Серада — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 4, 11–19
Хто любіць мудрасць, таго любіць Бог

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Мудрасць узвышае сваіх дзяцей
і падтрымлівае тых, хто яе шукае.
Хто яе любіць, той любіць жыццё,
а тыя, хто яе шукае ад світання, напоўняцца радасцю.
Хто ёй валодае, атрымае ў спадчыну славу,
і куды б ні пайшоў, благаславіць яго Пан.
Тыя, хто служыць ёй, будуць служыць Святому,
а тых, хто ўпадабаў яе, палюбіць Пан.
Хто паслухмяны ёй, той будзе судзіць народы,
а хто зважае на яе, той будзе жыць у бяспецы.
Хто ёй даверыцца, атрымае ў спадчыну яе,
і валодаць ёю будуць ягоныя нашчадкі.
Спачатку яна пойдзе з ім пакручастымі шляхамі, будзе наводзіць на яго боязь і страх
і мучыць яго сваім выхаваннем,
пакуль не ўпэўніцца ў ягонай душы
і не выпрабуе яго сваімі наказамі.
Але потым зноў вернецца да яго па простым шляху, і ўзрадуе яго,
і адкрые яму свае таямніцы.
Калі ж ён заблукае, пакіне яго
і аддасць яго ў рукі ягонага падзення..

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 119 (118), 165 і 168. 171–172. 174–175 (Р.: 165а)

Рэфрэн: Вялікі спакой у тых, хто любіць Твой закон.

165. Вялікі спакой у тых, хто любіць Твой закон, *
яны ніколі не спатыкнуцца.
168. Я захоўваю наказы Твае і сведчанні, *
бо ўсе мае шляхі перад Табою.

Рэфрэн:

171. Вусны мае абвяшчаюць хвалу, *
бо Ты вучыш мяне сваім пастановам.
172. Няхай язык мой спявае Тваё слова, *
бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

Рэфрэн:

174. Я прагну, Пане, Твайго збаўлення, *
і закон Твой — мая ўцеха.
175. Няхай жыве мая душа і Цябе хваліць, *
няхай мне дапамогуць Твае прысуды.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан, —
ніхто не прыходзіць да Айца інакш,
як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 38–40
Хто не супраць нас, той з намі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі.

Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Абмен, які аздараўляе

Хоць у сённяшнім Евангеллі Езус пытае сваіх вучняў аб тым, што людзі кажуць пра Яго, аднак варта запытацца, што яны кажуць пра нас. Не для таго, каб кіравацца іх меркаваннямі і паддавацца намечаным імі кірунку, але для таго, каб зразумець, як нас успрымаюць людзі. Мы самі не заўсёды ў стане зразумець свае таленты і абмежаванні. Для гэтага Бог пасяліў нас ў супольнасці, каб паміж намі адбываўся абмен, які аздараўляе. Словы іншых людзей могуць стаць вельмі карыснымі ў будаўніцтве пачуцця ўласнай годнасці альбо ў звароце з грэшнай дарогі, якую мы па нейкім прычынам абралі. Аднак будзем жа помніць аб тым, што словы маюць моц. Таму менавіта так, як мы хочам, каб іншыя звярталіся да нас, можа асабліва тады, калі мы вырашаем складаныя справы, так і мы таксама павінны звяртацца да іх, заўсёды адараць павагай і любоўю.

Пане Езу, навучы нас слухаць іншых і звяртацца да іх з любоўю. Няхай тыя, хто нас акружае, будуць для нас прыладай збаўлення.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць