Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 1–10
Сам Бог прыйдзе і збавіць вас

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
і радавацца будзе, і спяваць.
Слава Лібану будзе дадзена яму,
гонар Кармэлю і Сарону.
Яны ўбачаць славу Пана,
веліч нашага Бога.
Умацуйце слабыя рукі,
узмацніце дрыжачыя калені.
Скажыце маладушным:
Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
адплата Божая.
Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
Тады вочы сляпых будуць бачыць,
і вушы глухіх адкрыюцца.
Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
і язык нямых усклікне радасна.
Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
і патокі ў стэпах;
засохлая зямля ператворыцца ў возера;
бязводнае месца ў крыніцы вады;
логава, дзе ляжалі шакалы,
стане месцам трыснягу і папірусу.
І будзе там шырокі шлях і дарога,
і назавецца яна святой дарогай;
не пойдзе па ёй нячысты,
калі адправіцца ў падарожжа,
і неразумныя не будуць па ёй блукаць.
Ільва не будзе там,
і драпежны звер не ўзыдзе на яе, не будзе яго там,
а будуць хадзіць па ёй адкупленыя.
Выбаўленыя Панам вернуцца
і прыйдуць на Сіён з радасным спевам,
і вечная радасць акрые іх галовы.
Вяселле і радасць напоўніць іх,
а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14 (Р.: Іс 35, 4d)

Рэфрэн: Вось прыйдзе Бог і збавіць нас.

9. Паслухаю, што гаворыць Пан Бог; *
Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім,
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае +
для тых, хто баіцца Яго, *
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.

Рэфрэн:

11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, *
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
12. Вернасць вырасце з зямлі, *
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.

Рэфрэн:

13. Пан адорыць нас шчасцем, *
а зямля наша дасць свой плён.
14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *
і паставіць на шлях крокі свае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзе наш Пан, Валадар зямлі
і скіне з нас ярмо няволі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 5, 17–26
Дзіўныя рэчы бачылі мы сёння

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Аднойчы, калі Езус вучыў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасцяў Галілеі і Юдэі, і Ерузалема. І моц Пана была з Ім, што мог аздараўляць.

І вось людзі прынеслі на насілках чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабавалі ўнесці яго ў дом і пакласці перад Ім. І калі з-за натоўпу не змаглі пранесці яго, залезлі на страху дома і праз дах спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. І Ён, убачыўшы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.

І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: Хто ён такі, што блюзніць? Хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?

Зразумеўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: Як думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: устань і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі. Сказаў Ён спаралізаванаму: Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго. І адразу, устаўшы перад імі, ён узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да дому сваго, славячы Бога.

І здзіўленне ахапіла ўсіх, і славілі Бога, і, напоўненыя страхам, казалі: Дзіўныя рэчы бачылі мы сёння.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Езус, кіруючы уважлівы позірк на спаралізаванага чалавека, якога да Яго прынеслі, дасягае глыбіні яго душы і распазнае грахі, што чакаюць адпушчэння. Аздараўленне з хваробы, якое наступае праз хвіліну, з’яўляецца толькі знешнім знакам духоўнай падзеі, значэнне якой нашмат большае. Для нас гэта заахвота, каб мы не паддаваліся роспачы, калі здаецца, што нашыя малітвы застаюцца нявыслуханымі. Езус глядзіць у глыб спраў, якія мы Яму прадстаўляем, і аздараўляе не тое, што мы бачым, але сваёй моцай чыніць тое, што для нашых вачэй можа быць нябачным.

Разважанні Кс. Яна Канарскага, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Адвэнт, Разважанні, Панядзелак

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.