Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

2 лістапада — Успамін усіх памерлых вернікаў

Першая Імша

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 19, 1. 23–27а
Я ведаю: Адкупіцель мой жыве

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў сказаў у адказ:

О, каб былі запісаны словы мае! Каб былі змешчаны ў кнізе, каб жалезным разцом з волавам навекі былі выразаныя на камені!

Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 27 (26), 1. 4. 7 і 8b і 9а. 13–14 (Р.: 1а або Р.: 13)

Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.
Або: Убачу дабрыню Пана ў краіне жывых.

1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

4. Аднаго я прашу ў Пана і толькі гэтага жадаю, *
каб жыць мне ў доме Пана ва ўсе дні жыцця майго.
Каб сузіраць хараство Пана *
і наведваць Яго святыню.

Рэфрэн:

7. Пачуй, Пане, голас мой, калі я клічу, *
змілуйся нада мною і адкажы мне.
8. Буду шукаць Твайго аблічча, Пане. *
9. Не хавай ад мяне свайго твару.

Рэфрэн:

13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 20–23 
У Хрысце ўсе будуць ажыўлены

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, гэтак праз Чалавека і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ап 1, 5а. 6b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус першароднага сярод памерлых;
Яму хвала і моц на вякі вечныя. Амэн.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 23, 44–46. 50. 52–53
Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэта, сканаў.

І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, дарадчык Вялікай Рады, чалавек добры і справядлівы, які не згаджаўся з яе пастановай і ўчынкамі, які чакаў Валадарства Божага, прыйшоў да Пілата і папрасіў цела Езуса. І зняўшы Яго, захінуў у палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля

Калі мы прыглядаемся да магіл нашых блізкіх, неаднаразова ў нас нараджаецца пытанне аб сэнсе смерці, а таксама аб сэнсе жыцця. Яго адкрывае перад намі Хрыстус, Які памёр, быў пахаваны ў магіле, уваскрос і жыве. Хрыстус, Які збаўляе. Прымаючы ўдзел у св. Імшы, якая ўспамінае смерць і ўваскрасенне Езуса, мы можам спадарожнічаць Хрысту ў пасхальных падзеях. Сёння будзем жа прасіць для ўсіх верных памерлых аб удзеле ў пладах Яго Пасхі, Яго перамозе над смерцю, і аб новым жыцці.

Анна Новак, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко



Другая Імша

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 12, 1–3 
Тыя, хто спіць ў пыле зямным, абудзяцца

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні я, Даніэль, смуткаваў і пачуў такое слова Пана:

Паўстане ў той час Міхал, князь вялікі, які стаіць для абароны сыноў народа твайго. І надыдзе цяжкі час, якога не было з таго моманту, калі пачалі існаваць народы, аж да гэтай пары. І ў той час збавіцца народ твой, кожны, каго знойдуць запісаным у кнізе. І многія з тых, хто спіць ў пыле зямным, абудзяцца: адны — да вечнага жыцця, другія — на вечную ганьбу. І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 42 (41), 2–3. 5bcd; Пс 43 (42), 3. 4. 5 (Р.: пар. Пс 42 (41), 3а)

Рэфрэн: Душа мая прагне Цябе, Бога жывога.

2. Як лань прагне вады з патоку, *
так душа мая прагне Цябе, Божа.
3. Душа мая прагне Бога, Бога жывога, *
калі я пайду і з’яўлюся перад Божым абліччам?

Рэфрэн:

5. Я ўваходзіў са святочнай грамадой *
у цудоўны шацёр, у Дом Божы
сярод воклічаў радасці *
і з падзякаю.

Рэфрэн:

3. Пашлі святло Тваё і Тваю праўду, *
няхай яны мяне вядуць,
яны прывядуць мяне на Тваю святую гару *
і да Твайго жылля.

Рэфрэн:

4. Я прыйду да Божага алтара, *
да Бога радасці і вяселля майго,
і буду славіць Цябе на арфе, *
Божа, мой Божа.

