Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 3, 1–6. 14–22
Калі хто адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу сардыйскага Касцёла: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Богам маім.

Узгадай, што ты прыняў і чуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. Але ты маеш у Сардысе некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю яго імя перад Айцом Маім і перад Анёламі Ягонымі. Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа Касцёлам.

І напішы Анёлу лаадыкійскага Касцёла: Так кажа Амэн, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак стварэння Божага. Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы. Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы, – а не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам галечы тваёй. Бальзамам памаж вочы свае, каб бачыць. Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.

Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго. Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касцёлам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 15 (14), 2–3a. 3bс–4ab. 5 (Р.: Ап 3, 21)

Рэфрэн: Пераможцу дам сесці са Мною на троне.

2. Той, хто паступае беззаганна*
і здзяйсняе справядлівасць,
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.*
3. Хто языком сваім не абмаўляе.

Рэфрэн:

Хто не чыніць бліжняму свайму зла,*
не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць,*
не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 4, 10b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго
як уміласціўленне за грахі нашыя.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 1–10
Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.

Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме.

Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.

А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.

Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Езус прыносіць нам збаўленне

Сцэна з Закхеем зачароўвае. Зноў мы ў Ерыхоне, які размяшчаецца ў самым нізкім месцы зямлі. Там чалавек нізкага росту залазіць на смакоўніцу, каб убачыць Езуса. Аднак гэта Езус заўважае і пазнае Закхея. Можа гэта быў першы раз, калі хтосьці паглядзеў на яго з любоўю. Ён быў вырваны з комплексу нязначнасці, які імкнуўся кампенсаваць сабе назбіраным багаццем. З таго моманту, як Закхей спусціўся, у ім адбылася вялікая перамена. Ён знайшоў свой праўдзівы вобраз і велічыню. Навяртанне адбылося не праз заўвагі, але дзякуючы ўзнятым вачам Езуса. Хрыстус прынёс яму багацце, якога ў яго не было, а менавіта збаўленне. Гэты найбольшы скарб Закхей атрымаў сёння, з момантам прыйсця Езуса.

Пане, гэта Ты першы глядзіш з любоўю на таго, хто прагне Цябе ўбачыць. Ведаю, што мне не трэба залазіць высока, бо Ты блізка ля мяне. Прыйдзі да мяне і адары мяне збаўленнем.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Аўторак, Разважанні

Друкаваць