Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

29 снежня — пяты дзень у актаве Нараджэння Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 3–11
Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Па тым даведваемся, што мы пазналі Езуса, калі выконваем Ягоныя запаведзі. Хто кажа: Я ведаю Яго, — а не выконвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды. А хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; і па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен паступаць так, як Ён паступаў.

Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо свеціць. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 5b–6 (Р.: 11а)

Рэфрэн: Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.*
3. Апавядайце між плямёнамі пра славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

5. Пан стварыў нябёсы. *
6. Хвала і веліч перад Яго абліччам,
моц і прыгажосць *
у Ягонай святыні.

Рэфрэн

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 2, 32

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Святло для асвятлення язычнікаў
і хвала народу Твайго Ізраэля.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 2, 22–35
Святло для асвятлення язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

А Яго бацька і Маці дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго:

Вось гэты прызначаны на падзенне
і на паўстанне многіх у Ізраэлі,
і на знак, якому супраціўляцца будуць.
І праз Тваю душу пройдзе меч,
каб выявіліся думкі многіх сэрцаў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Місія Езуса ўжо вядомая

Езус прыносіць радасць ужо як малое дзіця. Св. Лука падкрэслівае, што гэту радасць адчуваюць тыя, хто паслухмяны Святому Духу. Яны распазнаюць у Дзіцяці Збавіцеля свету. Гэта стала ўдзелам Сімяона, чалавека справядлівага і пабожнага, які ў старасці дачакаўся спаўнення абяцання, якое даў яму Бог. Позірк з верай дазволіў Сімяону апрача святла заўважыць таксама цемру цярпення, якое ў прарочых словах ён прадказаў Марыі. Місія Езуса ўжо вядомая Яго выбраным.

Хрысце, маё сэрца напаўняе радасць ад спаткання з Табою. Няхай яна павялічваецца за кожным разам, калі паслухмяны Святому Духу я разважаю Божае Слова і сустракаю Цябе ў святыні.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Божае Нараджэнне, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.