Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

XXX Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 35, 12–14. 16–18
Малітва пакорнага пранікае праз аблокі

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пан — справядлівы суддзя,
які не зважае на асобы.
Ён бесстаронні ў дачыненні да беднага
і выслухае малітву пакрыўджанага.
Ён не адкіне просьбаў сіраты і ўдавы,
якая вылівае скаргу сваю.
Хто служыць Богу, будзе прыняты ласкава,
і яго малітва ўзыдзе да аблокаў.
Малітва пакорнага пранікае праз аблокі
і не супакоіцца, пакуль не наблізіцца да Бога,
і не адступіць, пакуль Найвышэйшы не пачуе яе
і не ўчыніць суд як справядлівы суддзя.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 34 (33), 2–3. 17–18. 19 і 23 (Р.: 7а)

Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
6. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *
каб памяць пра іх сцерці з зямлі.
18. Яны клічуць, і Пан чуе, *
і ад усіх бедаў іх выбаўляе.

Рэфрэн:

19. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, *
і зламаных духам Ён збаўляе.
23. Пан выбаўляе душы слугаў сваіх, *
і кожны, хто на Яго спадзяецца, не будзе пакараны.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 6–9. 16–18.
А цяпер рыхтуецца мне вянок справядлівасці

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, справядлівы Суддзя, у дзень той. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне. Пастарайся прыйсці да мяне неўзабаве.

Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі, і каб пазбег я ільвінай пашчы. Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарста. Яму слава на вякі вякоў. Амэн.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог у Хрысце яднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 18, 9–14
Мытнік пайшоў у дом свой апраўданы, а не фарысей

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Урок пакоры

Фарысей размаўляе не з Богам, але з самім сабой. Гэта не малітва, а толькі пералічэнне ўласных заслуг, апафеоз уласнай дасканаласці. Без сумнення, дзесяціны, пасты і выкананне запаведзяў былі вялікім дабром у яго жыцці. Аднак яны былі памылкова пераацэненыя, таму сталі пунктам параўнання з іншымі людзьмі. Гэта сведчыць пра вялікую пыху фарысея, якая ўзвысіла яго не толькі над іншымі людзьмі, але таксама ўзняла яго вышэй самога Бога. Паводзіны фарысея сведчаць, што Бог яму ўжо не патрэбны, а да дасканаласці можа дайсці сам, без Божай ласкі. Пастава мытніка, як і яго жыццё, цалкам адрознівалася. Ён усведамляе свае слабасці, просіць аб міласэрнасці, дзякуючы чаму адыходзіць апраўданы.

Хрысце, дзякую Табе за гэты вялікі ўрок пакоры. Ува мне ёсць шмат ад фарысея, які ўзвышаецца па прычыне сваёй дасканаласці. Аднак я прагну стаць перад Табой як мытнік і прасіць аб літасці.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Нядзеля, беатыфікацыя

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.