Субота — сёмы звычайны тыдзень, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 17, 1–15
Паводле свайго вобразу стварыў Бог чалавека
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Пан стварыў чалавека з зямлі
і зноў яго верне ў яе.
Пэўны лік дзён і адпаведны час Ён удзяліў людзям
і даў ім уладу над усім, што на зямлі.
Ён апрануў іх у сілу, падобную да сваёй,
і паводле свайго вобразу стварыў іх.
Ён уклаў у кожную істоту страх перад чалавекам,
каб ён панаваў над жывёламі і птушкамі.
Ён даў людзям разважнасць, вочы, вушы і сэрца, каб думаць.
Веданнем і розумам напоўніў іх
і паказаў ім дабро і зло.
Сваё вока Ён паклаў на іхнія сэрцы,
каб паказаць ім веліч сваіх спраў.
Яны будуць апяваць Яго святое імя,
каб расказаць пра веліч спраў Ягоных.
Ён паклаў перад імі веды
і даў ім у спадчыну закон жыцця.
Устанавіў з імі вечны запавет
і паказаў ім свае пастановы.
Іх вочы ўбачылі веліч Яго славы,
а славу голасу Яго пачулі іх вушы.
Ён сказаў ім: Беражыцеся ўсяго несправядлівага.
І кожнаму з іх даў запаведзь наконт бліжняга свайго.
Іх шляхі заўжды перад Ім,
яны не схаваюцца ад Ягоных вачэй.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 103 (102), 13–14. 15–16. 17–18а (Р.: пар. 17)
Рэфрэн: Ласка Пана з тымі, хто Яго баіцца.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.
14. Бо Ён ведае, з чаго створаны мы; *
памятае, што мы з’яўляемся пылам.
Рэфрэн:
15. Дні чалавека — як трава, *
як палявая кветка, ён цвіце.
16. Вецер падзьме над ім, і больш яго няма, *
і ўжо месца ягонае не пазнае яго.
Рэфрэн:
17. Міласэрнасць Пана спрадвеку *
і аж навекі над тымі, хто Яго баіцца;
і справядлівасць Яго над сынамі сыноў; *
18. над тымі, хто захоўвае Ягоны запавет.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
бо таямніцы Валадарства Ты адкрыў дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 13–16
Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыносілі да Езуса дзяцей, каб ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Смак Евангелля
Бог даў людзям уладу над зямлёй, вольную волю, розум і веды пра дабро і зло. Аднак мы не самадастатковыя, бо жывём дзякуючы любові Айца. Кожны дзень мы нанава атрымліваем ад Яго дар існавання. Бог “паклаў сваё вока” ў нашым сэрцы, каб аберагаць нас і паказваць сярод шматлікіх дарог нашага жыцця найбольш адпаведную, якая вядзе да Яго, а гэта значыць, да шчасця. Ён навучае ёй у глыбіні нашых сэрцаў, бо ёсць Тым, хто нас ведае, любіць і прагне нашага дабра.
Разважанні Малгажаты Канарскай, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні