Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер XXXIV звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 18, 1–2. 21–23; 19, 1–3. 9а 
Упаў вялікі Бабілён

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў уладу вялікую, а зямля асвятлілася ад славы ягонай. І ўсклікнуў ён моцным голасам, кажучы: Упаў, упаў вялікі Бабілён, стаўся жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, і прыстанішчам усякай нячыстай птушкі, і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду.

І адзін магутны Анёл узяў камень, падобны да вялікага жарна, і ўкінуў у мора, кажучы: З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго. І голасу гусляроў і песняроў, і флейтыстаў, і трубачоў у табе больш не будзе чутна. Не будзе ўжо ў табе ніякага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе. І святло лямпы ўжо не з’явіцца ў табе. І голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чуваць у табе. Бо купцы твае былі вяльможамі зямлі, бо чарадзействам тваім зведзеныя ўсе народы.
Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі:
Аллелюя!

Збаўленне і слава,
і моц Бога нашага,
бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя,
бо Ён асудзіў вялікую распусніцу,
якая нішчыла зямлю сваёй распустай,
і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі.
І другі раз сказалі:
Аллелюя!
І дым яе ўзносіцца на вякі вечныя.
І сказаў мне Анёл: Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 100 (99), 2. 3. 4. 5 (Р.: Ап 19, 9а)

Рэфрэн: Шчаслівыя пакліканыя на вячэру Ягняці.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 20–28
Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады ўсе, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць з яго, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым ў тыя дні, бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.

І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Катаклізмы прадвяшчаюць адкупленне

З даўніх часоў кажуць пра канец свету, нават называюць канкрэтную дату яго надыходу. Такая думка ад самага пачатку хвалявала таксама вучняў Езуса. Езус Хрыстус прадказаў, што Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, а гэта будуць суправаджаць вялікія знакі на небе і ўціск на зямлі. Ці гэта будзе канец свету? Невядома. Дзень яго прыйсця невядомы нікому з людзей. Аднак мы ведаем словы Езуса, Які кажа, каб ў гэты час выпрастацца і падняць галовы, ба набліжаецца нашае адкупленне. Гэта будзе час другога прыйсця Сына Чалавечага, Які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай і возьме выбраных. Шчаслівы той, хто атрымае гэту ласку, бо тады для яго распачнецца новы і лепшы свет.

Пане, з радасцю чакаю таго, што іншым здаецца вялікай трагедыяй і канцом свету. Ведаю, што гэтыя цяжкія хвіліны павінны ачысціць і падрыхтаваць мяне да сустрэчы з Табой.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.