Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 13, 15–17. 20–21
Бог спакою, які ўваскрасіў з мёртвых Вялікага Пастыра, няхай удасканаліць вас ва ўсялякай добрай справе

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плён вуснаў, якія дзякуюць імені Ягонаму.

Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Слухайцеся настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над вашымі душамі як тыя, хто будзе здаваць справаздачу, каб яны рабілі гэта з радасцю, а не ўздыхаючы; інакш гэта не прынясе вам карысці.

А Бог спакою, які ўваскрасіў з мёртвых Вялікага Пастыра авечак, Пана нашага Езуса Хрыста праз кроў вечнага запавету, няхай удасканаліць вас ва ўсялякай добрай справе, каб вы выконвалі Ягоную волю, робячы сярод вас тое, што падабаецца Яму, праз Езуса Хрыста, якому хвала на вякі вечныя. Амэн.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

1. Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

6. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6, 30–34
Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы да Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі, і шмат хто даведаўся; і пешкі збегліся туды з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многаму.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Патрэба адзіноты

Ёсць такая адзінота, якая забівае, але ёсць таксама такая адзінота, якой кожны з нас патрабуе. Першая – гэта адзінота без Бога, другая – з Ім. Кожны з нас патрабуе гэтай самоты, якая аднаўляе і ўзмацняе нас. Калі ў нас не атрымліваецца знайсці для яе час, то раней ці пазней наша духоўнае жыццё цалкам адамрэ. Духоўнасць не з’яўляецца інтэлектуальным разважаннем пра Бога. Яна з’яўляецца сустрэчай з Ім, сам-насам, тварам у твар. У Старым Запавеце толькі некалькі выключных асоб мела прывілей размаўляць з Богам тварам у твар (пар. Быц 32,31; Зых 33, Дрг 34,10). Дзякуючы Езусу, Які прыйшоў, каб паказаць нам аблічча Бога, кожны з нас можа ўглядацца ў яго ў Езусе. Няхай гэта будзе нашым досведам як мага часцей.

Пане Езу, Ты паказваеш нам аблічча Бога. Навучы нас малітве, якая будзе праўдзівым спатканнем з Табою.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.