Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Пятніца XXXIV звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 20, 1–4. 11 — 21, 2 
І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных, і ўбачыў я новы Ерузалем, які сыходзіў з неба

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і скаваў яго на тысячу гадоў, і ўкінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паставіў над ёй пячатку, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за слова Божае. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на чало сваё і на руку сваю. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.

І ўбачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. І разгарнулася іншая кніга — кніга жыцця. І судзілі мёртвых згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. Тады аддало мора мёртвых, якія былі ў ім, і смерць, і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных. А смерць і пекла былі ўкінутыя ў возера вогненнае. Возера вогненнае — гэта другая смерць. І калі некага не знайшлі запісаным ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, як нявеста, упрыгожаная для свайго мужа.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 84 (83), 3. 4. 5–6а і 8а (Р.: Ап 21, 3b)

Рэфрэн: Вось скінія Бога з людзьмі.

3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.

Рэфрэн:

4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка сабе гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.

Рэфрэн:

5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
8. Моц іхняя будзе ўзрастаць.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 29–33
Калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам, не міне пакаленне гэтае, як усё збудзецца. Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Час выпрабавання

Узгаданы Езусам прыклад смакоўніцы паказвае, што свет паспеў для суду. Вучні Езуса павінны пазнаць гэта па знаках, якія папярэджваюць Яго другое прыйсце. Яны сведкі разбурэння Ерузалема, пераследу і катаклізмаў на небе і на зямлі. Гэтак жа як прырода, якая абуджаецца і квітнее вясной, абвяшчае поўню лета і час жніва, так і ўсе гэтыя знакі павінны падрыхтаваць веруючых да апошняга часу і суду. Гэты перыяд папярэджвае час выпрабаванняў. Менавіта тады аб’явіцца тое, то для нас найважнейшае і чым мы прагнем жыць. Тады таксама выявіцца, ці годныя мы таго, што нашыя імёны запісаныя на небе, каб яно стала нашым жыллём.

Езу, ужо заканчваецца літургічны год, які прыпамінае нам, што ўсё прамінае. Але Твае словы трываюць, бо іх сутнасць – жыццё. Дзякуючы ім я маю вечнае жыццё і моц, каб чыніць дабро.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Пятніца

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.