Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер XXXII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флм 7–20 
Ужо не як слугу, але як брата ўмілаванага, прымі яго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філімона.

Умілаваны:

Мы маем вялікую радасць і суцяшэнне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, заспакоены сэрцы святых. Таму, хоць і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадваць табе тое, што трэба, хутчэй прашу цябе з любоўю. Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах. Некалі ён быў бескарысны для цябе, а цяпер карысны і для цябе, і для мяне. Адсылаю яго да цябе, а ты прымі яго — гэта маё сэрца.

Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за Евангелле. Але без тваёй згоды нічога не хацеў бы рабіць, каб добрая справа твая была не з прымусу, а з добрай волі. Бо, можа, ён дзеля таго аддаліўся ад цябе на пэўны час, каб ты прыняў яго назаўсёды ўжо не як слугу, але больш чым слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мне, а тым больш для цябе, і паводле цела, і ў Пану.

Таму, калі лічыш мяне супольнікам, то прымі яго, як мяне. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, або вінаваты табе, палічы гэта мне. Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я адплачу, ужо не кажучы табе пра тое, што ты вінаваты мне больш за самога сябе. Так, браце, няхай я атрымаю ад цябе карысць ў Пану: заспакой маё сэрца ў Хрысце.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 146 (145), 6с–7. 8–9а. 9bc–10 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы, каму дапамагае Бог Якуба.
Або: Аллелюя.

6. Бог навекі захоўвае вернасць. *
7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 5

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 20–25 
Валадарства Божае ёсць унутры вас

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Фарысеі спыталіся ў Езуса, калі прыйдзе Валадарства Божае. І Ён адказаў ім: Не прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і не скажуць: вось тут, — або: там. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас.

Сказаў таксама вучням: Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. І скажуць вам: вось там, — або: вось тут, — але вы не ідзіце і не ганіцеся. Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Валадарства Божае ёсць сярод нас

Пытанне аб прыйсці Божага Валадарства паўставала раней і часта паўстае сёння. Яго можна ўспрымаць як дапытванне аб тым, ці надыдуць нарэшце лепшыя часы альбо канец свету. Апошнім часам было шмат розных прадказанняў. Ад часу да часу з’яўляецца сенсацыйная інфармацыя, якая паказвае: тут і цяпер. Сённяшні адказ Езуса на пытанне фарысея паказвае на Яго самога: ёсць сярод вас. Яно наступіла і пачало развівацца разам з Яго прыйсцем. Аб гэтым сведчаць шматлікія аздараўленні, прабачэнне грахоў, а таксама абвяшчэнне Евангелля – гэта вялікі год ласкі ад Пана. Такім чынам і сёння павінна ўзрастаць Божае Валадарства.

Езу, Твая прысутнасць сярод нас з’яўляецца прадчуваннем вечнай радасці ў Божым Валадарстве. Ты ўдзяляеш яе без аніякіх нашых заслуг. Прымаю гэты дар і клапачуся аб тым, каб яго не страціць.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Разважанні

Друкаваць