Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Аўторак — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 1–11
Бог суцяшае свой народ

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Суцешце, суцешце народ Мой! —
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаныя беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Голас кажа: Абвяшчай!
І сказаў я: Што абвяшчаць?
Кожнае цела — трава,
і ўся сіла яго — як палявая кветка.
Трава высыхае, вяне кветка,
калі падзьме на яе вецер Пана;
сапраўды, народ — гэта трава.
Высыхае трава, вяне кветка,
а слова Бога нашага трывае заўсёды.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 96 (95), 1–2. 3 і 10аc. 11–12. 13 (Р.: пар. Іс 40, 9–10)

Рэфрэн: Вось наш Бог прыходзіць з моцаю вялікай.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, слаўце Ягонае імя, *
абвяшчайце з дня на дзень Яго збаўленне.

Рэфрэн:

3. Апавядайце між плямёнамі пра славу Яго, *
паміж усімі народамі цуды Ягоныя.
10. Кажыце між плямёнамі: Пан валадарыць, *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:

11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
12. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.

Рэфрэн:

13. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Набліжаецца дзень Пана,
які прыйдзе, каб нас збавіць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 12–14
Бог не хоча гібелі тых, хто заблукаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? І, калі атрымаецца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Логіка Божай любові

Чалавек знаходзіць розныя сродкі, каб сябе ўсцешыць: ад філасафічных парадаў да алкаголю. Хоць Біблія прыпамінае, што крыніцай сапраўднай радасці з’яўляецца Бог, але сённяшняе Евангелле паказвае адваротную сітуацыю. Не толькі Бог суцяшае чалавека, але чалавек таксама можа ўсцешыць Бога. Здаецца, што гэта нелагічна, але ж таксама не вельмі лагічна пакінуць дзевяноста дзевяць авечак, каб шукаць адну, якая заблукала. Толькі Бог можа больш радавацца адной авечцы, якая знайшлася, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. Такая логіка Божай любові, вернай і бясконца адданай. Жаль за грахі, шчырая споведзь і моцнае пастанаўленне выправіцца ў канфесіянале – гэта нашыя сродкі, каб радаваць Бога Айца.

Пане, Які ёсць дарогай, цешуся, што Ты не перастаеш мяне шукаць, калі я блукаю на далёкіх сцежках граху. Дзякуючы Табе я вяртаюся.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Адвэнт, Разважанні, Аўторак

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.