Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 5, 1–10 
Ягнец забіты сваёю крывёю адкупіў нас з кожнага племені

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў у правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі. І бачыў я магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць пячаткі з яе? І ніхто не мог ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе. І я моцна плакаў таму, што не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе.

Тады адзін са старцаў сказаў мне: Не плач, вось леў з племені Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць сем пячатак яе. І я ўбачыў, што пасярод трона, і чатырох жывых істотаў, і сярод старцаў стаяў Ягнец нібы забіты, і меў сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю.

І прыйшоў Ягнец, і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне. І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых. І спяваюць яны новую песню, кажучы:

Ты годны ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі,
бо Ты быў забіты,
і сваёй Крывёю Ты адкупіў нас для Бога
з кожнага роду і мовы, і племені, і народа,
і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага,
і мы будзем валадарыць на зямлі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 149, 1–2. 3–4. 5–6а і 9b (Р.: Ап 5, 10)

Рэфрэн: Ты зрабіў нас валадарствам для нашага Бога.
Або: Аллелюя.

1. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.

Рэфрэн:

3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і гарфе.
4. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.

Рэфрэн:

5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
6. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 41–44
Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Пан заўсёды глядзіць з любоўю

На схіле Аліўнай гары стаіць маленькі касцёл, з якога адкрываецца цудоўны від на Ерузалем. Яго назва (“Пан заплакаў”) і форма (павернутая сляза) прыпамінаюць тую падзею, пра якую чытаем у Евангеллі. Езус заплакаў над Святым Горадам, таму што той не распазнаў часу сваіх адведзінаў. У гэтым было спаўненне даўнейшых прароцтваў. Яшчэ прарок Ісая прадказваў прыйсце Князя Супакою, Ерамія – Пана, які будзе справядлівасцю, а Іоіль – Дух Божы, які выльецца на ўсіх. Езус, Які прыйшоў, не толькі адчытаў сэнс гэтых прароцтваў, але выканаў іх. Аднак не распазнанне часу выканання прароцтваў і адведзінаў заканчваецца трагічна. Той, хто не пазнае, іншымі словамі, не любіць свайго Пана, загіне.

Хрыстэ, Ты прыходзіш да мяне і пазіраеш на мяне. Ведаю, што гэта заўсёды позірк любові. Усведамляю таксама, што маё грэшнае жыццё можа быць прычынай Тваіх слёз.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.