Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

30 снежня — шосты дзень у актаве Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 12–17
Хто выконвае Божую волю, той жыве вечна

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Пішу вам, дзеці,
бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, айцы,
бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку.
Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога.
Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца.
Я напісаў вам, айцы,
бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку.
Я напісаў вам, юнакі,
бо вы моцныя,
і слова Божае жыве ў вас,
і вы перамаглі злога.

Не любіце свету ані таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха – не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 96 (95), 7–8а. 8b–9. 10 (Р.: 11а)

Рэфрэн: Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля.

7. Аддайце Пану, плямёны народаў, *
аддайце Пану славу і моц,
8. аддайце Пану *
славу дзеля імя Ягонага.

Рэфрэн:

Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў Ягоныя дзядзінцы. *
9. Пакланіцеся Пану ў велічнай святыні.
Дрыжы, уся зямля, *
перад Яго абліччам.

Рэфрэн:

10. Кажыце між плямёнамі:*
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Заззяў нам святы дзень,
ідзіце, народы, пакланіцеся Пану,
бо вялікае святло сышло сёння на зямлю.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 2, 36–40
Казала пра Езуса ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі бацькі прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, была там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі пажылым веку, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, постам і малітваю служачы Богу ўдзень і ўначы. І яна прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.

Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, тады вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Спачатку былі каляровыя кубікі, лялька, што зачыняла вочы, машынка на батарэйках. Потым дзяўчынка з паралельнага класа з далікатнымі вяскушкамі на носе, потым вывучэнне архітэктуры, вакацыі ў Гішпаніі. Мы сапраўды думалі, што памрэм, калі гэта ўсё прамінала з дзіўнай лёгкасцю. Бо нічога з гэтага не засталося. Прамінула, а мы жывём далей. І надалей жывём, і надалей мы няўпэўненыя ў нашым уменні адрозніваць тое, што прамінае, ад таго, што трывае на вякі.

Войцех Чвіхоцкі OP, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Божае Нараджэнне

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.