае Яму паклон, вызнаючы веру ў Сына Чалавечага. Менавіта такім чынам паступова Езус прыводзіць гэтага чалавека ад духоўнай слепаты да святла веры. Кожны з нас павінен прайсці падобны працэс духоўнага прасвятлення. Таму будзем жа прасіць Бога, каб адкрыў нашы вочы.

Пане, Ты – святло свету. Адкрый нашы вочы, каб мы маглі ўбачыць Тваё святло, і прывядзі нас да поўнага пазнання Цябе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Нядзеля

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.