Серада — Трэці тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 45, 6b–8. 18. 21b–25
Крапіце, нябёсы, з вышыняў

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Я — Пан, і няма іншага.
Я фармую святло і ствараю цемру,
чыню дабрабыт і ствараю нядолю.
Я, Пан, чыню ўсё гэта.
Крапіце, нябёсы, з вышыняў,
і хмары няхай пральюць справядлівасць.
Няхай адкрыецца зямля і народзіць збаўленне,
і разам узыйдзе справядлівасць.
Я, Пан, стварыў усё гэта.
Бо гэта гаворыць Пан,
які стварыў нябёсы, Ён — Бог,
які сфармаваў зямлю і ўчыніў яе;
Ён ўмацаваў яе,
не пустой стварыў яе;
сфармаваў яе, каб на ёй жылі.
Я — Пан, і няма іншага.
Ці не Я — Пан?
І няма іншага Бога апроч Мяне!
Бога справядлівага і Збаўцы
няма апроч Мяне.
Звярніцеся да Мяне, усе межы зямлі,
і будзеце збаўлены,
бо Я — Бог, і няма іншага!
Прысягаю на Самога Сябе,
з вуснаў Маіх выходзіць справядлівасць,
слова нязменнае.
Бо перада Мною схіляецца кожнае калена,
на Мяне прысягаць будзе кожны язык,
і скажа Мне: Толькі ў Пану перамога і моц!
Да Яго прыйдуць і засаромеюцца ўсе,
хто трымаў зло на Яго.
Панам будзе апраўдана і ўслаўлена
ўсе патомства Ізраэля.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14 (Р.: пар. Іс 45, 8)

Рэфрэн: Нябёсы няхай пральюць справядлівасць.

9. Паслухаю, што гаворыць Пан Бог. *
Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім.
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае +
для тых, хто баіцца Яго, *
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.

Рэфрэн:

11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, *
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
12. Вернасць вырасце з зямлі, *
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.

Рэфрэн:

13. Пан адорыць нас шчасцем, *
а зямля наша дасць свой плён.
14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *
і паставіць на шлях крокі свае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Іс 40, 9–10

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 18b–23
Раскажыце яму, што вы бачылі і чулі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Аднойчы:

Ян паклікаў дваіх з вучняў сваіх і паслаў іх да Езуса спытацца: Ты той, які павінен прыйсці, ці чакаць нам іншага? Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі Яму: Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Ты той, які павінен прыйсці, ці чакаць нам іншага?

У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хваробаў, немачаў і ад злых духаў, і многім сляпым вярнуў зрок. І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце і раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Справы Езуса сведчаць пра Яго

Падчас чакання жаданай асобы могуць з’явіцца сумненні. Так было ў выпадку Яна Хрысціцеля. Ён усведамляе, што яго місія як пасрэдніка заканчваецца, таму хоча быць упэўнены, што Месія, якога ён прадказваў, сапраўды прыйшоў. Езус указвае на свае справы, якія сведчаць пра Яго, што Ён пасланы Богам (Ян 5, 36). Гэта аздараўленні, якія вяртаюць лад у справе стварэння. Слепата, праказа, таксама іншыя хваробы і калецтвы не былі задуманыя Створцам. Гэта не ўласцівае для чалавека становішча. Менавіта так аб’яўляе сябе Езус, сапраўдны Месія, які прыйшоў вызваліць нас з найбольшай нашай няволі, якой з’яўляецца дзеянне злога духа.

Хрысце, штодзённае чытанне Евангелля ўзмацняе мяне ў чаканні Твайго прыйсця. З надзеяй чакаю Цябе, бо ведаю, што толькі Ты адзіны прынясеш мне сапраўднае шчасце.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць