Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

18 кастрычніка — свята св. Лукі, евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 10–17b
Толькі Лука са мною

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалонікі; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю. Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. Тыхіка я паслаў у Эфес. Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.

Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 145 (144), 10–11. 12–13аb. 17–18 (Р.: пар. 12)

Рэфрэн: Твае святыя, Пане, абвесцяць славу Тваю.

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, *
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

17. Пан справядлівы на ўсіх сваіх шляхах *
і верны ва ўсіх сваіх справах.
18. Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, *
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 15, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я выбраў вас і прызначыў,
каб вы ішлі і прыносілі плён,
і каб плён ваш трываў, — кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 1–9
Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Быць апосталам Тваёй праўды

Толькі евангеліст Лука кажа пра высланне так вялікай лічбы вучняў. Такім чынам мы можам дапускаць той факт, што ён быў у іх коле і дзейнічаў разам з іншымі. Менавіта разам з іншымі. Езус не высылае ў шлях самотна, але па двое абвяшчаць Добрую Навіну. Евангелле – гэта праўда пра блізкасць Бога, Які ёсць любоўю. Таму яно не можа абвяшчацца і перажывацца ў адзіноце. Прыбыццё вучняў напаўняе збаўчай прысутнасцю, якая нясе з сабой аздараўленне і супакой. Прысутнасць Бога ў Слове, якое абвяшчаецца, чыніць так, што ўжо не страшныя ні ваўкі ні штодзённыя клопаты. Мы таксама павінны стаць вучнямі і сведкамі Езуса і Яго Евангелля. Відавочная ж праўда, што належыць сведчыць аб тым, каго сапраўды любіш.

Пане, Ты з клопатам аб збаўленні чалавека пасылаеш сведкаў Евангелля, якія абвяшчаюць прыйсце Божага Валадарства. Адораны Тваім супакоем я прагну быць апосталам гэтай праўды.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Святы Лука, евангеліст

Аўтар трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і, далучыўшыся да яго паміж 50 і 51 гг., быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў.

Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр натуральнай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Сімвалам св. Лукі з’яўляецца вол, і гэта тлумачыцца тым, што евангеліст быў цярплівым і верным, як гэтая жывёла. Св. Луку называюць «песняром Божай міласэрнасці», бо толькі ў яго Евангеллі змешчана прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца. Ён таксама вельмі кранальна апісвае вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму лічыцца, што менавіта ён намаляваў першыя абразы Багародзіцы. Св. евангеліст Лука з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва. Яго імя носіць цэнтр «Карытас», размешчаны пад Мінскам.

Паводле catholic.by

Меткі: Свята, Аўторак, Разважанні

Друкаваць

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.