Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

XXXII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 7, 1–2. 9–14 
Валадар свету ўваскрасіць нас да вечнага жыцця

Чытанне Другой кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Здарылася, што сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам. Адзін з іх, прамаўляючы ад імя астатніх, сказаў так: Пра што хочаш спытацца або пра што даведацца ад нас? Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы.

А другі брат на апошнім дыханні сказаў: Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон.

Пасля гэтага катавалі трэцяга. На патрабаванне даць язык адразу ж высунуў яго, адважна выцягнуў рукі і з годнасцю сказаў: З неба іх атрымаў, але дзеля Яго законаў пагарджаю імі, бо спадзяюся зноў атрымаць іх ад Яго. Нават сам кароль і ўсе, хто быў з ім, дзівіліся адважнасці юнака, які зусім не зважаў на пакуты.

Калі памёр і той, катавалі чацвёртага, здзекуючыся падобным чынам. Канаючы, той сказаў: Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя. А для цябе няма ўваскрашэння да жыцця.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 17 (16), 1. 5–6. 8 і 15 (Р.: 15b)

Рэфрэн: Буду насычацца Тваім абліччам, Пане.

1. Выслухай, Пане, маю справядлівасць, *
пачуй маю просьбу,
прымі маю малітву *
з вуснаў неілжывых.

Рэфрэн:

5. Умацуй мае крокі на Тваіх шляхах, *
каб не пахіснуліся мае ногі.
6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.

Рэфрэн:

8. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, *
у цені Тваіх крылаў схавай мяне.
15. Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча, *
калі прачнуся, буду насычацца Тваім абліччам.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Тэс 2, 16 — 3, 5 
Бог умацуе вас у кожнай справе і добрым слове

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, няхай заахвоціць сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове.

Дык вось, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і праслаўлялася, як гэта ёсць сярод вас, і каб мы ўратаваліся ад падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера. Але верны ёсць Пан. Ён умацуе вас і захавае ад злога. Мы ўпэўненыя наконт вас у Пану, што выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем. А Пан няхай накіруе сэрцы вашыя да Божай любові і да Хрыстовай цярплівасці.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ап 1, 5b–6b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус — першародны сярод памерлых;
Яму слава і моц на вякі вечныя.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 20, 34–38 
Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана «Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба». Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Вера ў жыццё вечнае

Вучань Езуса жыве для жыцця вечнага, а не толькі для гэтых кароткіх дзён на зямлі. Аднак вызнаваць Хрыста і пайсці за Ім вельмі часта патрабуе незвычайна радыкальнай паставы ў адносінах да гэтага свету. Мы добра ведаем, што не заўсёды проста паставіць Хрыста на першае месца ў штодзённым жыцці. Аднак калі мы так зробім, у адрозненні ад садукеяў і тых усіх, якія сёння не маюць веры, то, як запэўнівае нас Езус, мы будзем прызнаныя годнымі асягнуць вечнасць і паўстаць з памерлых. Праўда, якая выражаецца ў словах: Калі паўстану з памерлых, буду бачыць Бога, станецца нашым удзелам. Без веры і надзеі жыццё хрысціяніна было б вялікай недарэчнасцю і пройгрышам.

Пане, найбольшай нашай памылкай з’яўляецца адсутнасць веры ў вечнае жыццё, таму што гэтым мы пазбаўляем сябе ўдзелу ў Тваёй радасці, якая не мае канца. Таму веру, бо хачу жыць.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Нядзеля

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.