Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

XXXIII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 19–20а 
Для вас узыдзе сонца справядлівасці

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ. Тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, – кажа Пан Магуццяў, — так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 98 (97), 5–6. 7–8. 9 (Р.: пар. 9)

Рэфрэн: Прыйдзе Пан судзіць народы справядліва.

5. Грайце Пану на гуслях, *
на гуслях і на гарфе.
6. Пад гучанне трубаў і рога *
радасна ўсклікайце перад Панам і Валадаром.

Рэфрэн:

7. Няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе, *
сусвет і тое, што жыве ў ім.
8. Няхай рэкі пляскаюць у далоні; *
няхай узрадуюцца разам горы.

Рэфрэн:

9. Перад абліччам Пана, які надыходзіць, *
бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва *
і народы паводле праўды.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Тэс 3, 7–12 
Калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не чынілі беспарадку сярод вас і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас. Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для наследавання нас.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам, што калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць. Але чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у беспарадку: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі. Такім загадваем і заклінаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі свой уласны хлеб.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 5–19 
Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», – і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.

Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе.

Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Цярпеннем уратуем жыццё

Ці напаўняе нас страхам разуменне таго, што гэта на нашых вачах спаўняюцца словы Езуса, якія прадказваюць канец свету? Тайфуны на Далёкім Усходзе, пераслед хрысціян на Блізкім Усходзе, адданне вучняў Хрыста ў вязніцы, забойствы дзяцей іх бацькамі, а бацькоў іх дзецьмі, нянавісць да хрысціян – гэта некаторыя прыклады таго, што адбываецца. Напрыканцы літургічнага года Езус звяртае нашу ўвагу на канец свету. Аднак Ён кажа гэта не для таго, каб узбудзіць у нас страх, але наадварот – вялікую надзею. Езус запэўнівае нас, што сярод найбольшых катаклізмаў нават волас з нашай галавы не прападзе. Мы павінны быць вытрывалыя, бо цярпеннем сваім уратуем жыццё.

Езу, прымаю кожнае Тваё Слова сваім сэрцам, бо яно ўзмацняе мяне на ўсіх сцежках. Дай мне Твайго Духа, каб я мог сведчыць аб праўдзе Твайго Евангелля.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Нядзеля

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.