Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Аўторак IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 1–4
Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону.

Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх і не аслаблі. Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 22 (21), 26b–27. 28 і 30. 31–32 (Р.: пар. 27b)

Рэфрэн: Няхай хваляць Пана, хто Яго шукае.

26. Выканаю абяцанні перад тымі, хто баіцца Яго.*
27. Няхай спажываюць бедныя і насычаюцца,
няхай хваляць Пана тыя, хто Яго шукае, *
няхай сэрцы іхнія жывуць навекі.

Рэфрэн:

28. Успомняць і навернуцца да Пана ўсе межы зямлі, *
і паклоняцца перад Табою ўсе плямёны язычнікаў.
30. Толькі Яму будуць пакланяцца ўсе, хто спіць у зямлі, †
перад Яго абліччам упадуць усе, хто абяртаецца ў пыл. *
Але душа мая будзе жыць для Яго.

Рэфрэн:

31. Патомства маё будзе служыць Яму. *
Наступнаму пакаленню будуць расказваць пра Пана,
32. і абвесцяць Яго справядлівасць народу, які народзіцца: *
Гэта ўчыніў Пан.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 8, 17

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў на сябе нашую слабасць
і вылячыў хваробы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 5, 21–43
Дзяўчынка, табе кажу, устань!

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

А пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонай вопраткі, бо казала сама сабе: Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею. І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што выздаравела ад хваробы. Езус жа, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі? І вучні Ягоныя сказалі Яму: Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся «хто дакрануўся да Мяне?». Але Ён аглядаўся навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. Жанчына ж спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што сталася ёй. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад хваробы сваёй.

Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі. Убачыў Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўвайшоў туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! – што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Майце адвагу дакрануцца да Езуса

Часта, падобна жанчыне з сённяшняга Евангелля, мы на працягу шматлікіх год змагаемся з уласнымі слабасцямі, больш ці менш эфектыўна шукаем дапамогі ў розных месцах. Часам нават здаемся ў гэтай барацьбе, бо не бачым ніякага выйсця. Бог не абыякавы да цярпення, з якім мы сустракаемся. Ён прагне нам дапамагчы. Возьмем сёння прыклад з храбрай жанчыны і будзем жа мець адвагу, каб дакрануцца да Езуса. Можа не ўсё адразу будзе ў нас аздароўлена, але дакладна распачнецца пэўны працэс перамены, у якім Езус будзе з намі. Падобна Яіру, даверымся Езусу, бо нават тады, калі мы ў выніку сваіх жыццёвых выбараў сталі духоўна мёртвымі, то Ён можа ўзяць нас за руку і сказаць нам: Табе кажу, устань!

Пане Езу, дапамажы нам усім сабою прыхіліцца да Цябе. А калі мы не ў стане гэта зрабіць, Ты сам дакраніся да нас, каб мы вярнуліся да жыцця.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Аўторак

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.