Серада — ІІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 1. 5–9
Заклік да захавання загадаў

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых.

Вось я навучыў вас пастановам і законам, як Пан, Бог мой, загадаў мне, каб вы выконвалі іх на зямлі, якою ідзеце авалодаць. Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?

Аднак сцеражыся і пільнуй душу сваю, каб ты не забыў пра справы, што бачылі вочы твае, і каб яны не выйшлі з твайго сэрца ва ўсе дні жыцця твайго. Ты раскажаш пра іх сынам і ўнукам тваім.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 147, 12–13. 15–16. 19–20 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Хвалі, Ерузалем, Пана, твайго Бога.

12. Хвалі, Ерузалем, Пана, *
праслаўляй, Сіён, твайго Бога.
13. Бо Ён умацоўвае засовы брамаў тваіх, *
благаслаўляе сярод цябе сыноў тваіх.

Рэфрэн:

15. Ён пасылае слова сваё на зямлю, *
вельмі хутка ляціць Яго слова.
16. Ён снег дае, быццам воўну, *
сыпле іней, як попел.

Рэфрэн:

19. Ён абвясціў слова сваё Якубу, *
пастановы свае і прысуды Ізраэлю.
20. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, *
яны не ведаюць прысудаў Ягоных.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 6, 63c, 68c

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём,
Ты маеш словы жыцця вечнага.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 17–19
Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Уся апісаная ў Бібліі гісторыя збаўлення – гэта карта слядоў Бога, Які ідзе за сваім людам, каб прывесці яго да паўнаты жыцця. Яго словы і чыны, якія азначаюць супольную вандроўку, з’яўляюцца гарантыяй, што ў Месіі споўніцца апошняе “Амэн” – пацвярджэнне дадзеных праз вякі абяцанняў і запаветаў. Менавіта ў Ім споўніцца ўсё да ёты.

Разважанні Войцеха Енджэеўскага OP, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Вялікі пост, Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць