8 снежня — урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–15.20
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю

Чытанне Кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

І назваў Адам жонку сваю Евай, бо яна маці ўсіх жывых.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3cd–4. (Р.: 1а)

Рэфрэн: Спявайце Пану новую песню, бо Ён учыніў цуды.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікайце Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 3–6. 11–12
Бог выбраў нас у Хрысце перад стварэннем свету

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсякім духоўным благаславеннем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

У Ім мы сталі ўдзельнікамі, будучы прадвызначанымі адпаведна задуме таго, хто здзяйсняе ўсё паводле намеру волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі на пахвалу Ягонай славы.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 1, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою,
благаславёная Ты між жанчынамі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 26–38
Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.

А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Марыя была захаваная ад бруду граху Божай ласкай. Яна найлепш сярод усіх стварэнняў супрацоўнічала з Богам і мелі чыстую любоў. Адкрытая на натхненне Бога Яна дасканала выканала Яго волю. Углядаючыся ў Яе і давяраючы сябе Яе заступніцтву, мы таксама можам перамагчы моц граху ў нашым жыцці і ісці за прагненнямі Хрыста. А тады ўсе нашыя малітвы і праца прынясуць Богу хвалу, а нам духоўную карысць.

Разважанні Кс. Марыуш Едлічка, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Урачыстасць, Разважанні, Адвэнт

Друкаваць