Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

4 студзеня — перыяд Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 3, 7–10
Не можа грашыць, бо народжаны ад Бога

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Дзеці, няхай ніхто не зводзіць вас. Хто паступае справядліва, той справядлівы, як і Ён ёсць справядлівым. Хто чыніць грэх — той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Ягонае жыве ў ім, і ён не можа грашыць, бо народжаны ад Бога. Па гэтым можна пазнаць дзяцей Божых і дзяцей д’ябла: кожны, хто паступае несправядліва, той не ад Бога, як і той, хто не любіць брата свайго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 98 (97), 1. 7–8. 9 (Р.: 3c)

Рэфрэн: Убачылі ўсе збаўленне Бога нашага.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

7. Няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе, *
сусвет і тое, што жыве ў ім.
8. Няхай рэкі пляскаюць у далоні; *
няхай узрадуюцца разам горы.

Рэфрэн:

9. Перад абліччам Пана, які надыходзіць, *
бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва *
і народы паводле праўды.

Рэфрэн

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гбр 1, 1–2

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шмат разоў прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў,
у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 35–42
Мы знайшлі Месію

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам.

А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце?

Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае „настаўнік“), дзе жывеш?

Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны.

Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае „Пётр“, „скала“).

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: “Ідзіце і ўбачыце!”

Каб стаць вучнем Езуса, трэба “ўбачыць, дзе Ён жыве”. І тут не ідзе гаворка пра канкрэтнае месца альбо нейкі будынак, але пра тое, кім Ён ёсць. Быць вучнем – гэта жыць у прысутнасці Настаўніка, задаваць Яму пытанні, слухаць Яго адказы, назіраць за Яго любоўю да другога чалавека, а напрыканцы быць пасланым Ім, каб несці Добрую Навіну і працягваць Яго справу. Прабыванне з Езусам распачынаецца з усведамлення таго, што Ён дакладна мяне ведае, што для Яго ўва мне няма нічога скрытага. Ён ведае, які я ёсць і прымае мяне. Гэта толькі Ён мае моц плённа перамяняць маю натуру, каб я станававіўся верным вучнем.

Прагну сустрэчы з Табою, Пане, якая пераменіць маё жыццё і дазволіць мне ісці Тваімі дарогамі, ведаць Цябе і любіць. Ты таксама кажаш мне: “Ідзі і ўбачыш!”.

Разважанні кс. Марывуша Краўца SSP
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Божае Нараджэнне, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.