Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Аўторак — Першы тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 11, 1–10
Спачне на Ім Дух Пана

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень:

Выйдзе парастак з пня Есэевага,
і атожылак з кораня ягонага прынясе плод;
і спачне на ім Дух Пана,
дух мудрасці і разумення,
дух парады і моцы,
дух пазнання і боязі Пана.
Напоўніцца баяззю Пана,
і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх,
і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць.
Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці,
і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе;
і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю,
і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага.
І будзе справядлівасць паясам на бёдрах Яго,
і вернасць - поясам на сцёгнах Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам,
і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
і цяля, і малады леў, і вол будуць разам,
а малы хлопчык будзе паганяць іх.
І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай,
і дзеці іх будуць ляжаць разам,
і леў, як вол, будзе есці салому.
І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда,
і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі.
Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй,
бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана,
як водамі напаўняецца мора.
І будзе ў той дзень:
корань Есэя, што стане сцягам для народаў,
будуць шукаць язычнікі,
і стане слаўным месца ягонага адпачынку.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 72 (71), 1–2. 7–8. 12–13. 17 (Р.: пар. 7)

Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.

1. Божа, дай суд Твой каралю, *
і сыну караля — Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх — паводле права.

Рэфрэн:

7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад ракі аж да краю зямлі.

Рэфрэн:

12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, *
і прыгнечанага, які дапамогі не мае.
13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім, *
і душы бедных Ён уратуе.

Рэфрэн:

17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, *
пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае.
Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, *
будуць славіць Яго ўсе народы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзе наш Пан з моцай вялікай,
і асветліць вочы сваіх слугаў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 21–24
Езус узрадаваўся ў Духу Святым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час ўзрадаваўся Езус у Духу Святым і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.

Усё перададзена мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, апроч Айца, і хто ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць.

І, звярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы! Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы — і не ўбачылі, і чуць тое, што чуеце вы — і не пачулі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Стаць як дзеці

Мэтай адвэнтавай дарогі з’яўляецца Божае Нараджэнне, наша спатканне з Дзіцяткам Езус. На самым пачатку гэтага шляху мы чуем заклік, каб стаць як дзеці. Гэта азначае, што нам трэба распачаць асаблівую працу над сабой. У наступныя дні пачуем заклік, каб рабіць простай дарогу нашага жыцця, гэта значыць парваць з грахом. Аднак гэтага недастаткова. Нам трэба не толькі ачысціць сваё сэрца, але таксама скіраваць яго ў адпаведны бок, каб мы маглі спаткацца са Збаўцам, Які прыходзіць да нас менавіта як малое Дзіця. Калі мы гэтага не зробім, то можам прайсці ўвесь шлях адвэнтавай падрыхтоўкі і размінуцца з Езусам. Тады б нам абмінула вялікае шчасце, якое было прагненнем даўніх прарокаў і каралёў.

Хрысце, патрабую сапраўднай мудрасці і разважлівасці, каб зразумець, што мне трэба стаць як малое дзіця. Тады я пазнаю Цябе і Айца, і Яго любоў, якую Ён аб’явіў праз Тваё нараджэнне.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Адвэнт, Разважанні, Аўторак

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.