Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

26 снежня — свята св. Стэфана, першамучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 6, 8–10; 7, 54–60
Вось бачу нябёсы раскрытыя

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу. Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай і кірынэйскай, і александрыйскай, і некаторыя з Кілікіі і Азіі паўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам. Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў.

Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 31 (30), 3cd–4. 6 і 8аb. 16bc i 17 (Р.: 6а)

Рэфрэн: У рукі Твае, Пане, аддаю я дух мой.

3. Будзь для мяне каменнай цвярдыняй, *
домам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты мая скала і мая цвярдыня, *
дзеля імя Твайго кіруй мною і вядзі мяне.

Рэфрэн:

6. У рукі Твае аддаю дух мой; *
Ты мяне вызваліў, Пане, Божа верны.
8. Весялюся і радуюся міласэрнасці Тваёй, *
бо глянуў Ты на няшчасце маё.

Рэфрэн:

16. У Тваіх руках дні мае, *
вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.
17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.

Рэфрэн

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 118 (117), 26а і 27а

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана, *
Пан ёсць Богам, і Ён асвятліў нас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 17–22
Не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага будзе гаварыць праз вас

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім апосталам: Сцеражыцеся людзей, бо будуць аддаваць вас судам і ў сінагогах сваіх будуць бічаваць вас. І павядуць вас да правіцеляў і да каралёў з-за Мяне, дзеля сведчання перад імі і язычнікамі. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць.

Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага будзе гаварыць праз вас. І выдасць брат брата на смерць, і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і аддадуць іх на смерць. І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Хто ж вытрывае да канца, будзе збаўлены.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Стаць на баку праўды

Сённяшняе свята паказвае, што Нараджэнне Езуса, Яго прыйсце да нас вымагае выразна выказацца за праўды, нават тады, калі брат выдае на смерць брата. Такі пераслед Касцёл зведаў адпачатку і ўсё яшчэ адчувае. І сёння ёсць сучасныя Стэфаны, якіх выдаюць на суд, камянуюць і караюць. Таксама ў нашыя часы хрысціянаў прыводзяць да каралёў, каб выдаць прысуд. Іх смерць недарэмная, як не была дарэмная смерць Стэфана. Пасля яго ўкаменавання навярнуўся той, хто назіраў за гэтым – Саўл, які пазней стаў Апосталам Паўлам. Кроў мучанікаў становіцца насеннем хрысціян. Нараджаецца Хрыстус, нараджаюцца таксама хрысціяне.

Хрысце, сведчанне Стэфана прыпамінае мне, што нельга застацца абыякавым у адносінах да Твайго нараджэння. Узмоцнены Святым Духам прагну быць Тваім верным сведкам.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Свята, Святыя, Божае Нараджэнне

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.