Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота XXXI звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 10–19
Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што зноў ажыў ваш клопат пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць. Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне. Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё.

Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводны касцёл, апроч вас адных, не далучыўся да мяне ў справе давання і прыняцця. Вы таксама і раз, і два дасылалі мне ў Тэсалоніку на патрэбу. Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на карысць вашую.

Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі – салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 112 (111), 1–2. 5–6. 8а і 9 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана.
Або: Аллелюя.

1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.

Рэфрэн:

5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае, *
які справядліва вядзе свае справы.
6. Ён не пахіснецца ніколі, *
у вечнай памяці будзе справядлівы.

Рэфрэн:

8. Умацаванае сэрца яго не будзе баяцца. *
9. Раскідаў, раздаў бедным;
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная ўзвысіцца ў славе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 8, 9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 16, 9–15
Калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Казаў Езус сваім вучням: Здабывайце сяброў сабе несправядівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.

Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.

І сказаў ім: Вы з’яўляецеся тымі, хто апраўдвае сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо, што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Давяраць Богу

Пасля несправядлівага эканома сёння размова ідзе пра несправядлівую мамону, дзякуючы якой належыць здабываць сяброў. Чуем таксама сцверджанне, што мы не можам служыць Богу і мамоне. Гэта арамейскае слова азначае багацце, якому чалавек пакланяецца. Калі мы вельмі ўважліва прыгледзімся да гэтага слова, то можам заўважыць, што яго сярэдняя частка вельмі блізкая да нашага слова амэн. І так ёсць: мамона і амэн паходзяць ад аднаго і таго ж дзеяслова, які азначае пакладаць надзею, верыць камусьці ці чамусьці, на прыклад, несправядліва здабытаму багаццю. Вучань Езуса не можа казаць амэн Богу і мамоне. Давяраць трэба толькі Богу, бо Ён ёсць Адзіным Богам, а грошы павінны выконваць службовую ролю.

Хрысце, служыць Табе – гэта жыць любоўю і праўдай, а служыць мамоне – гэта выбар хцівасці і падману. Адно з другім нельга злучыць, таму аддаю Табе сэрца на асаблівую службу.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Субота

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.