Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Пятніца — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 6, 5–17
Вернаму сябру няма цаны

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Мілыя словы прыцягваюць сяброў,
а ласкавы язык павялічвае зычлівасць.
Няхай тых, хто жыве з табою ў міры, будзе шмат,
але тваіх дарадцаў — з тысячы адзін.
Калі здабываеш сябра, выпрабуй яго
і не спяшайся давяраць яму.
Бывае сябра, але ў выгадны для сябе час,
ён не застанецца з табою ў няшчасці тваім.
Бывае сябра, які ператвараецца ў ворага
і табе на сорам выяўляе вашы сваркі.
Бывае і сябра, які сядзіць з табою за сталом,
але не застанецца з табою ў няшчасці тваім.
У час, спрыяльны для цябе, ён будзе нібы сам ты,
са слугамі тваімі дзёрзкі будзе.
Але, калі патрапіш у непрыемнасці,
ён павернецца супраць цябе і будзе пазбягаць твайго аблічча.
Аддаліся ад ворагаў сваіх
і будзь асцярожны са сваімі сябрамі.
Верны сябра — гэта моцная абарона,
хто яго знаходзіць, той знаходзіць скарб.
Вернаму сябру няма цаны,
і невымерная каштоўнасць яго.
Верны сябра — гэта лек жыцця,
і яго знойдуць тыя, хто баіцца Пана.
Богабаязны добра вядзе сваё сяброўства;
таму, які ён сам, такі таксама бліжні ягоны.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 12 і 16. 18 і 27. 34–35 (Р.: 35а)

Рэфрэн: Вядзі мяне сцежкаю Тваіх запаведзяў, Пане.

12. Благаслаўлёны Ты, Пане, *
навучы мяне Тваім пастановам.
16. Радуюся Тваім наказам, *
слова Твайго не забуду.

Рэфрэн:

18. Адкрый мае вочы, *
каб я ўбачыў цуды Твайго Закону.
27. Дай мне зразумець дарогу Тваіх наказаў, *
і буду разважаць пра Твае цуды.

Рэфрэн:

34. Навучы мяне, і буду захоўваць закон Твой *
і берагчы яго ўсім сэрцам.
35. Вядзі мяне сцежкаю Тваіх запаведзяў, *
бо я ўпадабаў яе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 17, 17bа

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Тваё, Пане, — гэта праўда.
Асвяці нас у праўдзе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 1–12
Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. І зноў збіраліся да Яго людзі, і Ён, паводле свайго звычаю, зноў навучаў іх.

Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Вучні, занепакоеныя радыкалізмам навукі Езуса аб непарыўнасці сужэнства, сам-насам з Езусам упэўніваюцца, ці добра Яго зразумелі. Многія з нас перажываюць хвіліны сумненняў і няпэўнасці, аднак ці хапае ў нас адвагі, каб тады звярнуцца да Езуса і ў Яго шукаць адказы на хвалюючыя пытанні? Яго Слова – гэта праўда, якая нас вызваляе і асвячае. Калі будзем шчыра пытаць, то не застанемся без адказу, а калі сапраўды будзем шукаць Божую дапамогу, атрымаем яе і будзем у стане пайсці дарогай вернай любові аж да канца.

Разважанні Богны Пашкевіч, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Пятніца

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.