Рэфрэн:

5. Чаму, душа мая, ты сумуеш *
чаго ты ўва мне стогнеш?
Спадзявайся на Бога, бо яшчэ буду славіць Яго, *
Збаўленне майго аблічча і майго Бога.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 6, 3–4. 8-9
Мы будзем хадзіць у абноўленым жыцці

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 3, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага;
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 11, 32–45
Лазар, выйдзі вонкі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна

У той час:

Калі Марыя, сястра Лазара, прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: Пане, калі б ты быў тут, брат мой не памёр бы. Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус падняў вочы ўверх і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля

Езус Хрыстус стаў падобным да нас ва ўсім, апрача граху. Выразам любові Хрыста да чалавека з’яўляецца таксама Яго прыпадабненне да нас у смерці і пахаванні ў магіле. Так як Ён даканца меў удзел у тым, што чалавечае, мы таксама можам у поўні мець удзел у тым, што Божае – Яго уваскрасенні і хвале. Мы верым, што таксама ўсе верныя памерлыя, якія прыналежаць да Хрыста, на моцы святога хросту атрымаюць новае жыццё ў супольнасці з Найсвяцейшай Тройцай і святымі.

Анна Новак, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко



Трэцяя Імша

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 3, 1–6. 9 
Прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Душы справядлівых у руках Бога
і не дакранецца да іх ніякая пакута.
У вачах неразумных здавалася, што яны памерлі,
а іх смерць лічылася няшчасцем,
іх адыход ад нас лічыўся знішчэннем,
а яны спачываюць у спакоі.
Хоць у вачах людзей яны здаваліся пакаранымі,
іх надзея поўная несмяротнасці.
Пасля невялікага пакарання
яны атрымаюць вялікія даброты,
таму што Бог выпрабаваў іх
і прызнаў годнымі сябе.
Выпрабаваў іх, як золата ў печы,
і прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення.
Хто спадзяецца на Яго, той зразумее праўду,
а верныя будуць трываць пры Ім ў любові,
бо ласка і міласэрнасць будзе для Яго выбраных.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 103 (102), 8–10. 13–14. 15–16. 17–18 (Р.: 8а або Р.: 37 (36), 39а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.
Або: Збаўленне справядлівых паходзіць ад Пана.

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
10. Не чыніць з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.

Рэфрэн:

13. Як літуецца бацька над сынамі, *
змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.
14. Бо Ён ведае, з чаго створаны мы; *
памятае, што мы з’яўляемся пылам.

Рэфрэн:

15. Дні чалавека — як трава, *
як палявая кветка, ён цвіце.
16. Вецер падзьме над ім, і больш яго няма, *
і ўжо месца ягонае не пазнáе яго.

Рэфрэн:

17. Але міласэрнасць Пана спрадвеку +
і аж навекі над тымі, хто Яго баіцца; *
і справядлівасць Яго над сынамі сыноў.
18. над тымі, то захоўвае Ягоны запавет *
і помніць пра выкананне Ягоных наказаў.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 14 — 5, 1
Што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Мы ведаем, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы. Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек і тлее, духоўны з дня ў дзень абнаўляецца. Часовае лёгкае цярпенне нашае дае нам бязмернае багацце вечнай славы, калі мы зважаем не на бачнае, а на нябачнае. Таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае!

Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 6, 40

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Такая воля Айца Майго, каб кожны, хто верыць у Сына,
меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 14, 1–6
У доме Айца Майго шмат святліц

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.

Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?

Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля

Сярод усіх патаемных прагненняў у сэрцы чалавека ёсць адно асаблівае, а менавіта прагненне жыцця ў блізкасці Бога, якое тут на зямлі найбольш дасканала рэалізуецца тады, калі мы прымаем Хрыста ў Эўхарыстыі. У Евангеллі пачуем аб прагненні Езуса, якое праяўляецца ва ўсёй Яго місіі: Ён прагне, каб мы былі блізка Яго; хоча, каб мы жылі там, дзе Ён, у доме Айца. Ён рыхтуе для нас месца, чакае і прыйдзе паўторна, каб забраць кожнага з нас да Сябе. Будзем жы сёння выпрашаць ласку жыцця вечнага для ўсіх верных памелых і прасіць аб добрую смерць для нас, якія жывём.

Анна Новак, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Успамін усіх памерлых, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.