Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 4, 12–16
Наблізімся з даверам да трону ласкі

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца. І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам.

Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 15 (Р.: пар. Ян 6, 63с)

Рэфрэн: Словы Твае, Пане, даюць вечнае жыццё.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн:

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

15. Няхай словы маіх вуснаў *
і думкі майго сэрца
будуць даспадобы Табе, Пане, *
мая скала і мой Адкупіцель.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 4, 18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 2, 13–17
Я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус зноў выйшаў да мора. І ўсе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх. Праходзячы, убачыў Ён Левія, сына Алфея, які сядзеў каля мытні, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Той устаў і пайшоў за Ім.

Калі Езус узлягаў за сталом у ягоным доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў былі разам з Езусам і Ягонымі вучнямі. Бо шмат было тых, хто ішоў следам за Ім. Кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; Я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Таямніца паклікання

Можна ўсё жыццё заглыбляцца ў тэалогію і правілы маральнасці, як гэта рабілі фарысеі, але, нягледзячы на ўсё гэта, не ведаць Бога. Немагчыма ў поўні апісаць і зразумець Бога. Ён цалкам пераўзыходзіць створаны Ім свет. Кожная спроба набыцця праўды пра Яго якой-небудзь групай альбо рэлігіяй павінна скончыцца паражэннем. Калі Езус кліча людзей, Ён не глядзіць на навуковыя тытулы і колькасць прачытаных кніг на Яго тэму. Яго пункт гледжання зусім іншы. Евангелле вучыць нас, што тыя, каго мы зазвычай адкідваем на маргінэз грамадскага жыцця, альбо тыя, каму мы адмаўляем у прыналежнасці да яго, а менавіта такім быў Левій, што працаваў на рымскіх акупантаў, вельмі часта знаходзяць у Бога прыхільнасць. Бог не прагне, каб мы былі дасканалымі, Ён прагне, каб мы былі сапраўднымі.

Божа, навучы нас, як не ацэньваць іншых людзей і як адкрываць праўду пра нас саміх. Вядзі нас да поўні жыцця, крыніца і мэта якой у Табе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць